Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЛЕНСКАЯ АНТАЛЁГІЯ


Сяргей Дубавец, Вільня

Прыкмета сёньняшняе беларускае культуры – ня так проста разабраць, што важнае, а што не, што галоўнае, а што другаснае. Вось чаму як да індыкатара я зноў зьвяртаюся да тэмы Вільні. Нагодаю гэтым разам стаў зборнік гістарычнай літаратуры “Бацькаўшчына”, названы ў анатацыі “своеасаблівай анталёгіяй пра “беларускую” Вільню” і ўкладзены паэтам Сяргеем Панізьнікам у дзяржаўным выдавецтве “Юнацтва”.

Увогуле пра падобную паэтычную анталёгію гаворка пачалася яшчэ ў “Нашай Ніве” амаль дзесяць гадоў назад. Кніга дагэтуль ня выйшла, што тлумачыцца шуканьнем канцэпцыі.

Тымчасам на працягу ўсіх гэтых гадоў сваю віленскую анталёгію зьбіраў і паэт Сяргей Панізьнік. Летась ягоны плён пабачыў сьвет.

Гэта яшчэ не анталёгія ў дакладным сэнсе слова, а зборнік матэрыялаў. Тут сабраныя творы розных жанраў і аўтараў, якія не зьяднаныя адзінай эстэтычнай канцэпцыяй. Іх лучаць згадкі Вільні і арыентацыя на сярэдні й старэйшы школьны ўзрост.

Выглядае, што ўкладальнік і ня ставіў задачу адбору паводле тых ці іншых прынцыпаў, а меў на мэце сабраць максымум тэкстаў, прысьвечаных Вільні. Адбор калі й прысутнічае тут, дык я назваў бы яго стыхійным – што характэрна сёньня для ўсёй беларушчыны. І ў першую чаргу гэта тычыцца ідэалягізаваных твораў савецкага часу. Гэта сур’ёзная праблема, для якой у нас яшчэ не прыдумана ўнівэрсальнага вырашэньня.

Такім чынам, у сёньняшняй перадачы мы будзем гаварыць пра гэтыя вось праблемы, пра эстэтычную канцэпцыю віленскае анталёгіі і пра тое, якім чынам усё гэта вырашаюць нашы суседзі – палякі і літоўцы, якія нароўні з намі прэтэндуюць на засваеньне віленскай спадчыны.

Пачну з назвы гораду. У кнізе С.Панізьніка ўжываюцца два варыянты – уласна беларускі “Вільня” і так званы афіцыйны “Вільнюс”. Кажу “так званы”, бо ў кантэксьце беларускае дзяржавы і нашага нацыянальнага адраджэньня ён нічым не апраўданы. Такая назва старой сталіцы зьявілася ў БССР у 1939 годзе і носіць чыста каляніяльны характар. Акурат у 1939-м Сталін вырашыў, што Вільня будзе не беларускай і ня польскай, а літоўскай, гэта значыць, што і беларусы, як і іх “старэйшыя браты” расейцы, мусяць сваю старадаўнюю сталіцу, апетую ў вершах найлепшых сваіх паэтаў, называць на літоўскі манер – Вільнюс.

Такую назву гораду прынялі ўсе народы, якім гэты горад генэтычна чужы. Палякі, да прыкладу, ніколі не адмаўляліся ад свайго найменьня “Wilno”. Зрэшты, і літоўцы ніколі не зьмянялі свае ўласныя назвы як Вільні, так і іншых беларускіх гарадоў. Горадню завуць “Gardinas”, Наваградак – “Naugardukas” і гэтак далей. І толькі мы з усіх народаў, якім належыць віленская спадчына, апынуліся сярод тых, якім яна не належыць. Гэта значыць, адмовіліся. Яшчэ можна зразумець, чаму мы гэта рабілі за савецкім часам, пад прымусам. Але сёньняшняе адмаўленьне – добраахвотнае.

Генэтычнае паходжаньне выразна бачнае ўжо нават у паводзінах гэтых двух словаў – “Вільня” і “Вільнюс”. Першае – ці то рахманае, ці настолькі затурканае, што ніяк не праб’ецца ў сучаснасьць і ня стане “афіцыйным”. А вось другое – па-ранейшаму агрэсіўнае, драпежнае, захопніцкае. Яно для нас нават не літоўскае, а расейскае, маскоўскае, крамлёўскае.

Паважаны Іван Шамякін безь ніякае задняе думкі піша, што Янка Купала з Чурлёнісам жылі ў адным доме “ў Вільнюсе”. А жылі ж яны там, калі яшчэ слова такога не было – “Вільнюс”, і калі самі літоўцы называлі горад Вільняю. Да чаго гэтая агрэсія прыводзіць – вядома, да адчужэньня. І няма нічога дзіўнага, калі беларускі школьнік задумляецца над пытаньнем – якой гэта трасцы Скарына друкаваў свае кнігі, Каліноўскі падымаў паўстаньне, а нашаніўцы выдавалі першую газэту – і ўсё ў тым Вільнюсе? А Вільнюс той у пашыраных уяўленьнях – Прыбалтыка, ці то Літва, ці то Латвія, невядома дзе. Дарма што насамрэч – 180 кілямэтраў ад Менску, бліжэй за любы беларускі абласны цэнтар.

Зусім шчыльна да праблемы назвы прымыкае праблема савецкае спадчыны. Ня думаю, што сучаснага школьніка прывабіш расповедам пра камсамольскае юнацтва, шчымлівую дружбу Максіма Танка з Альбінасам Жукаўскасам ці “жывую плынь братэрства” – у чыста савецкім стылі. Ды й навошта, калі Вільня была і застаецца для беларуса найперш горадам таямніцаў. А ў кантэксьце ялейнае дружбы як раскажаш пра дзікунскія казачыя набегі, пра голы брук на месцы магілы Кастуся Каліноўскага або пра загадкавае забойства Францішка Аляхновіча ў часе мінулае вайны? І самае галоўнае – як выхаваеш у беларуса адчуваньне таго, што гэта і ягоны горад?

Цэлы пласт савецкіх твораў распавядае пра камсамольцаў на Лукішках, пра бальшавіцкія атакі, рэвалюцыйны парыў і падобнае, што наўрад ці будзе сёньняшнім школьнікам успрымацца адпаведна з жаданьнямі колішніх аўтараў. Тутсама і падкрэсьленая бесканфліктнасьць. Падкрэсьленая, бо сапраўдныя пэрыпэтыі адыходу Вільні да Літвы ў гэтым кантэксьце ніяк не праглядаюцца. Гэта адна пастка.

Другая – у савецкіх тэкстах замоўчваецца вялікае мноства віленскіх імёнаў, падзеяў і адрасоў, абсалютна важных для нашае культуры. Трэцяя пастка ў тым, што сучасны ўкладальнік усё адно выступае цэнзарам для савецкіх твораў. Вось чаму, да прыкладу, ніколі не патрапіць у падобныя анталёгіі верш Уладзімера Дубоўкі “Камсамолка Ганна” альбо “Сёмая гадавіна” Паўлюка Труса зь яе ўтапічнай сусьветнай рэвалюцыяй:

Прыйдзе час, i пад сьцягам свабоды
Павянчаецца зь Нёманам Вiсла,
I над Вiльняй зазьзяе пагодай, –
Хай панурыя хмары ня вiснуць!..

Не трапляе і рэвалюцыйны верш Міхася Чарота “Атаман”:

I застукала сэрца улана:
На зямлi нашай – больш не яздок...
Паглядзеў – мужыкоў як наслана!..
Чуе грозны загад атамана:
“Менск i Вiльня, а там – Беласток!..”

Эх, пайшлi!.. Зварухнулася сiла,
Толькi рэхаю стогне абшар...
Хоць сягоньня яшчэ i ня ў Вiльнi,
Але тут вось мужык гаспадар!

Не трапляе нават верш самога Янкі Купалы, дарэчы, не абы-які, бо Купала прысьвяціў яго свайму паэтычнаму спарышу Якубу Коласу:

Стуль паляцiм мы i да Вiльнi,
Дзе хлеб i соль дзялiлi спольна,
I ўсё агледзiм вокам пiльным
У Вiльнi, ўжо савецкай, вольнай.

Гэтыя прыклады я прывёў хоць бы для таго, каб паказаць, што вершаў, у якіх згадваецца Вільня, у беларускай літаратуры вельмі шмат. І адбіраючы іх паводле эстэтычных прынцыпаў, мы найменей возьмем якраз з савецкае спадчыны. Хоць гэткі падыход яшчэ не здымае праблемы. Дзеля прыкладу згадаю фрагмэнт хрэстаматыйнага верша Максіма Танка:

Я гэты горад знаю з даўнiх дзён.
I кожны раз мне новыя старонкi
Суровай былi адкрывае ён,
Запiсанай на камнi вежаў звонкiх.
I я чытаю пыльныя радкi,
Ў якiх вiтае сьветлы дух Скарыны,
I устаюць мiнулыя вякi
I слаўныя краiны гадавiны.
Вось абэлiск узьняўся, як прамень,
Над Чэрняхоўскiм, над магiлай паўшых,
I словы Сталiна палаюць ноч i дзень
Аб дружбе брацкай i аб славе нашай.

Ясна, што пасьля ХХ зьезду Танк ня мог пакінуць у вершы Сталіна. Час быў такі. Але сёньня мы бачым, што гэтыя радкі зусім не супярэчаць эстэтыцы ўсяго твору і кажуць нам пра тое, што стаўленьне да паэзіі ня мусіць дыктавацца зьменамі ў кіраўніцтве ЦК КПСС або развалам СССР. І менавіта такі мусіць быць падыход да беларускае савецкае літаратуры – эстэтычны.

Заўважу, што ўсе вершы, якія гучаць і яшчэ прагучаць у сёньняшняй “Вострай Браме”, у зборнік “Бацькаўшчына” не ўвайшлі.

Увогуле калі зьбіраць усё, так ці інакш датычнае Вільні ў беларускай культуры, ды выйдзе не адна кніга, не адзін том. У гэтым сэнсе зборнік з сэрыі “Бацькаўшчына” – карысны пачатак. Тут, на маю думку, шмат лішняга, альбо ня надта якаснага або не датычнага ўласна вобразу Вільні. Аднак, зьвярну ўвагу на тое, чаго тут не стае.

Гэта першае выданьне на тэму пасьля артыкула Антона Луцкевіча “Вільня ў беларускай літаратуры”. Артыкул зь міжваеннага часу ня страціў свае актуальнасьці і мусіў бы адкрываць анталёгію. У таго ж Луцкевіча ёсьць караценькі праграмны артыкул “Два цэнтры”, які мог бы задаць тон такой анталёгіі, зрабіць яе канцэптуальнай і адразу растлумачыць чытачу, пра што гаворка і наколькі важная тэма.

Можна было адкрыць гэтую кнігу і зусім сьвежай імпрэсіяй Рыгора Барадуліна “Вільня ў нашых душах”, якая найлепшым чынам паказвае, што такое Вільня для нас, сёньняшніх беларусаў, што такое для летувісаў Вільнюс. А зусім лягічна было б даць і Луцкевіча, і Барадуліна, што было б сьведчаньнем пераемнасьці і жывучасьці тэмы праз стагодзьдзе.

Дзеля эстэтычнае цэласьці Вільню ў беларускім фальклёры або ў старажытнай літаратуры варта разглядаць асобна. Песьні, прымаўкі й паданьні пра старую сталіцу маглі б скласьці самастойнае выданьне. Гэтаксама як і эпіграмы ды эпітафіі часоў Скарыны й Філона Кміты-Чарнабыльскага. Яшчэ адна кніга прадставіць некалі ХІХ стагодзьдзе.

Сёньня ж мы найбліжэй да стагодзьдзя ХХ-га, у якім віленская паэзія выразна падзяляецца на некалькі тэмаў. Шкада, што ў зборнік “Бацькаўшчына” ня трапіў верш Алеся Гаруна, які называецца “Дні”:

“Жыву на чацьвёртым паверсе ў гатэлi, саўсiм не выходжу, бо чуюся хвора, праседжую днi прад вакном у фатэлi, – сягоньня... учора... заўчора...

Нi дум, нi пачуцьцяў. Праз дым цыгарэткi за шыбамi вочы ўвесь дзень на папасе: ў тумане там ловяць касьцёлаў сыльвэткi, дым з комiнаў, часам сход галак на дасе; драты тэлеграфу вiсяць у паветры, мiж iмi калмацяцца тучкi капрызна; запаў небасхiл ў алавяныя нетры, далёка, над грудай Панараў вялiзнай.

...Часьцей за усё пападаецца воку насупраць вакно ад гары, стыль “бароку” крыху непакоiць... Наогул жа днiны праходзяць прыемна: някрыўдна, няўцешна. Сяджу у фатэлi, занятак ядыны – шаптаць: “Усё добра, ўсё добра!..” Хоць... сьмешна!..

Так... Людзi ж... Зьяўляецца зрана дзяўчынка:

– Прыбраць пан пазволiць?

– Так... Але, прыбраць!

– Гарбаты прынесьцi? З цытрынай?

– З цытрынкай! I потым газэты...

– Газэт жа шмат браць?

– Дзьве возьмеш...

Праз хвiлю гатова гарбата, празь пяць хвiль звычайна прыходзяць “кур’еры”, праз квадранс прыбрана. Цi ў буднi, цi ў сьвята, – у дзесяць за ёй зачыняюцца дзьверы, i больш не трывожаць да самай вячэры. Нiхто не трывожыць... Так добра... Бязь меры!..”

Згаданыя Гаруном Панары – гэта назва ўзгорыстага і лясістага віленскага раёну.

У падборцы Сяргея Панізьніка Натальля Арсеньнева прадстаўленая вершамі, што пісаліся ў Вільні, але самое Вільні ніяк ня тычацца. Укладальнік абмінуў тыя творы, якія просяцца ў такі зборнік. “Восень у Вільні”, “Месячнай ночай”, “Вечар у Вільні” або вось гэты:

Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца,
Грэе i лашчыць вясеньняе сонца.
Сiнiя далi ў iмгле негустой,
Лес прад вачмi вырастае сьцяной.
Сьнег мiж кустамi, мiж пнямi бялее,
Ветрык вясеньнi, жартуючы, вее
З поля, дзе густа чарнее зямля,
З поля, дзе сёньня пануе вясна.
Там, дзе з блакiтам зьлiваюцца далi,
Горы палоскаю сiняю ўсталi,
Места там недзе мiж гор залягло,
Ў дымцы хавае сваё хараство.
Звоняць у Вiльнi ледзь чутна i гукi
Сэрца чапаюць знаёмаю мукай.
Цiха... а тут, памiж соснаў старых,
Ўецца дарога да елак густых,
Ўецца, зьнiкае, iзноў выбягае,
Поле i сьнег у кустох агiбае,
Ўецца лагчынкай, дзе ценi ляжаць,
Сосны дзе ў сiняе неба глядзяць.
Цiха, ўсё цiха... Заплюшчыўшы вочы,
Тут бы, на сонцы, сядзела да ночы,
Твар прылажыла б да цёплай зямлiцы,
Слухала б грукат вясеньнi крынiцы,
Слухала б тое, што ветрык пяе,
Ўсё, што гаворыць душы аб вясьне...
Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца,
Грэе й ласкае вясеньняе сонца!

Ня буду спыняцца на вялізных паэмах Зьмітрака Бядулі, якія не ўвайшлі ў зборнік. Магчыма, гэта і не прынцыпова, альбо нават справа густу. Хоць паэма “Віленскія помнікі”, на маю думку, акурат – для школьнага веку. А вось у нізцы Ўладзімера Жылкі прапушчаны зусім маленькі, але абсалютна неабходны твор – гэта ўласна ягоны запавет з паэмы “Тэстамэнт”:

Бывай, мой ранак срэбраросы!
Бывай, мой дзень клапот, пакут!
Прайшоўшы сьвет разьдзетым, босым,
Пара падумаць i пра кут:
На могiлках зацiшных Росы
Хачу спачыць ад каламут.
Сачыцьмуць мой спакой найпiльней
Муры старой, каханай Вiльнi.

З твораў Янкі Купалы ў новую анталёгію абавязкова мусіць увайсьці верш “Лiрнiк Вясковы. Памяцi Ул.Сыракомлi”:

Над Вяльлёй, дзе сталiца была Гедымiна,
На магiлках, што Росса завуцца,
Курганок там убачыш, пакрыты дзярнiнай,
Над дзярнiнай бярозкi трасуцца.

Гэты верш і гэты матыў унутрана яднае віленскага Купалу з Жылкавым запаветам, з Арсеньневай, якая пісала:

Манюся тут сваю апошнюю зару
я сустракаць,
адсюль –
пайсьцi адвечным шляхам,

а таксама з Танкам, што хацеў менавіта тут знайсьці “спакой і вечны свой прытулак”. Унутраны матыў найлепшых беларускіх паэтаў – іх жаданьне застацца ў Вільні навечна – дае падставы ня толькі для лягічных высноваў іле й яднае іх у своеасаблівы ансамбль салістаў. Чым урэшце й мусіць быць віленская анталёгія.

Згаданыя вышэй вершы Жылкі і Арсеньневай я б назваў акварэльнымі або імпрэсіяністычнымі. Гэта таксама наш паэтычны скарб, пачатак якому паклаў Максім Багдановіч. Але тут не стае Максіма Танка зь ягоным вершам “У Панарах”:

Недзе плачуць калёсы за бродам,
Нiзка зьвiс неба сiнi дыван.
Цераз ноч на агонь мой з усходу
Драмадэраў iдзе караван.

Ён мiнае далiны сiвыя,
Каб шлях зорны з вачэй не згубiць.
I ўдаль цягнуцца доўгiя шыi,
I чарнеюць крутыя гарбы...

– Гэй, з усходу ўжо шлях залацiцца!..
Не мiнуць вам да сонца гранiц!
Беларускiх зямель i крынiцаў!
Цi ж ня лепш затрымацца, спачыць?..

Вось палае ўжо золак пажарам,
I на месцы, дзе быў караван,
Бачу я – верхавiны Панараў
Выступаюць праз шэры туман.

Між іншым, віленскі акварэлізм як зьява беларускай паэзіі нікуды ня дзеўся, ён жывы, у гэтай плыні і сёньня нараджаюцца вершы. Пра гэта сьведчаць творы нашых сучасьнікаў Тацяны Сапач і Алега Мінкіна. Вось адзін з такіх мінкінскіх вершаў:

Калi скрыгатаньне, i грукат, i хрумст малацiльнi,
Што нашым завецца жыцьцём, дастае да нутра,
Адно застаецца – нырнуць у абдоймы да Вiльнi,
У плынь яе вулак, у цiхую завадзь двара,
I мроiць, што скрыгат далёкi нiчога ня значыць,
Хадзiць па кавярнях i крамках някiдкiх цiшком,
Пах кавы ўдыхаць, слухаць водгульле крокаў i бачыць
Бурштынавых пацерак цёплае зьзяньне за шклом.

Віленскія акварэлісты ад Багдановіча да Мінкіна, на маю думку, мусілі б складаць галоўны разьдзел анталёгіі.

Наступны аб’яднаўчы матыў – гэта адведкі, вандроўка, падарожжа. Славуты “Дзядзька ў Вільні” Якуба Коласа генэтычна ўзыходзіць да “Зьвярынца” Адама Гурыновіча і “Раз еду я ў Вільню адведаць сынка” Францішка Багушэвіча. Але ж і ў гэтай зьявы быў свой працяг. Гэта паэма Міхася Машары “Падарожжа”. У 30-я гады мінулага стагодзьдзя паэт прыяжджае ў Вільню і крок за крокам апісвае сваё знаёмства з горадам. Вось адна зь ягоных высноваў:

О, Вільня, ты для нас ня матка!
І мы як пасынкамі тут:
З тваіх муроў – палацаў гладкіх
Займаем мы апошні кут.

І хоць мы кутнікі у хаце,
Зь якіх сьмяецца гаспадар,
Але тут маем шмат багацьця
І Зьніча нашага аўтар.

І ты сама зь мінулай процьмы,
Ты помніш нас, беларусоў:
Каменнымі сваімі вочмі
Глядзіш на нас зь сівых часоў!

Мы не прыйшлі сюды з-за мора,
Твой воўк жалезны з нашых пушчаў
Забрыў прарочыць гэтым горам, –
Што ты тут вырасьцеш магучай.

Цябе карміла наша поле,
І будавалі мазалі.
Ўсе нашы радасьці і болі
Калісь супольнымі былі…

Цяпер ты іншай стала, іншай,
Глядзіш на нас, як на прыблуд.
Мы непатрэбнаю і лішняй
“Mniejszosciа” сталі табе тут.

Але ці хочаш, ці ня хочаш,
Ці як глядзі, ці не глядзі, –
Яшчэ пабачаць твае вочы,
Як будзем тут і мы людзьмі.

Прыліў сялянскі із-за гораў
Ў твае муры прыбоем б’е…
О, Вільня! Мы яшчэ паспорым
Ня раз – з табой і за цябе.

Бяруся сьцьвярджаць, што гэта – унікальны для беларускай паэзіі матыў. Тут – аптымізм. Не ўтапічны, якім прасякнутая ўся савецкая паэзія, а менавіта чысты матыў нацыянальнага самасьцьверджаньня. Прэтэнзія на Вільню пазбаўляе яго найменшае фальшы. Аўтар піша пра сур’ёзныя рэчы. Нешта падобнае можна вычытаць сёньня хіба што ў Славаміра Адамовіча, шчырага прыхільніка Д’Анунцыё – паэта і змагара. Міхась Машара ў 1936-м быў, бадай, з гэткім самым настроем – хоць заўтра гатовы ў вызваленчы паход.

Яшчэ адзін разьдзел анталёгіі аб’яднае вершы, прысьвечаныя Вострай Браме. Іх шмат і ў чыстых, так бы мовіць, паэтаў, і ў паэтаў-сьвятароў Казімера Сваяка, Андрэя Зязюлі... Асобны разьдзел маглі б скласьці і творы пра касьцёл Сьвятой Ганны.

Сярод сучасьнікаў у кнізе “Бацькаўшчына” я не знайшоў карыфэяў паэзіі Максіма Лужаніна і Алеся Разанава. Між іншым, сучасьнікі ўпісаліся б у разьдзел пад умоўнай назвай “Пакідаючы Вільню” або “Згадваючы Вільню” – разам з паэтамі эміграцыі. І тут зноў знайшлося б месца вялікім нізкам Арсеньневай і Салаўя, вершам Кавыля, Козыра ды іншых.

Гаворачы пра анталёгію віленскай паэзіі ўжо ня першы год, мы ўсё адно толькі пачынаем, робім першыя крокі. Пра гэта сьведчыць і параўнаньне з падобнымі анталёгіямі па-польску і па-літоўску...

У мяне пад рукой другое выданьне паэтычнай анталёгіі “Tobie Wilno”, сабранай 10 гадоў таму і выдадзенай у Беластоку. Яе аўтары – пачынаючы ад Міцкевіча і Сыракомлі і сканчаючы нобэлеўскім ляўрэатам Чэславам Мілашам і паэтамі сёньняшняй віленскай польскай дыяспары.

Важная рэч у гэтай кнізе – біяграфіі аўтараў, якія часта зьвязаныя зь Беларусяй. Скажам, Ежы Базарэўскі толькі нарадзіўся ў Менску ў 1917-м, і ў той самы год бацькі, уцякаючы ад бальшавікоў, перабраліся ў Вільню. А Зоф’я Багдановічава ўсё жыцьцё правяла ў вандраваньнях па сьвеце – ад Румыніі і Альжыру да Валіі і Канады. Яна, паміж іншым, перакладчыца англасаксонскай і беларускай паэзіі. Тэадор Буйніцкі ў 1939 годзе быў літаратурным рэдактарам бальшавіцкай “Віленскай Праўды”, якая выходзіла па-беларуску. Юзэф Буйноўскі нарадзіўся на Браслаўшчыне, а гімназію скончыў у Дзісьне. Чэслаў Янкоўскі з-пад Ашмянаў, апроч вершаў пра Вільню, выдаў яшчэ чатыры тамы матэрыялаў пра свой родны Ашмянскі павет. А Рышард Керсноўскі, які нарадзіўся ў Аляксандраве пад Баранавічамі, гімназію сканчаў у Наваградку, дзе пасьля рэдагаваў газэту “Наша Жыцьцё”. І гэтак далей, і гэтак далей.

Маса такіх фактаў наводзіць на дзьве высновы. Па-першае, пра цэлы культурны матэрык, што існаваў у Беларусі і для Беларусі, але мала перасякаўся з уласна беларускай культурай, што яе, безумоўна, зьбядняе. А па-другое, што дзясяткі польскіх паэтаў, якія склалі вершы пра Вільню, так ці інакш зьвязаныя паходжаньнем зь Беларусяй. Гэта значыць, што ня толькі беларусы, але і іншыя народы нашай зямлі глядзелі на Вільню як на свой горад.

Спаміж літоўскіх анталёгіяў мне згадваецца альбомнага фармату зборнік літоўскага фальклёру пра Вільню. А летась выйшаў грунтоўны, на 500 старонак том сярэднявечных хваласьпеваў сталіцы Вялікага Княства. Усе творы тут падаюцца ў арыгінале – на лаціне, і ў перакладзе на літоўскую. Ёсьць вялікая прадмова і навуковы апарат. Падумалася, што з гэткім самым посьпехам такая кніга магла выйсьці і па-беларуску, бо гэта спадчына, якая належыць і нам таксама. Але ў немагчымасьці такога выданьня – нібы ў люстэрку – і наш цяперашні ўзровень самасьвядомасьці, і стан акадэмічнае навукі дый наша яшчэ толкам незразуметая дзяржаўнасьць.

Аўтары самыя розныя – заежджыя і свае. Са знакамітых – Мацей Казімер Сарбеўскі. Тут эпіграмы на Жыгімонта Аўгуста і эпітафіі Барбары Радзівіл, вершыкі пра выгляд места Вільні і віленскага калегіюму, пра гербы ды інаўгурацыі магнатаў, гімны Льву Сапегу і нават Аляксандру Першаму, які прачытаў Мацей Пачобут-Адляніцкі ў 1803 годзе. Фігуруюць усе тагачасныя беларускія гарады і дзеячы – да Філона Кміты Чарнабыльскага ўключна. Хадкевічы, Радзівілы, Валовічы, Войны, Тышкевічы, Пацеі... “Чужых” няма.

Фундамэнтальны том называецца “Прывітаньне Вільні”, ён падрыхтаваны Інстытутам літаратуры і этнаграфіі Віленскага ўнівэрсытэту. Выданьне вартае асобнай вялікай гаворкі.

Што да краязнаўчых зборнікаў пра Вільню, дык яны па-літоўску выходзілі яшчэ ў міжваенным часе, калі літоўцы ня тое што “галавой да Вільні жылі”, але падпарадкоўвалі ўсю дзяржаўную ідэалёгію гэтай мары – адабраць у палякаў сталіцу, якую лічылі непадзельна сваёй.

Мы толькі ў пачатку гэтага вялікага культурніцкага шляху і да анталёгіяў сярэднявечнай паэзіі нам яшчэ, бадай, няблізка. Тым ня менш, зрух адбыўся. Першая кніга, укладзеная Сяргеем Панізьнікам, выйшла. Магчыма, сёньняшняя гаворка стане пачаткам другога, наступнага кроку.
XS
SM
MD
LG