Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ПАШЫРЭНЬНЯ ЭЎРАЗЬВЯЗУ НА ЎСХОД БЕЛАРУСЬ СТАНЕ ДЛЯ НЯМЕЧЧЫНЫ БЛІЖЭЙШАЯ


Алена Панкратава, Менск

Праўдападобна, што Менск нейкім чынам хоча пераадолець тую напружанасьць, якая існуе паміж Беларусьсю і Заходняй Эўропай, пачынаючы з 1997 году. Тады у выніку эканамічных і палітычных санкцыяў ЭЗ краіна апынулася ў сапраўднай ізаляцыі.

Як сказаў беларускі амбасадар у Брусэлі Сяргей Мартынаў, выступаючы на нядаўняй нямецка-беларускай канфэрэнцыі ў Брулі, дзеля таго, каб пакончыць са стагнацыяй у дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЭЗ, неабходныя гэтак званыя "эвалюцыйныя крокі". Паводле Мартынава, толькі супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях можа мець пазытыўны ўплыў на беларуска-эўрапейскія дачыненьні. Беларусь ёсьць транзытнай краінай на шляху з Эўропы ў Расею, і ў выніку пашырэньня ЭЗ на ўсход яна будзе межаваць з ЭЗ. А таму Эўропа ня можа спадзявацца на дабрасуседзкія стасункі з Расеяй, калі з гэтых дачыненьняў будзе выкінутая Беларусь.

Спасылаючыся на некаторыя сацыялягічныя дасьледаваньні, нямецкі журналіст таксама знаёміць чытачоў з агульнаграмадзкімі беларускімі тэндэнцыямі ў гэтым пытаньні. Колькасьць беларусаў, якія выступаюць за супрацоўніцтва з Захадам, штогод расьце. У той час як 50% апытаных выступаюць за інтэграцыю з Эўропай, усяго толькі 12% апытаных бачаць альтэрнатыву гэтым дачыненьням у супрацоўніцтве з Масквой.

У МЗС Нямеччыны даволі скептычна ставяцца да прапановаў Мартынава. Тым ня менш, немцы не адмаўляюцца ад сваёй гатоўнасьці да дыялёгу зь Менскам, але толькі ў тым выпадку, калі адпаведныя крокі будуць зробленыя і ў Менску. Як вядома, ЭЗ чакае ад беларускіх уладаў хутчэйшай акрэдытацыі кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Эбэргарда Гайкена. Беларусь гатовая акрэдытаваць эўрапейскага амбасадара, але толькі пасьля зьмены мандату гэтае групы. З гэтым, у сваю чаргу, ніяк ня можа пагадзіцца ЭЗ.

Паводле прадстаўнікоў МЗС Нямеччыны, калі ў гэтым пытаньні Менск ня зробіць ніякіх зрухаў, зрухаў у беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях ня будзе ўвогуле.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, Нямеччына па-ранейшаму настойвае на палітыцы паступовых крокаў. Сёлета з фэдэральнага бюджэту краіны для Беларусі выдзелена 2,3 мільёны эўра — пераважна на сацыяльныя і эканамічныя праекты. На ўзроўні няўрадавай дапамогі летась нямецкая падтрымка ў галіне гуманітарных праектаў склала 6 мільёнаў даляраў. Гэта трэцяя частка ад тых 18 мільёнаў даляраў, якія трапілі ў Беларусь для пераадоленьня наступстваў Чарнобылю па лініі няўрадавых міжнародных арганізацыяў.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, усходнеэўрапейскія экспэрты з фракцыі зялёных у нямецкім бундэстагу лічаць пазытыўным крокам падпісаньне Менскам сёлета ў студзені дамовы "Адкрытае неба" па кантролі за раззбраеньнем. Нямецкія зялёныя, а таксама "Зьвяз-90" неаднойчы выказвалі ў Бундэстагу свае пажаданьні адносна ўзмацненьня кантактаў на ўзроўні парлямэнтараў і экспэртаў.

Паводле “Frankfurter Rundschau”, агульная канцэпцыя нямецкіх партыяў ў дачыненьні да Беларусі пакуль яшчэ не прынятая. Хаця немцы ўсьведамляюць, што ў выніку пашырэньня ЭЗ Беларусь становіцца іхным непасрэдным суседам, і што ў зьвязку з праблемамі росту нелегальнай міграцыі гэтую краіну ніяк нельга ігнараваць.
XS
SM
MD
LG