Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СЫМБАЛЬ ВЕРЫ”. ЦАРКВА І БАГАЦЬЦЕ


Кастусь Бандарук, Прага

Удзельнікі: прафэсар Унівэрсытэту імя Кардынала Стэфана Вышынскага Андрэй Дзюба, рэлігіязнавец і публіцыст з Масквы Якаў Кротаў, вернік БАПЦ са штату Нью Джэрзі Аляксандар Сільвановіч, а таксама літаратуразнаўца і праваслаўная верніца, якая цяпер жыве ў Бельску Падляскім на Беласточчыне Галіна Тварановіч.

(Бандарук: ) “Стаўленьне да багацьця і зямных каштоўнасьцяў – адно з тых фундамэнтальных пытаньняў, якія паўставалі перад чалавекам ва ўсе часы. Людзі заўсёды імкнуліся да багацьця, бо яно задавальняла іхныя патрэбы і прыхамаці.

З пашырэньнем хрысьціянства рэзка зьмянілася філязофская ацэнка этычных і матэрыяльных каштоўнасьцяў. Сьвятое Пісьмо і творы Айцоў Царквы ўмацоўвалі ў верніках пагарду для багацьця і зямных каштоўнасьцяў. Паводле Царквы, багацьце не зьяўляецца злом як такое, але яно запаланяе сэрца чалавека і закрывае яму доступ да духоўных каштоўнасьцяў.

“Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль ды іржа нішчаць, дзе злодзеі падкапваюць і крадуць, але зьбірайце сабе скарбы на небе… бо дзе скарб ваш, там будзе сэрца вашае” (Мацьв. 6, 19-21).

“Якая ж карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць” (Мацьв. 16, 26).

“Гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваю радасьць” (Мацьв. 6, 24).

“Цяжка багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае. Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі” (Лук. 18, 24-25).

“Мы нічога не прынесьлі ў сьвет, дык ясна, што і нічога вынесьці ня можам. Маючы ж ежу і вопратку, будзем задаволеныя й гэтым… Тыя ж, што жадаюць багацець, трапляюць у спакусу і ў сеці, у многія неразумныя і шкодныя пажаданьні, што топяць людзей у зьніштажэньні і загубе, бо корань усяго благога ёсьць срэбралюбства” (1 Цім. 6, 7-10).

“Золата – ідал, у капішчы якога тапілася і топіцца найбольшая частка роду чалавечага. Мы адкупленыя Хрыстом, а служым золату; прапаведуем валадарства Аднаго, а падпарадкоўваемся другому. Эвангельская беднасьць палягае не ў адмаўленьні багацьця, але ў адсутнасьці прывязанасьці да яго” (Сьв. Ян Залатавусны).

“Не прывязвай свайго сэрца да таго, што даецца табе на некаторы час. Гэта не багацьце, што хутка пакіне нас” (Сьв. Аўгустын).

“Добрае імя лепш за вялікае багацьце, а добрая слава лепш за срэбра і золата” (Прытч. 22,1).


Вернікі чуюць гэтыя або падобныя словы ці не падчас кожнай багаслужбы. Ім даводзяць, што стаўленьне да зямнога багацьця зьяўляецца лякмусавай паперкай шчырасьці іхнай веры. Хрыстос вучыў, што клопат пра матэрыяльнае не павінны перашкаджаць духоўнаму, што “ня хлебам адным жыве чалавек”. Ён ясна адказаў на актуальнае пытаньне, якое хвалявала габрэяў і хвалюе многіх сучасных хрысьціянаў: ці можна адначасова зьбіраць скарбы зямныя і нябесныя? Ці можна трапіць у Царства Нябеснае, не разьвітваючыся зь цягай да раскошы, багацьця, зямных прыемнасьцяў і асалодаў?

З другога боку, падчас кожнай багаслужбы вернік трапляе ў атмасфэру бізантыйскай пышнасьці царкоўнага інтэр’еру, пазалочаных купалоў, багатых іканастасаў і бліскучых рызаў духавенства. Празь сьпевы і малітвы ў царкве зьвіняць і шамацяць грошы. За кожнай багаслужбай верніка заклікаюць ахвяраваць як мага болей на ўтрыманьне духавенства, на пабудову новай царквы, на звон, на манастыр, на духоўную сэмінарыю і гэтак далей. Бяз грошай не абыходзіцца ні хрост, ні вясельле, ні пахаваньне.

Людзі заўважаюць, што Царква, якая прапагандуе ўбоства, сама надзвычай багатая. Недобразычліўцы пасьмейваюцца, што яна гэтак сама нагадвае сваю першакрыніцу, колькі архіярэйская мітра – цярновы вянок Хрыста, а шыкоўны архіярэйскі “мэрсэдэс” – асла, на якім езьдзіў Ісус.

А што думаюць пра гэты стэрэатып мае суразмоўцы? Спачатку думка каталіцкага тэоляга, прафэсара Анджэя Дзюбы”.

(Дзюба: ) “Царква распараджаецца, а ня мае. Як установа, якой болей за 2 тысячы гадоў, побач з маёмасьцю, якую можна назваць царкоўнай ўласнасьцю, Царква зьяўляецца карыстальнікам і апекуном многага, што назьбіралася за стагодзьдзі. У юрыдычным сэнсе гэта царкоўная маёмасьць, але Царква адначасова – гэта скарбніца культурных каштоўнасьцяў усяго чалавецтва. Царква адказвае за гэтыя скарбы як гаспадар, але і ўзбагачае імі ўсясьветную культуру. Я маю на ўвазе гатычныя саборы або знакамітыя шэдэўры мастацтва, каштоўныя прадметы культу. Сапраўды, калі паглядзець на гэта з гледзішча матэрыяльнай каштоўнасьці, дык можа ўзьнікнуць пытаньне пра беднасьць”.

(Бандарук: ) “Айцец Анджэй Дзюба зьяўляецца прафэсарам маральнай тэалёгіі ва Ўнівэрсытэце імя Кардынала Вышынскага ў Варшаве. Няма сумневу, што шэдэўры архітэктуры і мастацтва зьяўляюцца здабыткам ўсясьветнай культуры. Ніхто ня кажа, што скарбы ватыканскага музэю зьяўляюцца асабістай уласнасьцю Папы або кардыналаў.

З другога боку, каталіцкі сацыёляг Вітальд Зданевіч піша, што ня ўсім падабаюцца манумэнтальныя храмы ў бедных вёсках, парафіяльныя дамы ў выглядзе палацаў у бедных мястэчках, а яшчэ болей – дарагія аўтамабілі, паказныя багацьце і пыха часткі духавенства. Гэта коле вочы ня толькі нецаркоўным людзям, але й вернікам, якія заўважаюць разрыў паміж навучаньнем і практыкай у Царкве… Думка праваслаўнага рэлігіязнаўцы Якава Кротава”.

(Кртаў: ) “Я думаю, што людзі, якім коле вочы багацьце Царквы, хвалююцца не за Царкву, але за сябе і сваё багацьце. Яны зьвяртаюць увагу на нешта цалкам другараднае. Багатая Царква ці не – гэта ня мае значэньня ў тым, ці ёсьць Бог, ці Хрыстос уваскрос, ці не.

Дарэчы, Царква ніколі й не была царквою бедных і абяздоленых. Нават першыя хрысьціяне, пра якіх сказана ў Дзеях Апостальскіх, што яны мелі ўсё супольнае, таксама не былі беднякі. Гэта былі цалкам заможныя жыхары Ерусаліму, якія аб’ядналіся ў камуну. Аднак цяпер, пасьля дзесяцігодзьдзяў камунізму, пра хрысьціянскія камуны гаварыць не прыходзіцца.

Сёньня бачнае вялікае расслаеньне Царквы. Ёсьць невялікая частка герархаў і духавенства, якія любяць камэрцыю і грошы ды багацеюць, але пераважная іх большасьць, а тым больш парафіяне, гэта людзі хутчэй бедныя. А тое, што ёсьць багатыя архіярэі, што яны разьяжджаюць на мэрсэдэсах – гэта напэўна грэх, але за яго павінны адказваць самі гэтыя людзі. Паляваньне ж за іхным багацьцем, спроба ўтаймаваць іх – па-мойму, гэта на сёньняшні дзень не галоўная праблема”.

(Бандарук: ) “Спадар Якаў Кротаў раіць не засяроджвацца на зьяве, якая па сутнасьці маргінальная і ня мае дачыненьня да фундамэнтальнага пытаньня веры. З другога боку, традыцыйна існуюць высокія маральныя патрабаваньні да духавенства. “Вы соль зямлі; калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю?.. Вы сьвятло сьвету… Гэтак няхай сьвеціць сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя дзеяньні і ўславілі Айца вашага, што ў Нябёсах” (Мацьв. 5,13-16).

Пра дрэнных пастыраў сказана: “Як жа ты вучыш другога, а ня вучыш сябе самога? Навучаючы ня красьці – крадзеш? Кажучы не займацца распустай – сам распусны… Хвалісься законам, а пераступаеш яго… Праз вас імя Божае зьневажаецца сярод няверных” (Рым. 2, 21-24). Гэта тычыцца і стаўленьня да зямнога багацьця. Сам Хрыстос дабраахвотна абраў убоства, ён выяўляў выключную міласэрнасьць і спагаду да бедных, бездапаможных, хворых і пакрыўджаных. Аднак некаторыя лічаць, што Царква даўно перастала быць царквою бедных… Ці згодная з гэтым праваслаўная верніца спадарыня Галіна Тварановіч?”

(Тварановіч: ) “Маё стаўленьне да гэтай балючай праблемы – гэта погляд шараговага верніка, які хоча захаваць гармонію паміж Царквой Хрыстовай і Царквой як сацыяльным інстытутам – супярэчлівым, жорсткім і неаднойчы ілжывым. Вось гэты царкоўны інстытут складаецца зь людзей, якія прыходзяць у Царкву са сваімі каштоўнасьцямі, але і з хібамі чалавечай прыроды. Грамадзтва прасякае сабою і сваімі ідэаламі Царкву. І на жаль, Царква як сацыяльны інстытут не спраўляецца вось з гэтай агульнай хваробай.

Так было заўсёды. Гісторыя дае прыклады неверагоднага падзьвіжніцтва і пакутніцтва, але і падзеньняў. Хіба што ў раньнехрысьціянскія часы можна гаварыць пра ідэал, у якім зьнешняе адпавядала ўнутранаму. Хрыстос знайшоў паразуменьне найперш і пераважна зь беднымі, і Ягоная Царква нязьменна застаецца Царквою бедных, а бедныя – гэта тыя, хто мае ў ёй патрэбу. Гэта тыя, хто пасьпяхова пераадольвае спакусы непазьбежныя, як у мінулым, так і ў наш час”.

(Бандарук: ) “Спакусы, пра якія кажа Галіна Тварановіч, напэўна не абмінаюць ні вернікаў, ні духавенства. Царква сама падкрэсьлівае той парадаксальны факт, што яна як “божае ўстанаўленьне” сьвятая, але складаецца з грэшнікаў. З другога боку, Царква пакліканая стаць “закваскай” лепшага сьвету і лепшага чалавека. Яна пакліканая быць маральным узорам і настаўнікам для сьвету, і дрэнна, калі яна здраджвае свайму пакліканьню. Меркаваньне праваслаўнага верніка ў ЗША Аляксандра Сільвановіча”.

(Сільвановіч: ) “Сапраўды, Царква крыху адышла ад свайго першапачатковага пакліканьня, ад сваёй місіі. Часта гэта кідаецца ў вочы. Праўда, я ня думаю, што яна можа існаваць цалкам без матэрыяльных сродкаў. Бо ж трэба прыдбаць храм, трэба яго ўтрымаць. Асабліва ў нас, у Амэрыцы, царкву поўнасьцю ўтрымліваюць сваімі ахвяраваньнямі, працай і сродкамі самі вернікі.

З другога боку, бывае, што Царква мае ажно зашмат, а ейныя вернікі – бедныя. Тады, гэта і вернікі, і людзі звонку вельмі адмоўна на багацьце Царквы рэагуюць. Ды й Эвангельле вучыць, што багацьце – гэта апошняе, што Царкве трэба”.

(Бандарук: ) “Эвангельле, як адзначыў спадар Сільвановіч, аўтарытэтна патлумачыла, якое павінна быць стаўленьне да зямных каштоўнасьцяў. Аднак пытаньне багацьця і беднасьці ўздымалася ў Царкве нязьлічоную колькасьць разоў. І, на жаль, трэба прызнаць, што Царква ў асобах герархаў, афіцыйна ніколі не прыслухоўвалася да голасу тых, хто хацеў вярнуць Царкве ейную эвангельскую сьціпласьць.

Згадаю толькі некалькі прыкладаў: прафэсар Оксфардзкага Ўнівэрсытэту Джон Ўікліф (1320-1384) выступіў супраць продажу індульгенцыяў, заклікаў Царкву адмовіцца ад назапашанага ёю багацьця, найперш ад вялізных манастырскіх землеўладаньняў і жыць на ахвяраваньні вернікаў. Багацьце Царквы, продаж царкоўных пасадаў асудзіў таксама Ян Гус (1371-1415). Аднак на саборы ў Канстанцы Гус быў аб’ялены ерэтыком і спалены. Сабор асудзіў таксама даўно памерлага Джона Ўікліфа, а ягоныя парэшткі былі выцягнутыя з магілы і спаленыя.

Што да праваслаўнай Царквы, дык пры канцы XV і на пачатку XVI стагодзьдзяў у Расеі зьявіўся рэлігійна-палітычны рух “некарысьліўцаў”. Ніл Сорскі, Васіян (Патрыкіеў) і старац Арцемі лічылі, што матэрыльныя каштоўнасьці пярэчаць эвангельскай маралі й шкодзяць аўтарытэту Царквы. На Саборы 1503-га году Ніл Сорскі ўзьняў пытаньне манастырскіх уладаньняў, якія ў той час раўняліся траціне ўсёй дзяржаўнай тэрыторыі. Аднак праціўнікі, на чале зь Язэпам Волацкім здолелі пераканаць цара Івана ІІІ Васільевіча, і Царква захавала сваю маёмасьць.

Другі раз пытаньне “некарысьлівасьці” разглядалася на Саборы 1531 году, аднак Сабор рэзка яго асудзіў. Такім чынам, у Царкве яўна перамаглі тыя, каму воўна была даражэйшая за авечак. Ці такія адназначныя крокі ня шкодзіць аўтарытэту Царквы?

(Тварановіч: ) “Пэўна шкодзяць аўтарытэту Царквы. Аднак нельга забываць, што ў наш няпросты час, калі гэтулькі матэрыяльных магчымасьцяў, спакушаюцца і вернікі, і духоўныя асобы. Тым ня менш, я вельмі неахвоча зьвяртаю ўвагу на некаторыя факты, што прыніжаюць альбо абражаюць статус царкоўнага інстытуту.

Празьмерная матэрыяльная зацікаўленасьць ў некаторых духоўных асобаў, пэўна, выводзіць іх за межы іхнага сану. І вось гэта сапраўды зьяўляецца выпрабаваньнем для вернікаў. Страшна, калі цэсарава засланяе Богава. Аднак кожны з нас, асабліва ў гэтай тонкай, духоўнай сфэры, павінен павінен глядзець на сябе і адказваць найперш за сябе”.

(Бандарук: ) “Напэўна заўсёды трэба глядзець найперш на сябе. Пра гэта сказана ў Эвангельлі: “Што ты глядзіш на трэсачку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку не прыкмячаеш?” (Мацьв. 7, 3). З другога боку, Хрыстос заявіў: “Ніхто ня можа служыць двум паном; бо ці першага будзе ненавідзець, а другога любіць, ці першаму пачне спрыяць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне” (Мацьв. 6,24).

Слова “мамона” – сырыйскага або хальдэйскага паходжаньня. У паганцаў гэта быў ідал багацьця, патрон карысьлівасьці й накапленьня. Тымчасам агульнавядома, што цэрквы часта займаюцца бізнэсам, якім не выпадае ім займацца. Згодна з прынцыпам, што “грошы ня пахнуць”, у гісторыі было ўжо і такое, што рымскі папа абклаў падаткамі гарадзкія бардэлі.

У Злучаных Штатах ледзь ня кожная парафія, як непрыбытковая арганізацыя, мае права і ахвоча арганізуе “бінга” – азартную гульню, якая дае вялікія прыбыткі. Калі я быў у ЗША, я ад нікога ня чуў, што гэта азарт, што гэта нячысты прыбытак. А што думае пра гэта вернік адной з такіх парафіяў ў Гайлэнд-Парку – спадар Сільвановіч?”

(Сільвановіч: ) “Я на гэта гляджу адмоўна – думаю, што Царква павінна знайсьці іншыя крыніцы ўтрыманьня. Дарэчы, яе амаль заўсёды здолеюць утрымаць вернікі. Хіба, што будзе ня надта багатая. Але бінга – гэта для Царквы няўхвальны занятак. Па-мойму, Царква павінна неяк абысьціцся бяз гэткіх крыніцаў прыбытку.

У Эвангельлі ёсьць Хрыстос выгнаў з храму гандляроў і перавярнуў іхныя сталы. Адсюль бачна, што і сучаснай Царкве не выпадае займацца падобнымі рэчамі. Бінга, азарт і падобнае – гэта ня можа быць сфэрай царкоўнай дзейнасьці. Хай лепш Царква будзе бяднейшая, але гэтым не займаецца”.

(Бандарук: ) “Ня кожнай прыбытковай дзейнасьцю Царкве выпадае займацца, мяркуе Аляксандар Сільвановіч, беларус з ЗША. У Эўропе бінга не распаўсюджанае, але Царква шукае іншых крыніцаў прыбытку.

Са шматлікіх прэсавых паведамленьняў вынікае, што Руская Праваслаўная Царква актыўна далучылася да агрэсіўнага расейскага капіталізму. Пад ейныя крылы перайшлі шматлікія сфэры бізнэсу, якія вельмі далёкія ад традыцыйнай нарыхтоўкі сьвечак, іконак, лямпадаў і рэчаў культу. Царква нават прадае гарэлку, выдае нецаркоўную літаратуру і займаецца перавозкамі. Яна не цураецца ніякай сфэры камэрцыйнай дзейнасьці. Ці Вы, спадар Сільвановіч, чулі пра гэта? Што думаеце на гэты конт?”

(Сільвановіч: ) “Бачыце, калі гэта царкоўныя прадметы, ніхто ня супраць такога. Горш, калі Царква гандлюе ці ня грэшнымі таварамі – прыкладам, гарэлкай. Царква ж вучыць вернікаў стрымлівацца ад дрэнных звычак, а гэткі бізнэс пярэчыць ейнаму навучаньню. Камэрцыялізацыя царкоўных структураў – вельмі адмоўная зьява, калі Эвангельле прапаведуе адно, а Царква робіць процілеглае. Царква не абавязкова мусіць быць аблітая золатам. Лепш паказаць, што яна сапраўды адданая сваёй місіі пашырэньня Дабравесьця”.

(Бандарук: ) “Нават беларусы ў Амэрыцы чулі пра гэты царкоўны бізнэс. Узьнікае пытаньне: нават калі ім займаюцца толькі некаторыя сьвятары, усё роўна гэты бізнэс квітнее пад шыльдай Рускай Праваслаўнай Царквы і зь ведама начальства. Чаму царкоўная герархія не забараняе такую дзейнасьць?”

(Кротаў: ) “Царкоўная герархія сама найперш займаецца камэрцыяй. Яна якраз забараняе рабіць гэта ніжэйшаму духавенству, бо хоча мець манаполію на дачыненьні з прадпрымальнікамі. Я мяркую, гэта грэх, але гэта не праблема ўсёй Царквы.

І калі Госпад сказаў, што “нельга адначасова служыць Богу і мамоне”, паганскаму ідалу зла і нажывы, дык гэта сьвятая праўда. Тыя япіскапы і сьвятары, якія служаць дэману срэбралюбства, яны адрынутыя Богам. Гэта іхная праблема і праблема Бога. Я ведаю многіх сьвятароў, якія самі ўтрымліваюць свае парафіі, самі дзесьці зарабляюць – напрыклад, здаюць свае кватэры ў горадзе і за свае грошы рэстаўруюць храм.

Такім чынам, сытуацыя вельмі неадназначная. Але калі чалавек хоча ісьці да Бога і пры тым царкоўным шляхам, то я думаю, ён мае магчымасьць абмінуць тых япіскапаў і сьвятароў, якія камэрцыялізаваліся. Спакуса ёсьць – няма чаго ўтойваць. Але для людзей, якія хочуць зьвярнуцца да Хрыста, гэта не праблема. Яны могуць зьвярнуцца да Яго непасрэдна або могуць знайсьці некарысьлівых сьвятароў, бяссрэбранікаў. Ёсьць жа звычайныя, шараговыя, праваслаўныя, цалкам сумленныя і прыстойныя людзі”.

(Бандарук: ) “Абмінуць карысьлівых сьвятароў, як кажа спадар Кротаў, напэўна можна, тым болей, што ня ўсе такія. Аднак на сьвятароў заўсёды глядзяць вернікі. Можа гэта несправядліва, але добрае не выклікае цікаўнасьці, затое дрэннае кідаецца ў вочы. Улічваючы гэта, можа ім трэба быць больш патрабавальнымі да сябе? Меркаваньне Прафэсара Анджэя Дзюбы”.

(Дзюба: ) “Зразумела, што ў наш час многа сьвятароў, якія ўвасабляюць эвангельскія прынцыпы беднасьці, часам і жывуць ніжэй за сярэдні ўзровень. З другога боку, можна знайсьці і такіх, што маюць ня толькі вялікую маёмасьць, але й выхваляюцца ёю. Гэтым яны здраджваюць свайму пакліканьню, якому павінны быць верныя: дбаць пра бедных і слабых, ня толькі ў матэрыяльным сэнсе.

Тыя багацейшыя пэўна больш кідаюцца ў вочы, ды й ахвотней пра іх пішуць мас-мэдыі. Затое нашмат менш паказваюць тых, якія ня толькі самі выбралі сьціплае жыцьцё, але й даюць іншым прыклад прымірэньня зь лёсам. Такім чынам, багатыя і пыхлівыя – адзінкі, і гэтае ніяк не характарызуе ўсю Царкву як збаўчую ўстанову”.

(Бандарук: ) “Я згодны з прафэсарам. Нельга паказваць толькі нэгатыўнае, тым больш калі гэта маргінальная зьява. З другога боку, тэрарызм – гэта таксама не характэрная рыса ісьляму. Аднак ісьлям ня можа ўтаймаваць зьяву, якая псуе імідж гэтай рэлігіі. Па-мойму, у гэтым уся праблема.

Мне здаецца, што дзеля захаваньня свайго аўтарытэту як “сьвятла сьвету”, Царква таксама павінна выявіць больш эвангельскай сьціпласьці. У сьвеце, дзе багатыя звычайна багацеюць, а бедныя яшчэ больш бяднеюць, яна павінна выразна дыстанцыявацца ад магутных гэтага сьвету і стаць на бок слабых і бедных. Як вы мяркуеце, прафэсар Дзюба?”

(Дзюба: ) “Я думаю, што нельга забываць пра такія прыклады ўбоства як аскетычныя, самаахвярныя манаскія ордэны, якія зьяўляюцца сапраўдным “ сьвятлом сьвету”. Трэба згадаць, што Царква пастаўляе ўсё, чым распараджаецца, на службу пашырэньня Дабравесьця.

Калі, напрыклад, місіянэр за царкоўныя сродкі будуе школу, хіба гэта доказ багацьця Царквы? Хутчэй гэта прыклад салідарнага разьмеркаваньня наяўных сродкаў. Я думаю, штона некалькі тысяч узорных сьвятароў знойдуцца толькі адзінкі, што разьяжджаюць на шыкоўных аўтамабілях, на якімі ня мусяць разьяжджаць.

Гэта вельмі нешматлікія выняткі з нормы. У асноўным сьвятары добра разумеюць, што ім выпаде, а што не. Многія шчыра кажуць, што добры, спраўны аўтамабіль ім проста неабходны для пастырскай службы, і я веру ім. Затое ёсьць такія, хто выступаючы ад імя Царквы, безадказна, не па-эвангельску дэманструюць сваё багацьце вонкі. Гэта адмоўная, скандальная, цалкам заганная зьява. І вядома, крытыка на іхны адрас мусіць гучаць”.

(Бандарук: ) “Няма сумневу, што Царква нясе ў краіны трэцяга сьвету ня толькі Слова Божае, але і будуе школы, прытулкі, шпіталі. Часта можна пачуць, што патрэбы бедных – гэта вядро бяз дна: колькі ні ўлівай, яно ўсё адно пустое. Ці цэрквы багатых краінаў дастаткова дапамагаюць бедным па ўсім сьвеце? Спадарыня Тварановіч, як Вы мяркуеце?”

(Тварановіч: ) “Апостал Павал гаварыў, што вера бяз справы – мёртвая. Калі чалавек матэрыяльна дапамагае іншаму, гэта спрыяе таму, каб чалавек сьцьвердзіў сябе ў духоўным. Пэўна, хацелася б, каб бедных і няшчасных было менш, каб і Царква па меры сваіх магчымасьцяў брала яшчэ большы ўдзел у тым, каб чалавеку пад гэтым небам жылося лепш”.

(Бандарук: ) “Дзякуй Спадарыні Тварановіч і ўсім удзельнікам сёньняшняй перадачы. Усе яны пацьвердзілі, што срэбралюбства не абмінула Царкву, хаця гэтая зьява і маргінальная. Я ня ставіў сабе за мэту перабольшваць яе, але нельга заплюшчваць вочы на тое, што паказное багацьце Царквы дэмаралізуе вернікаў.

Людзі абураліся і будуць гэтым абурацца, хаця ўсе ведаюць, што нават лекары хварэюць, а сьвятары грашаць, што сьвятасьць – гэта не прафэсія. У любой аўчарні трапіцца чорная авечка. Праўда, у пошуках Бога вернік ня мусіць глядзець на іх. Зь іншага боку, няздарма гаворыцца, што “кропля смуроду псуе гарнец мёду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG