Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ ЗЬВЯРТАЕЦЦА ПА ДАПАМОГУ ДА ДЗЕЙНАГА СТАРШЫНІ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі сёньня накіравала адмысловы ліст на імя новага дзейнага старшыні АБСЭ — міністра замежных справаў Партугаліі спадара дэ Круза. У лісьце выкладзеныя акалічнасьці справы Мішэля Рывалье, у якога 15 красавіка заканчваецца тэрмін дзеяньня акрэдытацыі ў Беларусі. Супрацоўнікі групы просяць дзейнага старшыню АБСЭ паўплываць на беларускія ўлады.

Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка на пытаньне, ці зьмянілася што-небудзь у справе спадара Рывалье, зноў адмовіўся ад камэнтароў.

Яшчэ адзін адказны супрацоўнік МЗС, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча, сказаў, што тры дні таму міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў абмяркоўваў гэтую праблему з амбасадарам Францыі ў Беларусі Бэрнарам Фасье. Тут трэба ўзгадаць, што Мішэль Рывалье ёсьць грамадзянінам Францыі. На сустрэчы міністра і амбасадара мой суразмоўца не прысутнічаў, але на падставе некаторых ўскосных фактаў ён лічыць, што выканаўца абавязкаў кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі мае адзін шанец супраць чатырох, што тэрмін ягонай акрэдытацыі ў Беларусі будзе падоўжаны.

Гэты ж супрацоўнік міністэрства лічыць, што ў пятніцу 12 красавіка ніякіх навінаў ў справе спадара Рывалье ня будзе. Гэтая праблема, на ягоную думку, можа быць вырашаная толькі пасьля вяртаньня беларускай урадавай дэлегацыі з Масквы.
XS
SM
MD
LG