Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНЫ ВАЛЮТНЫ ФОНД ПРАПАНУЕ БЕЛАРУСІ СКАСАВАЦЬ ПАЗАБЮДЖЭТНЫЯ ФОНДЫ І ЎКЛЮЧЫЦЬ УСЕ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ПРЫБЫТКІ Й ВЫДАТКІ Ў БЮДЖЭТ


Алесь Грыневіч, Менск

З пачатку гэтага да канца наступнага тыдня ў Менску працуе супольная місія Ўсясьветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду. Міжнародныя экспэрты вывучаюць, наколькі эфэктыўна выкарыстоўваюцца сродкі беларускага бюджэту.

Прадстаўнікі МВФ яшчэ раней рэкамэндавалі, каб усе пазабюджэтныя фонды, якія існуюць ў Беларусі, былі ўключаныя ў дзяржаўны бюджэт. Яны лічаць, што гэта неабходна, каб забяспечыць доступ грамадзтва да інфармацыі аб тым, куды йдуць дзяржаўныя грошы, і даць больш ясную карціну эканамічнай сытуацыі ў краіне. Беларускі ўрад выканаў шэраг рэкамэндацыяў, але адкрытым застаецца пытаньне аб ўключэньні ў бюджэт фінансавых апэрацыяў прэзыдэнцкіх структураў. Гаворыць пастаянны прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі й Літве Марк Хортан.

(Хортан: ) "Мы хацелі б сказаць, што ёсьць некаторы прагрэс. Мы рабілі гэткія ж рэкамэндацыі ў мінулым, у тым ліку падчас ранейшых тэхнічных візытаў. І, напрыклад, некаторыя так званыя інавацыйныя фонды цяпер уключаныя ў бюджэт. Але па ранейшаму існуе меркаваньне, што прэзыдэнцкай адміністрацыяй праводзяцца значныя апэрацыі, якія цалкам не адлюстроўваюцца ў бюджэце".

Спадар Хортан кажа, што Міжнародны валютны фонд дагэтуль не атрымаў ад ураду адказу на прапанову ўключыць у бюджэт фінансавыя апэрацыі прэзыдэнцкіх структураў.

(Хортан: ) "Нам адказваюць, што існуе фармальны прэзыдэнцкі фонд, які ўключаны ў бюджэт. Але ёсьць іншыя апэрацыі, якія пакуль што ня ўключаныя. На нашую думку, поўная карціна грашовай сытуацыі, поўная карціна эканамічнай сытуацыі ў Беларусі невідавочная й няясная, пакуль ня ўсе апэрацыі ўключаныя ў бюджэт. Таму існуе меркаваньне, што трэба працаваць далей, каб вызначыць гэтыя апэрацыі і зрабіць іх часткай бюджэту".
Дырэктар дэпартамэнту бюджэтнай палітыкі міністэрства фінансаў Беларусі Уладзімер Амарын наступным чынам пракамэнтаваў заяву спадара Хортана:

(Амарын: ) "Я пра гэтыя фонды нічога ня ведаю, таму прабачце, але... Мы маем у бюджэце афіцыйны рэзэрвовы фонд прэзыдэнта, які вы можаце ўбачыць у Законе аб бюджэце, разгарнуўшы яго на артыкуле трынаццатым. Вось і ўсё, што я вам магу пракамэнтаваць".
XS
SM
MD
LG