Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Прага

Гэта быў першы выступ Элтана Джона перад палітыкамі. Заснаваны брытанскім сьпеваком Фонд барацьбы са СНІДам выдаткаваў на першую дапамогу хворым і на праграмы папярэджаньня СНІДу 35 мільёнаў даляраў у 55 краінах.

ПАРЫЖ. Рэжысэр Марцін Скарсэзэ разам з Вуды Аленам, Дэйвідам Лінчам, Катрын Дэнэў ды іншымі зоркамі кінамастацтва ў наступным месяцы возьме ўдзел у Канскім кінафэстывалі, дзе ўзначаліць журы караткамэтражных фільмаў. На фэстывалі будзе дэманстравацца фрагмэнт зь яго новага фільму “Нью-Ёркскія гангстэры”. Скарсэзэ быў госьцем Канаў і раней, ягоны фільм “Таксіст” з Робэртам дэ Ніра ў галоўнай ролі атрымаў залатую пальмавую галіну ў 1976 годзе.

МЭХІКА. Гішпанскі тэнар Плясыда Дамінга заявіў, што празь пяць гадоў скончыць сваю опэрную кар’еру, аднак будзе працягваць выступаць з канцэртамі. 61-гадовы тэнар сказаў пра гэта ў інтэрвію падчас канцэртнага турнэ ў Мэксыцы, дзе ён затрымаўся на некалькі дзён, каб ушанаваць памяць памерлай на мінулым тыдні легенды мэксыканскага кінэматографа Марыі Фэлікс.

ЛЁНДАН. Адна зь дзьвюх апошніх карцінаў Пітэра Брэйгеля-старэйшага, якія яшчэ застаюцца ў прыватных руках, будзе выстаўленая на продаж аўкцыёнам “Крыстыз” 11 ліпеня сёлета. Кошт напісанай у 1557 годзе карціны “П’яніца, кінуты ў сьвінарнік”, ацэньваецца на суму ад 3,5 да 4,5 мільёнаў эўра. Уладальнік карціны, флямандзкі арыстакрат, які пажадаў застацца невядомы, паведаміў, што карціна належыць ягонай сям’і ад пачатку ХІХ стагодзьдзя. “П’яніца ў сьвінарніку” – адна зь дзьвюх ацалелых карцінаў маралізатарскай сэрыі Брэйгеля “Прыказкі”. Яе аўтэнтычнасьць была канчаткова пацьверджаная два гады таму.

ЛЮБЛІН. Тут закончыўся фэстываль дакумэнтальных фільмаў “Ростані Эўропы”, прысьвечаны праблематыцы пагранічча, узаемадачыненьняў людзей розных культураў і народаў. Сёлета ў ім бралі ўдзел 29 фільмаў з Польшчы, Украіны, Сэрбіі, Францыі, Ізраілю і Нямеччыны. Два першыя прызы атрымалі ізраільскі фільм Шоша Шлама “Апошняе падарожжа ў цішыню” пра ацалелых ахвяраў Галакосту і фільм “Схізафрэнія” літоўкі Віты Жалакявічуце, якая працуе ў Польшчы. Апошні фільм прысьвечаны людзям, якія ў былым Савецкім Саюзе з палітычных прычынаў былі зьняволеныя ў псыхіятрычных шпіталях.

АТЭНЫ. Больш за 20 тысяч слухачоў сабраліся ў Атэнах на канцэрт салідарнасьці з народам Палестыны, у якім узялі ўдзел найвялікшыя зоркі грэцкай эстраднай музыкі. Канцэрт, які працягваўся тры гадзіны, быў арганізаваны найбуйнейшым прафсаюзам краіны, маладзёвымі аддзеламі ўсіх палітычных партый і шматлікімі грамадзкімі арганізацыямі. Кульмінацыяй канцэрту стала выкананьне аркестрам пад кіраўніцтвам Мікіса Тэадаракіса напісанага ім палестынскага нацыянальнага гімну. Сам Тэадаракіс выступаў з палестынскім шалікам на галаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG