Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕНІНСКІ СУД МЕНСКУ АПРАЎДАЎ МАЛАДАФРОНТАЎЦА ЗЬМІТРА ДАШКЕВІЧА


Любоў Лунёва, Менск

Раніцай у гарадзкі аддзел міліцыі прыйшлі паплечнікі Зьмітра, журналісты й прадстаўнікі АБСЭ. Судзьдзя Валеры Жданок заслухаў сьведкаў з боку Дашкевіча, а таксама аднаго супрацоўніка міліцыі, які затрымліваў Зьміцера, і — спыніў справу з прычыны адсутнасьці складу правапарушэньня.

Зьмітра Дашкевіча міліцыянты забралі ў мінулы чацьвер а 6 гадзіне вечара з кватэры ягонага сябра і ноч пратрымалі ў пастарунку. Раніцай Зьмітра завялі ў аддзел эканамічных злачынстваў і там пагражалі арыштам за дробнае хуліганства, калі ён не прызнае растрату ў 140 тысячаў рублёў.

Уладзімір Лабковіч, які абараняў Зьмітра, лічыць, што ўлады перайшлі да новых мэтадаў ціску на актывістаў моладзевых рухаў. Нагадаем, што Зьміцер Дашкевіч адседзеў 10 сутак за тое, што нёс сьцяг у Дзень Волі.

(Лабковіч: ) "Дадзены працэс трэба разглядаць у зьвязку з тым, што ўлады распачалі крымінальны перасьлед удзельнікаў моладзевых рухаў. Дашкевіча спрабавалі праз крымінальны артыкул з самага пачатку прыцягнуць да адказнасьці, каб ён супрацоўнічаў з уладамі.

У аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі яго запалохвалі. Яму казалі, што яму ніхто не дапаможа, што ён будзе сядзець на Валадарцы, што правядзе там усё сваё жыцьцё і г.д. Яны спрабавалі гэтым зламіць Дашкевіча. Спроба потым пераўтварыць гэта ў адміністрацыйную справу цалкам рассыпалася ў судзе. Мы будзем дамагацца, каб супрацоўнікаў міліцыі, якія зьдзейсьнілі незаконныя дзеяньні, прыцягнулі да адказнасьці".

У судзе высьветлілася, што насамрэч Зьмітра затрымлівалі опэрупаўнаважаныя аддзелу барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю Дарашкевіч і Серада. Дарашкевіч сьцьвярджаў, што затрымаў Зьмітра насупраць міліцэйскага пастарунку, калі той стаяў і нецэнзурна лаяўся. Другі апэратыўнік — Серада — увогуле ў суд не зьявіўся. Вось як гэта пракамэнтаваў сам Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) "Мы з маім сябрам былі ў яго дома, калі прыехалі міліцыянты, што затрымалі мяне й прывезьлі сюды. Супрацоўнікі міліцыі нахабна хлусілі. Напісалі, што насамрэч, калі я быў дома — знаходзіўся на вуліцы й нецэнзурна лаяўся. Міліцыянт нават у судзе маніў. Дзіўна, што не чырванеў. Толькі вочы адводзіў, калі я глядзеў на яго. Другі міліцыянт, мабыць пабойваецца болей, чым гэты, таму й не зьявіўся ў суд. Прынясе потым якую-небудзь пісульку наконт таго, чаму яго не было, і ўсе справы".

Сёньня маладафронтаўцы падалі скаргу ў пракуратуру Ленінскага раёну на дзеяньні міліцыянтаў. Яны спадзяюцца, што пракуратура прыцягне да адказнасьці міліцыянтаў за службовы падман і незаконнае пазбаўленьне волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG