Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУЗЭЙ ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ НЯ МАЕ ГРОШАЙ НА ЮБІЛЕЙ ПАЭТА


Галіна Абакунчык, Менск

Адзначыць 30-годзьдзе купалаўскага запаведніка ў Вязынцы супрацоўнікі музэя не змаглі, ахвяраваўшы грошы, якія можна было выдаць, на сьвяткаваньне юбілею самога Янкі Купалы. Тут, на радзіме паэта, пройдуць галоўныя ўрачыстасьці, і хоць часу да сьвяткаваньня 120-х угодкаў застаецца ўсё менш, нават асноўныя падрыхтоўчыя працы ў музэі яшчэ не распачыналіся. Распавядае навуковы супрацоўнік запаведніка Ірына Трутнева:

(Трутнева: ) "Ну, па-першае мы рыхтуем нашую тэрыторыю, а яна аж 22 гектары: трэба парамантаваць масты, зрэзаць сухія дрэвы, лаўкі каля дому-музэю памяняць, бо яны згнілі ад часу. Праблемаў і цяжкасьцяў вельмі шмат. Бачыце — людзі з электрычкі ідуць на лецішчы і ў лес проста праз нашую тэрыторыю й пакідаюць шмат сьмецьця. Прыходзяць — мы іх так называем — “новыя рускія”, выгульваюць сабак, выкопваюць кусты руж. Але ж да нас прыяжджае вельмі шмат гасьцей, і ў тым ліку замежных, таму мы вельмі спадзяемся, што нам дапамогуць. Мы усё ж такі беларусы, з гэтага трэба пачынаць".

Паводле дырэктаркі літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Менску Жаны Дапкюнас, тэрміновага рамонту патрабуе таксама другая філія музэю ў Ляўках. Аднак першае — без чаго немагчыма распачынаць юбілейныя ўрачыстасьці — неабходна абнавіць экспазыцыю. Усе 30 гадоў яна не мянялася ў Вязынцы й амаль гэтулькі ж у сталічным музэі, а рэстаўрацыя павінна праводзіцца не радзей, як праз 10 — 15 гадоў.

(Дапкюнас:) "Неабходна чатырнаццаць мільёнаў — тая мінімальная сума, безь якой немагчыма нават распачынаць рэстаўрацыю. У нас на рахунку ёсьць два мільёны. Але казначэйства не пералічвае, бо ёсьць пастанова, што калі няма ўсіх чатырнаццаці, то не пералічваецца й два. Я не разумею: няма грошай, але калі яны ёсьць, дык чаму іх не пералічыць. Няўжо ў межах дзяржавы нельга вырашыць гэтага пытаньня. Што рабіць з экспазыцыяй? Глуха. Шкада толькі, што час няўмольна сыходзіць. А за месяц нешта зрабіць абсалютна немагчыма".

Паводле словаў Жаны Дапкюнас, такога становішча са сьвяткаваньнем яшчэ не было: да прыкладу, да 100-гадовага юбілею Купалы падрыхтоўка пачыналася за тры гады. Сёньня ж гаротны стан музэяў нікога не цікавіць. Ні прадстаўнікоў так званага Нацыянальнага аргкамітэту на чале з віцэ-прэм'ерам Дражыным, ні чыноўнікаў ад міністэрства й гарадзкога аддзелу культуры тут не бывае. Таму, каб паказаць, што ліхтарныя слупы ў парку Янкі Купалы разьбітыя й на іх рамонт патрэбныя грошы, музэйныя работнікі мусяць іх фатаграфаваць, каб даслаць у высокія кабінэты.

Памяць пра геніяльнага паэта жыве сярод простага люду, і гэта падцьвердзіла пэнсіянэрка зь Вязынкі Надзея Сарока:

(Сарока: ) "Я мужык, а гонар знаю,
Гнуся, але да пары,
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але хутка загукаю:
Стрэльбы, хлопчыкі бяры.

Ён у сэрцы й у памяці народа застаўся. Такіх паэтаў паболей бы”.

Разумеючы, што існуе рэальная пагроза спазьніцца з падрыхтоўкай да юбілею Янкі Купалы, супрацоўнікі музэю працуюць задарма, спадзеючыся, што некалі атрымаюць належныя ім грошы: распрацаваныя эскізы сувэнірных плякатаў і буклетаў, падрыхтаваная кніга санэтаў Купалы на васьмі мовах... Але задарма выдаваць іх ужо ніхто ня будзе.
XS
SM
MD
LG