Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ РАСПРАДАЮЦЬ ТЭХНІКУ, СКАНФІСКАВАНУЮ Ў ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ


Алесь Грыневіч, Менск

Падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў па краіне прайшла хваля канфіскацыяў офіснай тэхнікі. Асноўнымі ахвярамі гэтай кампаніі сталі недзяржаўныя арганізацыі. Калі ў Менску абсталяваньне збольшага вярнулі пры канцы выбарчай кампаніі ці неўзабаве пасьля выбараў, то ў рэгіёнах большая частка тэхнікі дагэтуль захоўваецца на складах міліцыі ды пракуратуры ці ўжо распрадаецца паводле судовых рашэньняў.

Канфіскацыі часьцей за ўсё адбываліся на падставе прэзыдэнцкага дэкрэту №8, які, у прыватнасьці, забараніў выкарыстаньне замежнай дапамогі на выраб і распаўсюд агітацыйных матэрыялаў, а таксама дзеля правядзеньня сэмінараў. Пры гэтым справы не заўжды даходзілі да суду — бо для ўладаў галоўным было не дазволіць паўнавартасную працу няўрадавых арганізацый падчас выбараў, лічыць кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Як мне здаецца, асноўная задача, якую ставілі ўлады на час правядзеньня выбараў, канфіскуючы тэхніку, — гэта паралізаваць работу па правядзеньні мабілізацыйных кампаніяў і кампаніяў назіраньня, якія ладзілі няўрадавыя арганізацыі".

Старшыня рады Моладзевага інфармацыйнага цэнтру Алесь Міхалевіч кажа, што ва ўсіх арганізацыях, зьвязаных зь ягоным цэнтрам, канфіскацыі тэхнікі былі часовыя. Значна менш пашанцавала рэгіянальным арганізацыям, якія ўваходзяць ў Асамблею дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў Беларусі. Як паведаміла каардынатарка Асамблеі Натальля Казлоўская, тэхніку сканфіскавалі ў дзевяці арганізацыях і не вярнулі аніводнай.

У шклоўскага клюба выбаршчыкаў "Зялёны агурок" рашэньнем суду сканфіскавалі кампутар, друкарку, факс-мадэм і сканэр. Кіраўнік клюбу Алесь Шчарбак кажа, што абласны суд не задаволіў іхную апэляцыю, і цяпер яны чакаюць рашэньня Вярхоўнага суду. У Віцебску, дзе была канфіскаваная тэхніка Фонду імя Лява Сапегі, судовага рашэньня пакуль няма. Кіраўнік мясцовага аддзяленьня Фонду Хрыстафор Жэляпаў кажа, што сьледчыя органы карыстаюцца са свайго права ўтрымліваць сканфіскаванае абсталяваньне на працягу году, пакуль ідзе расьсьледаваньне.

(Жэляпаў:) "Да году яшчэ застаецца некалькі месяцаў. Яны яшчэ не закрылі справу. А пакуль яны яе не закрыюць — значыць, няма рашэньня канчатковага. І мой стан як бы вісіць ў паветры, і маёмасьць, якую яны канфіскавалі, яна там на складзе стаіць".

А вось тэхніка магілёўскага аддзяленьня Фонду імя Лява Сапегі даўно прададзеная праз камісійную краму, паведаміў кіраўнік аддзяленьня Уладзімер Шанцаў. Учора на продаж у Гомелі была выстаўленая тэхніка грамадзкага аб'яднаньня "Гарт". Такі ж лёс напаткаў абсталяваньне шэрагу іншых недзяржаўных арганізацыяў, у асноўным на ўсходзе Беларусі. Гаворыць Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "У рэгіёнах вось гэтая карная машына, якая падпарадкоўваецца выканаўчым уладам, працуе больш жорстка і са значнымі большымі парушэньнямі нават таго беларускага заканадаўства, якое ёсьць на сёньняшні дзень".
XS
SM
MD
LG