Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"НЭЙРА ДЗЮБЭЛЬ" ПРЭЗЭНТУЕ НОВЫ АЛЬБОМ З ТРЫМА БЕЛАРУСКАМОЎНЫМІ ПЕСЬНЯМІ


Алесь Грыневіч, Менск

Да нядаўняга часу рэпэртуар "Нэйра Дзюбэлю" быў амаль цалкам расейскамоўны. Але сытуацыя зьмяняецца, пра што сьведчыць апошні альбом гурту "Праўдзівыя гісторыі аб тым, як у Карлсана ўгналі камбінэзон". Гаворыць аўтар песьняў гурту Аляксандар Кулінковіч:

(Кулінковіч: ) "Новы альбом адрозьніваецца ад іншых тым, што ў ім упершыню тры песьні на роднай мове. Гэта — не кан'юнктура. Вельмі паўплывала творчасьць Караткевіча — мы ўдзельнічалі ў супольным праекце, прысьвечаным ягонай творчасьці. Ад ягонай творчасьці было вельмі моцнае ўражаньне і неяк па-беларуску ўсё ў галаве — словы, усё на роднай мове, ну як я яе разумею, як я яе ведаю. А ведаю я яе вельмі дрэнна".

На новым альбоме ёсьць песьня на верш Уладзімера Караткевіча "Скрыпка дрыгвы". Гэта іншы запіс твору, які мусіць быць галоўным у супольным праекце на вершы Караткевіча, які прадусуе Алесь Суша.

Спадар Кулінковіч кажа, што акрамя ўплыву творчасьці Караткевіча пераходу на беларускую мову паспрыялі кантакты зь беларускамоўнымі рок-музыкамі:

(Кулінковіч: ) "Вельмі цяжка размаўляць па-беларуску, бо мы расейскамоўныя. Але ж вось калі канцэртавалі з “NRM” — гарэлку пілі разам, у аўтобусе трэсьліся разам, і неяк само па-беларуску размаўлялася. Я думаю, што гэта галоўнае. Больш народу будзе размаўляць на роднай мове, больш народу будзе да гэтага й прыходзіць".

Аляксандар Кулінковіч кажа, што апошнім часам пытаньне мовы яго вельмі зачапіла, і яму сорамна, што ён ня можа вольна размаўляць па-беларуску. У плянах гурту — запіс цалкам беларускамоўнага альбому. Але яшчэ калі ў рэпэртуары "Нэйра Дзюбэлю" былі спрэс расейскамоўныя песьні, газэта "Наша Ніва" назвала гурт вельмі беларускім па духу.

(Кулінковіч: ) "Мы з самага пачатку зьбіраліся тут памерці, памерці на сваёй Радзіме. Мы — нацыянальная беларуская група. Вельмі спадзяюся, што беларускамоўных твораў будзе ўсё больш і больш".
XS
SM
MD
LG