Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСЕЙСКІЯ ЗЬНІШЧАЛЬНІКІ ПАБЫВАЛІ Ў БАРАНАВІЧАХ


Валер Каліноўскі, Менск

Міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў сэрыю сваіх паездак па гарнізонах заходняга стратэгічнага кірунку распачаў зь Менску, з сустрэчаў з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком беларускага Мінабароны Леанідам Мальцавым. Сумесная калегія вайсковых ведамстваў разглядала, паводле словаў спадара Мальцава, пытаньні ўдасканаленьня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі:

(Мальцаў: ) “Рэгіянальная групоўка войскаў ужо створаная, яна ўжо ёсьць, і ўсе пытаньні, якія мы зараз вырашаем, — дзеля яе ўдасканаленьня. Але гэта не азначае, што ў цяперашніх умовах яна не забясьпечаная”.

Нягледзячы на гэткую ўпэўненасьць беларускага міністра, пакуль адкладваецца падпісаньне дамовы аб адзінай сыстэме рэгіянальнай супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі — яна дзейнічае ў рэжыме “аб’яднанай”.Тэкст дамовы па-ранейшаму ўзгадняецца, і пакуль ня вырашаныя пэўныя нюансы, у прыватнасьці, хто будзе ёю камандаваць, хто і як будзе прызначаць гэтае камандаваньне, — паведаміў расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў.

Тым ня менш, Сяргей Іваноў лічыць, што вайсковая інтэграцыя разьвіваецца больш пасьпяхова ў параўнаньні зь іншымі галінамі. Стратэгічная мэта гэтага супрацоўніцтва — стварэньне адзіных узброеных сілаў саюзнай дзяржавы:

(Іваноў: ) “Гэта пытаньне будучыні, тут патрэбныя палітычныя рашэньні, перш за ўсё кіраўніцтва. Як мэта гэта ўжо абвешчанае, і тут ніякіх сакрэтаў няма. Ня бачу ніякіх падставаў, каб нам ня йсці гэтым шляхам. Як доўна гэта будзе цягнуцца, я зараз сказаць не магу, але адпаведныя прапановы як міністры абароны мы робім увесь час”.

Беларускі калега Іванова Леанід Мальцаў падтрымлівае гэтую думку:

(Мальцаў: ) “Вайсковыя справы ня могуць ісьці наперадзе палітычных, і каб адказаць на пытаньне, ці будуць адзіныя ўзброеныя сілы, трэба адказаць, якая будзе дзяржава. Так, абавязковая тая пазыцыя, што сувэрэнітэт не губляецца... Але не абавязкова, маючы адзіную дзяржаву, ня мець адзіных узброеных сілаў. Могуць быць і адзіныя”.

А вось Павал Барадзін упэўнены, што адзіная армія будзе. Ён зрабіў выснову пра гэта зь нядаўніх эканамічных пагадненьняў паміж урадамі Беларусі і Расеі:

(Барадзін: ) “Гэтыя пагадненьні дазволяць ужо цяпер, у найбліжэйшы час будаваць адзіную эканоміку. А калі адзіная эканоміка, то і адзіная абарона, адзіная дзяржава, адзіная канстытуцыя і адзіны народ”.
XS
SM
MD
LG