Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕЛЬЧЫЦКІ РАЙВЫКАНКАМ ВЫРАШЫЎ ЗАБАЛОЦІЦЬ НЕЎРАДЖАЙНЫЯ ЗЕМЛІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле рашэньня выканкаму, у балоты будуць ператвораныя больш за тысячу гектараў палеткаў. Гэта нізкапрадуктыўныя землі. Яны амаль што не даюць ураджаяў.

Да 2005 году колькасьць земляў інтэнсіўнага выкарыстаньня скароціцца яшчэ на 4 тысячы гектараў. Вялікая частка іх пойдзе пад пасадку лесу.

Намесьнік старшыні райвыканкаму і кіраўнік райсельгасхарчу Васіль Акуліч кажа, што зараз у раёне 26 тысяч гектараў мэліяраваных земляў. Аднак гаспадарнікаў яны ня надта радуюць.

(Акуліч: ) “Кожны божы год прыходзяць у нягоднасьць нашыя мэліяраваныя землі. Ім трэба рабіць рэканструкцыю. Аднак фінансы ніхто не выдзяляе. Трэба мільярды рублёў грошай”.

З падобнай праблемай сутыкаюцца ня толькі лельчыцкія земляробы. Старшыня аблвыканкаму Аляксандр Якабсон назваў мэліяраваныя землі “другім Чарнобылем”. На Гомельшчыне зараз, нягледзячы на праведзеную мэліярацыю, 23 тысячы гектараў земляў вымакаюць. Яны спакваля ператвараюцца ў балоты. На падтрыманьне ў спраўным стане раней збудаваных сыстэмаў асушэньня бракуе сродкаў.

Яшчэ 180 тысяч гектараў мэліяраваных земляў значна пераўвільготненыя. Варта прайсьці моцнаму дажджу, і пасевы збожжа, бульбы, іншых культураў нават улетку плаваюць у вадзе. Сельгасорганы ледзь ня кожны год сьпісваюць пасевы тысячамі гектараў. Практыкі заўважаюць, што і ўраджайнасць на так званых акультураных землях зьменшылася апошнім часам прыкладна ў 2 разы.

Да таго ж суцэльная мэліярацыя Палесся адмоўна паўплывала на клімат, жывёльны і расьлінны сьвет. Летнія замаразкі тут наагул сталі звыклай зьявай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG