Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: СЛУХАЙЦЕ ЗАЎТРА</font>


Ул. інф.

“Сучасныя мэмуары”. Вясновая песьня шпака, або дзьве душы Вінцэся Мудрова

Беларуская правінцыя 1970-х ва ўспамінах наваполацкага літаратара і журналіста Вінцэся Мудрова. Заўтра слухайце пра тое, як моладзь наталяла сваю прагу пазнаньня сьвету, як пачалося падазронае для КГБ захапленьне Мудрова далёкай Альбаніяй, а таксама які пераварот зрабілі ў ягонай душы два пісьменьнікі – Гемінгуэй і Багдановіч.


“Паштовая скрынка 111”

У заўтрашняй праграме вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Ігар Жураўлёў зь літоўскага гораду Іанава, Іван Антановіч з Горадні, Лукаш Мудроў з Бабруйску і Іван Хахол з гораду Зіген (Нямеччына).

У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– разважаюць пра лёс апазыцыйных актывістаў у правінцыі;
– выказваюць меркаваньні пра апошнія суды над удзельнікамі масавых акцыяў;
– распавядаюць пра тое, у якім становішчы апынуліся беларускія пэнсіянэры, якія наважыліся перасяліцца за мяжу.


“Палітычная геаграфія”. Пружаны

Месца, якое за савецкім часам ахоўвалі ў Пружанах найбольш, – вайсковы гарадок Купліна, дзе быў пункт запуску міжкантынэнтальных балістычнах ракет. Поўк пераехаў у Расею 10 гадоў таму. Сярод рэштак казармаў, каманднага пункту і штабу будуе сабе дом фэрмэр – грамадзянін Паўднёвай Афрыкі. На 30 гектарах зямлі ён разводзіць бараноў, трускаўкі й прызвычайваецца да беларускага сала. Слухайце заўтра пра вандроўку Ягора Маёрчыка ў Пружаны.


“Беларуская Атлянтыда”

Калі ідзе гаворка пра 16–18 стагодзьдзі ў беларускай гісторыі, то ўжываецца тэрмін “залатая вольнасьць”, і разумеецца ён як мэтафара. Але гэтае вызначэньне яшчэ і несла ў сабе палітычны прынцып, сфармуляваны Пётрам Скаргам — “Ня мець тырана ані такому каралю служыць, які б нас, як хацеў, на правы не ўважаючы, судзіў, забіваў і маёмасьць нашу браў...” Прынцыпы “залатой вольнасьці” былі запісаныя і ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага: “У кожнай рэчы паспалітай чалавеку пачціваму нічога не маець быці дарожшага над вольнасьцю...”

Дык як жа будаваліся дачыненьні чалавека і ўлады ў беларускай дзяржаве 16–18 стагодзьдзяў і ці паўплывалі тыя традыцыі на палітычную сьвядомасьць беларусаў наступных генэрацыяў? Пра гэта павядуць размову ў новай перадачы аўтар Вячаслаў Ракіцкі й гісторык культуры Вацлаў Арэшка.
XS
SM
MD
LG