Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА АШМЯНСКІМ ЗАВОДЗЕ "РАДЫЁТЭХНІКА" ЗВАЛЬНЯЮЦЬ ІНІЦЫЯТАРАЎ СТРАЙКАЎ


Ігар Карней, Менск

Апошні раз супрацьстаяньне паміж рабочымі "Радыётэхнікі" і кіраўніцтвам ўзьнікла днямі. Дырэктар заводу Вацлаў Баркоўскі прыгразіў, што будзе звальняць кожнага, хто пачне падбухторваць астатніх да непадпарадкаваньня. Скарачэньні на заводзе адбываюцца пастаянна: ад ранейшай паўтысячы рабочых засталося трыста.

Чарговай ахвярай нядаўніх пагрозаў дырэктара сталася брыгадзірка Валянціна Бэрнат, якая была ініцыятаркай усіх апошніх страйкаў. Ейнае месца ўжо заняў ляяльны да кіраўніцтва чалавек, але калектыў падобная кадравая ракіроўка не задаволіла. Вось што распавядае кіраўнік ашмянскага грамадзкага цэнтру "Рэгіён" і адначасна мясцовага прадстаўніцтва БГК Пятро Явідовіч, да якога па дапамогу зьвярнуліся 34 рабочыя завода:

(Явідовіч: ) "Людзі пачалі страйкаваць, бо несвоечасова выплочваюцца заробкі. Выйшлі з прэтэнзіямі да дырэктара. Адразу ж сюды былі запрошаныя прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі, каб высьветліць прычыны такога становішча. Тыя людзі, якія абаранялі свае правы найбольш актыўна, былі зьнятыя з пасадаў.

Такі лёс напаткаў брыгадзірку брыгады зборачнага цэху металаканструкцый. У брыгадзе 41 чалавек, і пад пагрозай звальненьня яны мусілі прагаласаваць супраць свайго брыгадзіра. Паставілі іншага чалавека, брыгада нейкі час баялася, а зараз яны правялі свой адмысловы сход, склалі пратакол з прапановай да кіраўніцтва, каб усё ж брыгадзіра замянілі, вярнулі жанчыну назад. На што дырэктар заводу, адкінуўшы паперы, сказаў: "Будзе так, як я вырашу". На цяперашні момант канфлікт паміж працоўнымі заводу і дырэкцыяй набывае вельмі вострыя формы".

Рабочыя папярэджваюць, што калі іхныя патрабаваньні ня будуць выкананыя цягам наступнага тыдня, страйкаваць будзе ўжо не асобны цэх, а ўвесь завод. Працягвае Пятро Явідовіч:

(Явідовіч: ) "Самі рабочыя распавядаюць, што кіраўніцтва атрымлівае вялікія заробкі — да 500 тысяч рублёў. Такія ж сумы практычна ва ўсіх, хто мае высокія пасады. Рабочыя ж атрымліваюцьдобра калі 70 тысячаў, хоць працуюць фізычна болей, чым тыя, хто пасады займае.

Атрымліваецца, што людзі мала працуюць і мала зарабляюць. Хоць людзі кажуць, што могуць рабіць болей, каб зарабляць столькі грошай, каб пракарміць сваю сям'ю".

Самім жа рабочым зараз застаецца толькі настальгічна прыгадваць часы, калі завод уваходзіў у ваенна-прамысловы комплекс Міністэрства абароны СССР. Тады, каб задаволіць патрэбы савецкай ваеннай машыны ў дэталях дакладнай радыёэлектронікі, ашмянскія рабочыя працавалі ў тры зьмены.
XS
SM
MD
LG