Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВАРШАВЕ ПРАЙШЛА МІЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ “ДЫЯЛЁГ ПАМІЖ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯМІ – НОВЫЯ ВЫПРАБАВАНЬНІ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У часе міжнароднай канфэрэнцыі, зарганізаванай сярод іншых польскім камітэтам ЮНЭСКА і Акадэміяй навук Польшчы, асаблівую ўвагу прыцягнуў выступ прэм’ер-міністра Польшчы Лешака Мілера. Польскі прэм’ер заявіў:

(Мілер: ) “Агорнутыя пажарам вайны гарады – гэта ня самае лепшае месца для сілаў, якія хочуць гаварыць аб міры. Таму мы гатовыя прапанаваць дзеля гэтых мэтаў Варшаву, якая ў мінулым ужо выконвала такую ролю”.

Спадар Мілер таксама адзначыў, што ў якасьці краіны-гаспадара перамоваў Польшча была б аднолькава зычлівай да абодвух бакоў канфлікту, у той жа час захоўваючы да іх аднолькавую дыстанцыю.

Абгрунтоўваючы кандыдатуру Варшавы на месца перамоваў паміж Ізраілем і Палестынай, Лешак Мілер зьвярнуўся да гісторыі Польшчы, дзе многія падзеі цесна зьвязаныя і з габрэямі, і з мусульманамі. Ён нагадаў, што да другой усясьветнай вайны ў Рэчы Паспалітай жыло шмат габрэяў, чые продкі некалі ўцяклі ад пагромаў іншых краінаў.

(Мілер: ) “Колішняя Рэч Паспалітая была дзяржавай многіх народаў і этнічных групаў, якіе мелі вольнасьці й права самакіраваньня. Культура і гаспадарка гэтай краіны квітнела. А яе заняпад пачаўся разам з заняпадам духу талерантнасьці”.

Ён таксама адзначыў, што адзінай суседняй краінай, якая два стагодзьдзі таму не пагадзілася на разьдзел Рэчы Паспалітай, была Асманская Імпэрыя – найвялікшая мусульманская дзяржава таго часу.

Пакуль невядома, ці прымуць Ізраіль і Палестына прапанову польскага прэм’ера. Аднак звычайна такія прапановы агучваюць толькі тады, калі ўжо існуе папярэдняя згода бакоў. Калі ж такой згоды няма, дык паволе меркаваньняў экспэртаў, непрынятая прапанова можа значна пашкодзіць прэстыжу краіны на міжнароднай арэне.
XS
SM
MD
LG