Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЮЗНЫЯ ГРОШЫ ІДУЦЬ “НАЛЕВА”, ПАКАЗВАЕ СПРАВАЗДАЧА ЛІЧЫЛЬНАЙ ПАЛАТЫ РАСЕІ


Алесь Грыневіч, Менск

Летась у сьнежні Лічыльная палата Расейскай Фэдэрацыі абвесьціла, што чыноўнікі беларуска-расейскага саюзу у 2000 і ў першай палове 2001 году выдаткавалі не паводле прызначэньня 181 мільён расейскіх рублёў. На гэтым тыдні зьявілася справаздача палаты, дзе на 25 старонках тлумачыцца, куды пайшлі саюзныя грошы.

Расейскі штодзённік "The Moscow Times" піша, што саюзныя чыноўнікі карысталіся бюджэтам нібы сваімі кішэннымі грашыма: купляючы аўтамабілі, фінансуючы праекты і выдаючы крэдыты, не прадугледжаныя бюджэтнымі плянамі. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі пабудаваў за грошы саюзнага бюджэту шматкватэрны дом у Менску і купіў сабе офіснае абсталяваньне.

Павал Кузямчак, намесьнік кіраўніка прадстаўніцтва сталага камітэту саюзнай дзяржавы ў Менску, заявіў нашаму радыё, што ён ня мае ніякай інфармацыі аб будаўніцтве такога дому і закупках абсталяваньня. Спадар Кузямчук лічыць непраўдзівымі паведамленьні аб злоўжываньнях саюзнымі грашыма.

(Кузямчак: ) "Там прысваеньня грошай няма. Калі, напрыклад, павінныя былі пабудаваць дом трохпавярховы, а пабудавалі пяціпавярховы — ну гэта ж пайшло на дом. Гэта ж не ў кішэнь пайшлі грошы, ня нейкаму чыноўніку. А тое што там ня так павінна было прайсьці пераразьмеркаваньне грошай — гэта іншае пытаньне. Я працую ў гэтых сфэрах, у мяне амаль 20 праграмаў, я колькі тут працую, ня памятаю, каб хтосьці нешта там... каб была растрата ці прысваеньне грошай; такога не было".

Праблемы з выкарыстаньнем саюзных грошай павінныя былі абмяркоўвацца сёньня ў Маскве на паседжаньні найвышэйшага дзяржаўнага савету пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі. Савет таксама павінен абмеркаваць бюджэт на 2002 год, які пакуль што складае 3,3 мільярда расейскіх рублёў, ці 105 мільёнаў даляраў.

"The Moscow Times" цытуе аналітыка маскоўскага дасьледчага цэнтру "INDEM" Юрыя Каргунюка, які кажа, што беларуска-расейскі саюз ня здолее зьмяніць сыстэму выдаткаваньня грошай. Саюз быў ад самага пачатку створаны як кармушка для бюракратаў, лічыць ён.

"Гэтыя грошы проста выкідаюцца на вецер, і іх наўрад ці выкарыстаюць інакш, а толькі скрадуць. Было створанае цёплае месьцейка для Паўла Паўлавіча Барадзіна, а таксама магчымасьць для Лукашэнкі вырашыць свае праблемы коштам Расеі", — лічыць расейкі аналітык Юры Каргунюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG