Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АКТЫВІСТЫ БАЖ РАСПАВЯДУЦЬ ЭЎРАПЕЙСКІМ ДЭПУТАТАМ ПРА ПЕРАСЬЛЕД БЕЛАРУСКІХ ЖУРНАЛІСТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Абмеркаваньне праблемаў беларускіх СМІ было арганізаванае ў форме прэс-клюбу. Абмяркоўвалі дзьве праблемы — крымінальны перасьлед журналістаў "Пагоні" ды новы варыянт закону пра СМІ. Гаворыць прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналітсаў Жана Літвіна:

(Літвіна: ) "У чарговы раз засяродзіць увагу на самых вострых праблемах нашай рэчаіснасьці. Гэта завядзеньне крымінальных справаў супраць некалькіх газэтаў пасьля прэзыдэнцкай кампаніі, гэта закрыцьцё газэты "Пагоня", гэта той перасьлед, які адчуваюць на сабе нашыя калегі Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка.

Гэта ўстрывожанасьць той сытуацыяй, якая ўзьнікла ў Горадні — я маю на ўвазе тыя меры адміністрацыйнага ўзьдзеяньня супраць 13 журналістаў. Такое абыходжаньне з журналістамі за тое, што яны праявілі карпаратыўную салідарнасьць — гэта проста недапушчальна ў нармальным грамадзтве".

Кіраўніцтва БАЖ і шэраг галоўных рэдактараў недзяржаўных газэтаў выступілі са зваротам да ўладаў, у якім патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед Міколы Маркевіча й Паўла Мажэйкі, не парушаць свабоды слова, а дэпутатаў г.зв. палаты прадстаўнікаў заклікаюць адказна падыйсьці да абмеркаваньня новых законапраектаў пра інфармацыйную бясьпеку й пра СМІ, якія могуць значна абмежаваць правы журналістаў.

Прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі “Артыкул-19” зь Лёндану й Фонду абароны галоснасьці з Масквы казалі, што зробяць усё магчымае, каб данесьці да ўрадаў і грамадзкасьці сваіх краінаў інфармацыю пра цяжкую сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі.

А каардынатар эўрапейскіх праграмаў “Артыкулу-19” Фэдэрыка Прына сказала, што ўчора іхная арганізацыя дамовілася з прадстаўнікамі швэдзкага Гельсынскага камітэту пра каардынацыю дзеяньняў у справе абароны свабоды слова ў Беларусі.

Адзіны прадстаўнік уладаў, які ўдзельнічаў у працы круглага стала, начальнік прававой управы міністэрства інфармацыі Ігар Коваль заявіў, што міністэрства інфармацыі было супраць рашэньня Гаспадарчага суду пра закрыцьцё "Пагоні" й крымінальнага перасьледу журналістаў. Гаворыць Ігар Коваль:

(Коваль: ) "Мы ўважліва прааналізавалі сытуацыю з газэтай "Пагоня" і не знайшлі падставаў дзеля таго, каб прад'яўляць пазоў пра спыненьне яе дзейнасьці. Мы неадкладна накіравалі у Найвышэйшы гаспадарчы суд сваю заяву, дзе адмовіліся ад пазову. Мы думалі, што такім чынам справа “Пагоні” будзе спыненая".

Аднак пры гэтым Ігар Коваль дадаў, што сумняецца, каб цяпер міністэрства інфармацыі ўстала на актыўную абарону журналістаў.

Актывісты БАЖ, аднак, заявілі, што ня спыняць барацьбы за Міколу Маркевіча й Паўла Мажэйку. Заўтра многія галоўныя рэдактары недзяржаўных беларускіх газэтаў выяжджаюць у Страсбург, дзе распавядуць пра крымінальны перасьлед журналістаў з Горадні дэпутатам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
XS
SM
MD
LG