Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО РАБІЦЬ З МЭЛІЯРАВАНЫМІ ЗЕМЛЯМІ?


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі зараз каля 3 мільёнаў гектараў мэліяраваных земляў. Загадчык лябараторыі навукова-дасьледчага інстытуту мэліярацыі і лугаводзтва, доктар навук Васіль Клімкоў прызнае памылковасьць многіх ранейшых падыходаў:

(Клімкоў: ) "Вядома, была пагоня за выкананьнем пляну і г.д. Але што вяртацца да таго, чаго ня вернеш, давайце глядзець наперад. Што нам рабіць, каб лепш жылося? Новых землящў мэліяраваць пакуль ня трэба. Трэба навесьці парадак на тых, што ўжо мэліяраваныя: падпраўляць, абнаўляць. Вось нашыя супрацоўнікі былі ў Англіі, дык там ужо 6-7 разоў праводзілася мэліярацыя. Таму на добрых землях трэба наводзіць парадак у воднай гаспадарцы, каб там быў належны водны рэжым, каб угнаеньне давала аддачу, каб былі добрыя ўраджаі".

Зараз, як вынікае з тлумачэньня навукоўца Клімкова, пытаньні мэліярацыі і землекарыстаньня цалкам у руках гаспадарнікаў — старшыняў калгасаў ды дырэктараў саўгасаў. Лідэр незарэгістраванай Сялянскай партыі Яўген Лугін мае вялікі сумнеў наконт іх здольнасьці як сьлед распарадзіцца зямлёю ды захаваць ейную ўрадлівасць:

(Лугін: ) "Я думаю, тут усё зразумела. Бо ня могуць яны апрацаваць гэтую зямлю. Вось адсюль і ўся гэтая прычына, што яны спрабуюць частку земляў пусьціць на сенакосы, частку аддаць пад пасадку лесу і г.д. Яны гатовыя згадзіцца, каб сяляне бралі зямлю. Але тыя сяляне, якія знаходзяцца ў калгасах і саўгасах, хацелі б зямлю аддаць, але не парушаць калгасна-саўгасную сыстэму. Сяляне тую зямлю, якую яны раней бралі, пачынаюць вяртаць калгасам. Таму што вёска старэе, людзі ўжо ня могуць апрацоўваць тую зямлю, якую спачатку ўзялі".

Вядомы беларускі пісьменьнік і журналіст Анатоль Казловіч напісаў некалькі кніг і мноства артыкулаў пра мэліярацыю. Як перакананы апанэнт тагачаснай, бяздумнай, на ягоную думку, палітыкі гвалту над зямлёю, ён вітае цяперашнія працэсы:

(Казловіч: ) "Нам пашанцавала, што дзесяць гадоў таму ня стала грошай і з гэтай прычыны спынілася так званая мэліярацыя. Ня стала за што псаваць зямлю далей. Што рабіць з тымі землямі, якія быццам бы палепшылі за 30-40 гадоў так званай мэліярацыі, — вельмі складанае пытаньне. Мая думка такая: няхай гэтыя землі зноў забалоцяцца. Няхай прырода ўзновіцца. Беларуская прырода няхай стане такою, якой была 50-100 гадоў назад. Няхай туды вернуцца зьвяры і птушкі, няхай людзі некалі пасьля нас убачаць, якою была Беларусь і 100, і 500, і 1000 гадоў таму".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG