Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМОЧНІЦА ПРАКУРОРА ПАЗБАЎЛЕНАЯ БАЦЬКОЎСКІХ ПРАВОЎ ЗА ЗЬБІВАНЬНЕ СВАЙГО ПРЫЁМНАГА СЫНА


Галіна Абакунчык, Менск

Судовага рашэньня аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў Тамары Князевай больш за тыдзень разам з настаўнікамі й бацькамі чакаў таксама й Мікіта Князеў. Учора такое рашэньне нарэшце было прынятае, і цяпер у памочніцы пракурора мусяць забраць хлопчыка і адабраць службовую кватэру, якую яна атрымала з дапамогай прыёмнага сына. Акрамя ўсяго, гэты судовы вэрдыкт вымагае адкрыцьця супраць Князевай крымінальнай справы. Сёньня зранку Мікіта яшчэ ня ведаў выніку судовага разьбіральніцтва і галоўнае, што яго непакоіла — ці ня вернуць яго назад.

(Карэспандэнтка: ) "Мікіта, ты ведаеш, што ўчора адбыўся суд ?"

(Князеў: ) "Ведаю. Якое рашэньне прынялі?"

(Карэспандэнтка: ) "Суд прыняў рашэньне забраць цябе ў тваёй мамы. Ты рады гэтаму ці ня вельмі?"

(Князеў: ) "Рады. Але ж празь дзесяць дзён будуць прымаць канчатковае рашэньне”.

Намесьніца галоўнага лекара дзіцячага санаторыя ў Астрашыцкім гарадку Ніна Петрачэнка перадусім пацікавілася, ці праводзілася экспэртыза псыхікі Князевай. Лекарка таксама перакананая, што ўсе мінулыя й будучыя падзеі вакол Мікіты ня пройдуць для хлопчыка бясьсьледна:

(Петрачэнка: ) "Нікому не прыйшла ідэя праверыць у псыхіятра адказчыцу? Гэта неабходна было зрабіць. Мікіта вельмі чакаў вынікаў. Ён увесь тыдзень прыгнечаны хадзіў, нават галава моцна балела. Гэта вельмі цяжкае выпрабаваньне для псыхікі хлопчыка й, вядома ж, паўплывае на ягонае далейшае жыцьцё. Нашая кухарка Кацярына Назарэнка хоча забраць Мікіту. Ён і ў перазьменку ў яе жыў. Але прыходзілі сяброўкі ягонай былой маці, якія нібыта таксама хочуць забраць хлопчыка. Яны забяруць, а потым ізноў ёй вернуць — і такое ж можа здарыцца. Так што вакол яго цяпер плятуцца сеткі".

Стрыечная бабуля Мікіты Кахновіча-Князева Натальля Казлоўская таксама мае намер забраць хлопчыка ў сваю сям’ю. Але канчаткова лёс малога будзе вырашаць аддзел апекі Маскоўскага раёну. Паводле загадчыцы аддзелу Вольгі Барадзіной, ужо зараз інспэктары спрабуюць знайсьці для Мікіты новую сям’ю, альбо інтэрнат:

(Барадзіна: ) "Мы будзем шукаць для дзіцяці сям’ю альбо інтэрнат. А калі будзе касацыйная скарга і па ёй прымуць нейкае рашэньне, то будзем далей нешта вырашаць. На сёньня ў мяне ёсьць рашэньне суду й нечага чакаць я ня бачу сэнсу".

Паводле ейных словаў, працэдура ўсынаўленьня доўжыцца каля трох тыдняў. А тым часам 24 красавіка завяршаецца зьмена ў санаторыі, дзе другі месяц жыве Мікіта, і хлопчык мусіць пакінуць Астрашыцкі гарадок. З кім ён застанецца на гэты час — чыноўніца адказаць не змагла.

Апроч таго, пракурорка мае дзесяць дзён на абскарджаньне цяперашняга прысуду. Ці скарыстаецца Тамара Князева з гэтага права — пакуль невядома, але, паводле непацьверджаных зьвестак, з органаў пракуратуры яна ўжо звольнілася па асабістым жаданьні.
XS
SM
MD
LG