Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: КАЛІ МІЛІЦЫЯНТ МАЕ ПРАВА ЗАТРЫМАЦЬ ВАС НА ВУЛІЦЫ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У якіх выпадках міліцыя мае права затрымаць вас на вуліцы, якія правы вам пры гэтым гарантуе закон і як можна абскардзіць дзеяньні міліцыянтаў? Зінаіда Ганчар успамінае пра падзеі, што папярэднічалі альтэрнатыўным прэзыдэнцкім выбарам 1999 году.

Вядомая фармулёўка "мая міліцыя мяне абараняе" ў рэаліях Беларусі пачатку ХХІ стагодзьдзя гучыць найменш як састарэлая, найбольш — зьдзеклівая. Пры тым, што міліцыя, безумоўна, найперш змагаецца са злачыннасьцю, што міліцыянты рызыкуюць здароўем і жыцьцямі, выконваючы свой службовы абавязак, нельга замоўчваць і таго факту, што шмат простых грамадзянаў становяцца ахвярамі незаконных дзеяньняў саміх прадстаўнікоў праваахоўчых органаў. Сёньня мы абмяркуем праўны і фактычны бакі такой зьявы як затрыманьне грамадзяніна прадстаўнікамі закону, ды дамо парады, як і што рабіць у становішчы незаконна затрыманага.

Палажэньні закону тлумачыць вядомы адвакат Вера Страмкоўская.

(Страмкоўская: ) "Затрымліваць чалавека магчыма ня больш чым на тры гадзіны, і толькі ў адмысловых выпадках гэты тэрмін можа быць працягнуты да разгляду справы ў судзе. Прыкладам, гэта датычыць артыкулу аб мітынгах і дэманстрацыях, 167 артыкул, ды некаторых іншых справаў. Тры дні даецца на судовы разгляд падобных справаў. А калі затрымліваюць не міліцыянты ў форме, а людзі ў цывільным, то гэта ёсьць грубым парушэньнем закону, бо ў нас дакладна вызначана, хто можа праводзіць затрыманьні, і ніякіх службаў, што ходзяць ў цывільным, там няма".

Адвакат Страмкоўская ўдакладніла, што дадзеныя правілы датычаць толькі затрыманьняў паводле адміністрацыйнага кодэксу, а крымінальная адказнасьць прадугледжвае ўласную працэдуру. Аднак і там дзейнічае правіла трох дзён, цягам якіх грамадзяніну павінны прад'явіць пэўнае абвінавачаньне. Паводле Страмкоўскай, у такім выпадку законам адразу гарантаваная юрыдычная дапамога, а вось пры адміністрацыйным парушэньні становішча больш складанае. Справа ў тым, што 65 артыкул Канстытуцыі гарантуе грамадзяніну юрыдычную дапамогу ва ўсіх стасунках з прадстаўнікамі дзяржавы, але пэўным законам гэтае права не забясьпечана, таму прадстаўнікі праваахоўчых органаў адмаўляюць затрыманым паводле адміністрацыйнага кодэксу ў юрыдычнай дапамозе. На такі выпадак адвакат Страмкоўская раіць мець з сабою тэкст Канстытуцыі, не саступаць і патрабаваць пэўнага адваката.

Але, безумоўна, здараюцца сытуацыі, якія выходзяць за межы ўсіх правілаў. Першага сакавіка 1999 году Віктар Ганчар накіраваўся на паседжаньне камісіі па правядзеньні альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. На рагу вуліц Чырвонай і Варвашэні ягоны аўтамабіль заблякавалі міліцыйныя ўазікі, Ганчара гвалтам выцягнулі з машыны, пры гэтым не прад'явілі яму ніякай пастановы ці ордэру, і дапамогу яму давялося шукаць перш за ўсё ў журналістаў. Згадвае Зінаіда Ганчар:

(Ганчар: ) "Ён паспеў мне патэлефанаваць і паведаміць, што б'юць шкло, вырываюць дзьверы аўтамабіля, і што трэба як найхутчэй паведаміць пра гэта журналістам. Паколькі я ўсё гэта прадчувала і была гатовая да ўсяго, мне хутка ўдалося злучыцца з мэдыямі. Але тады іх умяшальніцтва не дапамагло. Улады гэтак сьпяшаліся, што ўжо праз 10 хвілінаў пасьля затрыманьня ён быў асуджаны на 10 сутак. Яго проста выкінулі з аўтамабіля, завезьлі ў суд, а адтуль у ізалятар на Акрэсьціна”.

У наступнай перадачы "Календара "Свабоды" Зінаіда Ганчар распавядзе пра тое, як вартаўнікі ізалятару абыходзіліся зь яе мужам. А мы працягнем размову аб практыцы затрыманьняў. На маю просьбу Алег Гулак з Беларускага Гельсынскага камітэту параўнаў патрабаваньні закону ў гэтай галіне з рэальным станам справаў.

(Гулак: ) "У гэтай сфэры, я б сказаў, становішча жахлівае. З аднаго боку закон у нас дастаткова нядрэнны, але на практыцы атрымліваецца, што супрацоўнікі міліцыі ды іншых апэратыўных і сілавых структураў часта фармальна апраўдваюць свае дзеяньні фармулёўкамі закону. У нас шмат заяваў, калі людзі скардзяцца, што ішоў па вуліцы, падышлі міліцыянты, запатрабавалі дакумэнты. Чалавек паказаў пашпарт, але міліцыянты ў яго нават не зазірнулі, паклалі ў кішэнь, а чалавека павялі ў пастарунак. І нічым не тлумачылі свае дзеяньні.

З “палітычнымі” становішча, я б сказаў, яшчэ больш складанае. Калі ёсьць пэўны загад зрабіць, як у нас кажуць, "хапун", тады на закон увогуле не зьвяртаюць увагі. Апошні Дзень Волі — яскравы таму прыклад. Людзі ішлі, нікому не заміналі, уся іх віна ў тым, што не было дазволу. А без дазволу гэтага рабіць нельга. Але гэта чыста фармальная падстава, паводле якой людзі былі затрыманыя і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці. Такім чынам, на першам месцы аказалася палітыка, а не закон".

Алег Гулак раіць тым, хто сутыкнецца са свавольствам супрацоўнікаў праваахоўчых органаў, фіксаваць іхныя парушэньні, знаходзіць сьведкаў і зьвяртацца са скаргамі ў органы пракуратуры ды суды. Праваабаронца абяцае юрыдычную дапамогу ў гэтых справах.

І напрыканцы — вартая ўвагі навіна тыдня: ліст, зь якім Людміла Карпенка, Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, Вольга Захаранка і Сьвятлана Завадзкая зьвярнуліся да канцлера ФРГ Гергарда Шродэра. Вядома, што ліст адмыслова быў прымеркаваны да сустрэчы спадара Шродэра з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным з мэтай яшчэ раз зьвярнуць ўвагу абодвух лідэраў на праблему зьнікненьня вядомых апазыцыянэраў Беларусі. Ці была гэтая мэта дасягнутая? З гэтым пытаньнем я звярнуўся да супрацоўніка амбасады Нямеччыны ў Беларусі спадара Гольгера Крэмэра. Вось што адказаў нямецкі дыплямат.

(Крэмэр: ) "Тая праблема, што ў Беларусі зьнікаюць палітыкі, добра вядомая ўраду Нямеччыны, у тым ліку міністэрству замежных справаў нашай краіны і, безумоўна, гэтай праблеме надаецца значная ўвага".

Аднак што да абмеркаваньня гэтай тэмы падчас сустрэчы Шродэра і Пуціна ў Ваймары, дыплямат ня мае такой інфармацыі. Паводле спадара Крэмэра, гэта можа стаць вядомым пазьней.
XS
SM
MD
LG