Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ТЭХНАЛЁГІІ І ІНТЭРНЭТУ


Віталь Цыганкоў, Прага

Адпаведная дзяржаўная ўстанова выдала пісьмовую заяву, у якой адзначыла, што ня лічыць гэты мікрачып мэдычнай прыладай, таму кампанія цяпер можа вольна прадаваць яго на рынку ЗША. Сама ідэя ўжыўленьня чыпаў мае шмат праціўнікаў, якія лічаць, што выкарыстаньне гэтай тэхналёгіі можа прывесьці да глябальнага кантролю над людзьмі. Аднак для многіх сем’яў, дзе ёсьць цяжка хворыя людзі (напрыклад, на аўтызм, цэрэбральны параліч альбо сындром Даўна) такі чып – гэта магчымасьць своечасова аказаць мэдычную дапамогу блізкаму чалавеку. Асабліва гэта тычыцца выпадкаў, калі хворы сам ня можа распавесьці лекару пра свой стан. Чып нясе максымум шэсьць радкоў інфармацыі, і яго можа імплянтаваць пад скуру чалавека любы кваліфікаваны доктар пад мясцовай анэстэзіяй.

Колькасьць кампутарных злачынстваў, што ўчыняюцца на тэрыторыі ЗША, няўхільна расьце. Аднак улічыць усе гэтыя выпадкі цяжка, бо многія ахвяры сецевых злачынцаў не зьвяртаюцца ў праваахоўчыя органы, – мяркуюць экспэрты ФБР. Паводле зьвестак адпаведнага дасьледаваньня Бюро, 90% рэспандэнтаў прызналі, што за апошнія 12 месяцаў ім даводзілася сутыкацца з фактамі розных правапарушэньняў у Сеціве. Але толькі 34% падалі заявы ў паліцыю. Найбольш распаўсюджанае гакерства – уварваньне ў чужыя кампутарныя сыстэмы.

Згодна з апытаньнем, праведзеным сярод 418 журналістаў з 14 краінаў сьвету, Інтэрнэт зьяўляецца для іх галоўнай крыніцай інфармацыі. Дасьледаваньне праводзілі ў лютым у эўрапейскіх краінах, ЗША, Японіі, Аўстраліі й Паўднёвай Афрыцы. Высьветлілася, што журналісты найчасьцей шукаюць у Інтэрнэце інфармацыю датычную нейкіх падзеяў (90%), апублікаваныя раней артыкулы (60%), ідэі для новых сюжэтаў (46%). 93,5% падключаюцца да Інтэрнэту некалькі разоў на дзень, 12% праводзяць у Сеціве больш за 20 гадзінаў на тыдзень.

Інфармацыю пра крэдытныя карты карыстальнікаў найчасьцей крадуць у онляйнавых казыно ў Інтэрнэце. Паводле інфармацыі, прадстаўленай кампаніяй “EuroPay”, у больш як 20% выпадкаў крадзяжу нумароў крэдытных картаў у Інтэрнэце прыходзіцца на онляйнавыя казыно. Гуляючы са свайго кампутара ў гэтых казыно, карыстальнікі трацяць альбо атрымліваюць грошы пераводам на крэдытную картку, інфармацыя пра якую выдаецца ўласьнікам Інтэрнэт-казыно. З-за частых выпадкаў незаконнага зьняцьця грошаў з рахункаў аматараў азартных гульняў у Сеціве, кампанія “EuroPay” пачынае ўкараненьне новай тэхналёгіі, якая дазволіць пацьвярджаць асобу ўласьніка крэдытнай карткі пры онляйнавых пераводах.

Сайт Аnanova.com паведаміў пра адчайны ўчынак аднаго 51-гадовага амэрыканца. Каля трох месяцаў таму ён набыў кампутар для сваёй дачкі. Аднак новы кампутар увесь час ламаўся, з-за чаго пакупнік пяць разоў вымушаны быў зьвяртацца ў краму за тэхнічнымі кансультацыямі, якія аднак не далі плёну. Пасьля чарговай паломкі мужчына прынес кампутар у гандлёвую залю і разьбіў яго малатком. Пасьля гэтага ён пажадаў супрацоўнікам крамы прыемнага дня і выйшаў. Пазьней паліцыя арыштавала няўдачлівага пакупніка па абвінавачаньні ў хуліганстве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG