Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭГРАЦЫЙНАГА ПРАРЫВУ НЕ АДБЫЛОСЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Павал Барадзін у інтэрвію расейскай газэце “Известия” выказаў спадзяваньне, што канстытуцыйны акт саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі будзе ўхвалены яшчэ сёлета. Аднак Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін дамовіліся, што ў чацьвертым квартале гэтага году будзе прадстаўленая толькі канцэпцыя гэтага дакумэнту.

Палітоляг Аляксей Кароль, ацэньваючы палітычныя вынікі апошняй маскоўскай сустрэчы кіраўніцтва Беларусі й Расеі, лічыць, што расейскія кіроўныя колы цяпер не зацікаўленыя ў паскарэньні інкарапарацыі Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі.

(Кароль: ) “Прыняцьце канстцытуцыйнага акту, калі б яно было ажыцьцёўленае, стварыла бы небясьпеку для сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусі. Тое, што ён адкладзены, сьведчыць, што Расея цяпер ня вельмі зацікаўленая ў паглынаньні, у інкарпарацыі Беларусі, бо гэта будзе чыста палітычная акцыя, без эканамічных выгодаў для Расеі”, – мяркуе лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксей Кароль.

Такім чынам, палітычныя вынікі паседжаньня ў Маскве сьціплыя, ніякага інтэграцыйнага прарыву, які напярэдадні абяцаў Леанід Козік, не адбылося, – мяркуе лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Тое, пра што гаварылі чыноўнікі з атачэньня Лукашэнкі, і пра што ён сам прамаўляў перад паездкай у Маскву, у значнай ступені адкладваецца – на месяц альбо да канца году. Але, як паказвае практыка беларуска-расейскіх дачыненьняў, гэта адкладваецца на нявызначаную пэрспэктыву. Я думаю, што для Лукашэнкі тут больш мінусаў, чым станоўчых момантаў”.

Ацэньваючы падпісаныя ўчора эканамічныя пагадненьні пра адзіныя тарыфы на энэрганосьбіты і чыгуначны траспарт ды абяцаньне А.Лукашэнкі адмяніць льготы беларускім суб’ектам гаспадараньня, Анатоль Лябедзька зазначыў:

(Лябедзька: ) “Гэта ўсё дэклярацыі пакуль, хаця Лукашэнка можа выступаць за тое, што выгадна яму, каб Расея зрабіла аднолькавыя цэны на чыгуначны транспарт і на газ. Але тое, што трэба рабіць яму самому, выканаць вельмі складана, бо вельмі шмат губляе бюджэт – і ці пойдзе на гэта Лукашэнка, незразумела. Такія рашэньні ўжо прымаліся, але потым іх ніхто не выконваў на ўзроўні канкрэтных структураў”.

На паседжаньні Найвышэйшага дзяржсавету так званай саюзнай дзяржавы замест пакету з шасьці міжурадавых дакумэнтаў былі падпісаныя толькі два пагадненьні – аб разьвіцьці газавай інфрастуктуры і аб адзіных умовах у цэнавай палітыцы. Пытаньне пра ўскосныя падаткі й кампэнсацыю Беларусі ў памеры 180 мільёнаў даляраў адкладзена – прынамсі, на месяц. Тым ня менш, падпісаньне двух эканамічных пагадненьняў з Расеяй экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір разглядае як пазытыўны факт:

(Чыгір: ) “Гэта вельмі нядрэнна, што будуць адзіныя тарыфы на газ, электраэнэргію, чыгуначныя перавозкі. Але ж пры гэтым таксама ёсьць дамоўленасьць аб тым, што зьменіцца парадак спагнаньня ўскосных падаткаў, і тут патрэбныя дакладныя падлікі, бо ў выніку беларускі бюджэт страціць пэўныя паступленьні. Таму ўсё павінна быць падлічана, а наогул я лічу, што эканамічныя стасункі з Расеяй – гэта вельмі добра”.

Міхаіл Чыгір пры гэтым сумняецца, што дамоўленасьці будуць рэальна выкананыя:

(Чыгір: ) “Наконт таго, ці будуць рэалізаваныя гэтыя пагадненьні, сумнеў у мяне нейкі ёсьць. Таму што дамоўленасьці былі й раней. А потым хтосьці прымаў рашэньні, якія ішлі ім насуперак, і пасьля гэтага тыя рашэньні скасоўваліся. Гэта можа здарыцца й цяпер, але ж сёньня эканамічнае становішча ў Беларусі вельмі дрэннае, вельмі цяжкае”.

Былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір лічыць пазытыўным магчымае скасаваньне льготаў пэўным беларускім суб’ектам гаспадараньня, ён мяркуе, што ўсе павінны працаваць у роўных умовах, і пацерпяць тут найперш тыя камэрцыйныя структуры, якія дзейнічаюць пад патранажам кіраўніцтва справамі А.Лукашэнкі.

Прадстаўнік БСДП “Народная Грама да” Ўладзімер Нісьцюк лічыць, што нейкі прагрэс у эканамічных дачыненьнях Беларусі з Расеяй магчымы, але не пры цяперашніх умовах:

(Нісьцюк: ) “Усё, што адбывалася ўвесь гэты час, гэта была палітычная гульня – нехта нешта рабіў, але рабіў толькі пад палітычны дах. Цяпер ня можа быць ніякіх моцных крокаў на шляху інтэграцыі, таму што нельга эканамічную сыстэму расейскага рынку аб’яднаць зь дзяржаўна-манапалістычным сацыялізмам у Беларусі. І як бы там ні рабілі нейкія паўкрокі, удзел у акцыянаваньні – гэта не сыстэма, гэта не інтэграцыя. Па-другое, нельга тую дзяржаву, у якой ужо ёсьць нейкія парасткі дэмакратыі, якой зьяўляецца Расея, зьяднаць зь дзяржавай дыктатуры. Таму што гэта ўплывае на ўсе палітычныя, замежнапалітычныя ды іншыя моманты. Па-трэцяе, нельга зараз уніфікаваць заканадаўства, таму што ў Беларусі няма парлямэнту”.

Уладзімер Нісьцюк мяркуе, што Расея вымушаная працягваць ранейшую інтэграцыйную палітыку:

(Нісьцюк: ) “Таму мне бачыцца, што для Расеі зараз Беларусь, як куфар бяз ручкі – і кінуць нельга, і цягнуць далей цяжка. Вось у гэтым стане Расея зараз апынулася. Таму яна робіць маленечкія крокі, якія на нешта як быццам уплываюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG