Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУЦІН ЗАЯВІЎ, ШТО БЕЛАРУСЬ БУДЗЕ АТРЫМЛІВАЦЬ ГАЗ ПА ЦЭНАХ СМАЛЕНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ


Юры Дракахруст, Прага

Пасьля перамоваў прэзыдэнт Расеі Пуцін заявіў, што з 1 траўня Беларусь будзе атрымліваць газ па цэнах Смаленскай вобласьці. Якое значэньне будзе мець гэтае рашэньне для беларускай эканомікі? – з такім пытаньнем я зьвярнуўся да беларускага эканаміста Леаніда Злотнікава.

Яшчэ месяц таму прэм’ер-міністры Беларусі й Расеі дамовіліся, што ў абмен на расейскія цэны на энэрганосьбіты Беларусь адменіць усе мытныя і падатковыя льготы для айчынных прадпрыемстваў. Меркавалася, што адпаведны дэкрэт Аляксандар Лукашэнка падпіша 1 красавіка. Як паведаміў сёньня прэзыдэнт Расеі, з 1 траўня, дня ўвядзеньня для Беларусі расейскіх цэнаў на газ, уступіць у сілу і дэкрэт кіраўніка Беларусі пра скасаваньне льготаў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў распавядае пра тое, якім чынам беларускі бок спадзяецца часткова ўратавацца ад гэтага патрабаваньня Масквы:

(Злотнікаў: ) “Я б сказаў, што істотнага значэньня гэта ўжо ня мае. Калі ў 1999 годзе Расеі панізіла цану на газ, то зьніжэньне адбылося з 50 да 30 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Зараз размова ідзе пра зьніжэньне цаны з 30 даляраў да тарыфу Смаленскай воласьці, які складае 22,5 даляры. Інакш кажучы выйгрыш ёсьць, але ён складае каля 100–115 мільёнаў даляраў.

З другога боку, бакі й да сёньня не дамовіліся пра парадак спагнаньня ўскосных падаткаў.З прычыны адсутнасьці гэтай дамоўленасьці страты Беларусі – каля 180 мільёнаў даляраў. Гэта больш, чым выйгрыш за кошт зьніжэньня цаны на газ. Калі ў 1999 годзе Беларусі не дапамагло зьніжэньне цаны на газ амаль удвая, то сёньня, калі эканамічнае становішча нашмат горшае, гэта тым больш не дапаможа. Як той казаў, тапельцу ўсё роўна, колькі над ім вады.

Для параўнаньня я магу сказаць, што агульныя месячныя заробкі й пэнсіі беларускага насельніцтва складаюць паўмільярда даляраў. Гадавая эканомія на 100 мільёнаў даляраў – гэта краіне, як кажуць, на адзін зуб. Сёньня гэта не вырашае ніякіх праблемаў.

Што тычыцца адмены льгот, то тут атрымліваецца цікавая сытуацыя. Тыдзень таму Лукашэнка выдаў указ пра экспэрымэнт на шэрагу прамысловых прадпрыемстваў. Сутнасьць экспэрымэнту – даваць прадпрыемствам розныя льготы дзеля спрыяньня іх разьвіцьцю. Сваім указам прэзыдэнт для шэрагу прадпрыемстваў хітрым чыным захаваў ільготы. Гэта тычыцца найперш буйных прадпрыемстваў – трактарнага заводу, МАЗу ды іншых, агулам каля дваццаці. Але для іншых прадпрыемстваў ільготы будуць адмененыя, і ім будзе цяжка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG