Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЯК ЖЫВЕЦЦА АПАЗЫЦЫЯНЭРУ, ЯКІ НЕ АТРЫМЛІВАЕ ГРАНТАЎ І НЯ ЕЗЬДЗІЦЬ ЗА МЯЖУ”


Валянцін Жданко, Менск

Пэнсіянэры, і асабліва пэнсіянэры вайсковыя, заўсёды лічыліся найбольш надзейнай часткай электарату Аляксандра Лукашэнкі, ягоным апірышчам. Тым больш нечаканым было атрымаць ліст ад адстаўнога вайскоўца, які,сутыкнуўшыся з тым, як у сапраўднасьці ставіцца беларуская ўлада да ягоных грамадзянскіх правоў, ператварыўся з прыхільніка ў зацятага апанэнта Лукашэнкі.

Ліст гэты даслаў нам вайсковы пэнсіянэр Ігар Жураўлёў зь літоўскага гораду Іанава. Раней спадар Жураўлёў служыў у савецкай арміі і жыў у Беларусі. Але некалькі гадоў таму зь сямейных прычынаў перасяліўся ў Літву. І са зьдзіўленьнем даведаўся, што пасьля гэтага беларуская дзяржава, грамадзянінам якой ён застаўся, ня лічыць патрэбным плаціць яму пэнсію.

З таго часу ўжо некалькі гадоў пэнсіянэр Жураўлёў піша Аляксандру Лукашэнку і ва ўсе іншыя дзяржаўныя органы Беларусі. Атрымаў больш як дваццаць адказаў, якія называе адпіскамі. Асабліва ўразіў пэнсіянэра адказ з Канстытуцыйнага суду, у якім сказана, што паводле Канстытуцыі права на пэнсію грамадзянін Жураўлёў мае, але эканамічная сытуацыя не дазваляе вырашыць гэтую праблему. А сам Канстытуцыйны суд не валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Ігар Жураўлёў з гэтай нагоды піша:

“Цікава, навошта патрэбны такі Канстытуцыйны суд, які ня мае права абараняць канстытуцыйныя правы грамадзянаў. І хіба можна, спасылаючыся на эканамічныя праблемы, апраўдваць парушэньні правоў чалавека? Міністар замежных спраў Беларусі Хвастоў у хуткім часе павінен выступаць у Жэнэве на сэсіі ААН у галіне правоў чалавека. Што ён можа сказаць, калі кіраўніцтва Беларусі адкрыта парушае правы сваіх грамадзянаў.

Аляксандар Лукашэнка часта і ахвотна гаворыць пра роўнасьць беларускіх і расейскіх грамадзянаў. Але пра якую роўнасьць можна казаць, калі каля 9000 расейскіх вайсковых пэнсіянэраў, жывучы ў Літве, спакойна атрымліваюць свае вайсковыя пэнсіі, а ў пяцёх грамадзянаў Беларусі, якія жывуць у трох балтыйскіх краінах, урад Беларусі заробленыя імі вайсковыя пэнсіі адабраў”.

На падставе гэтых фактаў Ігар Жураўлёў робіць наступную выснову:

“Паміж прыгожымі заявамі і рэальнымі адносінамі да забесьпячэньня грамадзянскіх правоў кіраўніцтвам Беларусі — вялізная розьніца”.

Справа, спадар Жураўлёў, ня толькі ў вас і яшчэ ў чатырох беларускіх пэнсіянэрах, якія наважыліся перасяліцца ў Балтыю. Такія ж, як і вы, пытаньні задаюць дзясяткі тысяч нядаўніх беларускіх грамадзянаў, якія жывуць цяпер у Амэрыцы, Ізраілі, Нямеччыне. Многія зь іх большую частку жыцьця працавалі на беларускіх дзяржаўных прадпрыемствах, зь іх заробкаў забіралі грошы ў пэнсійныя фонды. І за іхную працу беларуская дзяржава ня плаціць ні капейкі.

Практыка гэтая яшчэ савецкая. Тады любы, хто перасяляўся з СССР за мяжу, лічыўся ледзь ня здраднікам. Якая там пэнсія: былі ўдзячныя ўжо за тое, што выпусьцілі з таго так званага “разьвітага сацыялізму”. Цяпер сытуацыя зьмянілася, і калі б у Беларусі існаваў незалежны Канстытуцыйны суд — ён бы мусіў аднавіць справядлівасьць. Але незалежнага суду няма, а той, што ёсьць, абслугоўвае ўладу, якой выгадная савецкая практыка.

Ліст ад слухача з Бабруйску, які падпісаўся як Лукаш Мудроў:

“Крытыкам апазыцыі быць лёгка, асабліва калі займаеш пасаду рэдактара газэты “Советская Белоруссия”, “Беларускі час”, альбо працуеш уласным карэспандэнтам газэты “Народная воля” ў Польшчы. А як жывецца апазыцыянэру, які ня ведае грантаў ды паездак за мяжу? Цяжка матэрыяльна, а яшчэ горш і больш прыкра маральна.

Часта думаю: у нас па сутнасьці няма нацыі. Зьнішчаная беларуская мова і культура, няма беларускага народу. Так і засталася так званая “новая гістарычная супольнасьць — савецкі народ”. Для такога народу ўбачыць за кратамі пару дзясяткаў дырэктараў, сотню апазыцыянэраў і ўсіх бізнесменаў — вялікая асалода. Ненавідзяць у нас разумных і багатых. Таму і прэзыдэнта такога выбралі”.

Мы даволі часта атрымліваем такія лісты, паважаны слухач — асабліва пасьля выбарчых кампаніяў, калі становіцца відавочна, што апазыцыя не дамаглася свайго і вялікія намаганьні, прыкладзеныя многімі бескарысьлівымі людзьмі, аказаліся марнымі. Падобныя абагульненьні і высновы пра тое, што, маўляў, “няма беларускай нацыі”, што нібыта для народу “асалода бачыць у турме апазыцыянэраў і бізнэсмэнаў” — вядома ж, перабольшаньне. Хоць і зусім зразумелае, зважаючы на сёньняшнія беларускія рэаліі.

Наш сталы слухач і крытык Іван Антановіч з Горадні піша:

“Добра, што ёсьць Свабода — незалежная, аб’ектыўная станцыя. Але мы не зусім задаволеныя вамі. Прычым гэта думка многіх маіх знаёмых. Нам ня вельмі патрэбныя перадачы пра тое, што ела і піла шляхта, як яна бавілася, альбо пра лысіны. Хіба такія перадачы здольныя фармаваць беларускі нацыянальны дух?

Паводле нашых падлікаў, Свабода штотыдзень атрымлівае дзясятак лістоў. А вы, спадар Жданко, зачытваеце толькі два-тры. Прытым асобныя зь іх напісаныя стукачамі, якія пішуць, што раней, за камуністамі, было ўсё добра. А калі ў лісьце ў адказ іх абвергнеш, дык пра гэта спадар Жданко ня згадвае. У выніку многія настолькі незадаволеныя Свабодай, што гатовыя пісаць у Кангрэс ЗША”.

Далей Іван Антановіч наракае на тое, што на Свабодзе, на ягоную думку, мала перадачаў на тэму сталінскіх рэпрэсіяў і злачынстваў камунізму. Ён піша, што многія кнігі ў Беларусі забароненыя цэнзураю, і таму трэба чытаць іх па радыё. А заканчвае свой ліст Іван Антановіч наступным чынам:

“Свабоду слухаюць многія, але пісаць баяцца. Ведаючы, што ёсьць цэнзура і рэпрэсіі, могуць пісаць пад псэўданімам — так бясьпечней”.

Аўтар прызнаецца, што таксама падпісаўся выдуманым прозьвішчам і напісаў на канвэрце выдуманы адрас.

Не магу пагадзіцца з вамі, спадар Антановіч. Аднаўленьню гістарычнай памяці народу спрыяе ня толькі праўда пра сталінскія рэпрэсіі. Беларусы доўгі час былі пазбаўленыя і гісторыі больш даўняй, у тым ліку 17-га — 18-га стагодзьдзяў. І многія яе цяпер зь вялікай цікавасьцю для сябе адкрываюць.

Што да лістоў — сапраўды, няма магчымасьці ўсе іх даслоўна цытаваць. Але найбольш цікавыя зь іх, асабліва калі аўтар распавядае пра ўласныя жыцьцёвыя гісторыі і назіраньні, дзеліцца небанальнымі развагамі — я абавязкова выкарыстоўваю.

Іван Хахол зь нямецкага гораду Зігена падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад жыцьця ў Нямеччыне. Вось як, для прыкладу, адказвае ён на пытаньне “ці ведаюць у Нямеччыне пра Беларусь”:

“За два апошнія гады, паводле маіх назіраньняў, у нямецкіх тэлевізійных навінах згадвалі пра Беларусь усяго двойчы: калі дэманстранты ў Менску закідалі амонаўцаў камянямі, і другі раз, калі адбылася трагедыя на Нямізе.

Аднойчы ў Дзюсельдорфе я зайшоў у прывакзальны паліцэйскі ўчастак — па нейкую даведку. Дзяжурны афіцэр пацікавіўся, адкуль я прыехаў. Зь Беларусі? Адказ яму яўна ні пра што не гаварыў. Спрабую выкарыстаць іншы варыянт: “Вайсрусланд”. І зноў зьдзіўленьне: “Рускіх ведаю, а белых рускіх — не. Гэта дзе?” Ягоны калега быў больш дасьведчаны, сказаў яму, што гэта каля Польшчы.

А ўвогуле, нават тыя немцы, якія пра Беларусь ведаюць, найчасьцей зьвязваюць назву краіны толькі зь дьвюма зьявамі — Чарнобылем і Лукашэнкам. І спачувальна пры гэтым уздыхаюць”.

Падобныя нараканьні на тое, што за мяжой, маўляў, нічога ня ведаюць і ня хочуць ведаць пра Беларусь, можна пачуць часта. Ня ўпэўнены, аднак, што менавіта гэта ёсьць дакладным паказчыкам заняпаду і адсталасьці краіны. Пра Беларусь якраз у заходніх мэдыях згадваюць намнога часьцей, чым пра іншыя сувымерныя зь ёй краіны Усходняй Эўропы. Іншая справа, што інфармацыйныя падставы для гэтых публікацыяў ня самыя прыемныя для Беларусі.

Што да геаграфічных ды палітычных ведаў сярэдняга абываталя, то яны што ў Нямеччыне, што ў Беларусі не вызначаюцца глыбінёй. І наўрад ці выпадае папракаць за гэта далёкіх ад палітыкі людзей.

На заканчэньне — урывак зь ліста зь Менску, з вуліцы Захарава, аўтары якога падпісаліся як “невядомыя змагары”:

“На душы вельмі цяжка і трывожна. Арыштаваны Павал Севярынец. Што рабіць? Мы доўга думалі і цяпер знайшлі адказ. Мы пакладзем на вуліцах Менску кветачкі каля дамоў, дзе жывуць нашыя хлопцы, якіх рэжым трымае ў турмах. І ўсё роўна мы будзем хадзіць па вуліцах. На душы цяжка, дык засьпяваем наш гімн “Магутны Божа”. А калі што здарыцца з Севярынцам, мы ім адпомсьцім”.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну, Аляксандар Карачун зь вёскі Чырвоная Горка Дзяржынскага раёну, Міхась Паляшук зь Менску, Анатоль Сазонаў са Слуцку, Аляксандар Олесь з украінскага мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці і Алесь Шустоўскі з Барысава.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG