Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЫЛЫЯ ВЯЗЬНІ ЛЯГЕРУ СЬМЕРЦІ “АЗАРЫЧЫ” ДАМАГАЮЦЦА СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Вядучы мітынгу Мікалай Ганчар заявіў, што сьпіс выступоўцаў зацьверджаны гарвыканкамам. Былых азарыцкіх вязьняў у ім сапраўды не было.

Ад сябе колькі словаў пасьпела сказаць нешматлікім прысутным Раіса Мікуліч. Ужо пасьля закрыцьця мітынгу спрабаваў распавесьці пра невыносныя ўмовы Азарыцкага лягеру сьмерці былы малалетні вязень спадар Верамейчык. Аднак намесьнік старшыні гарвыканкаму Віктар Кузьняцоў, кіраўнікі афіцыйных вэтэранскіх арганізацыяў, камісіі фонду “Ўзаемаразуменьне і прымірэньне” ўжо пакінулі плошчу Паўстаньня.

“Нам не дазволілі гаварыць”, — абураецца Надзея Зіменка.

Чаму ж ня хочуць улады слухаць ня толькі тых, хто прайшоў шматлікія савецкія лягеры, але і вязьняў фашыстоўскага лягеру “Азарычы”? Слова Яўгену Ільіну:

(Ільін: ) “Мы патрабуем ад нашага кіраўніцтва справядлівага рашэньня і выплаты той кампэнсацыі, што паабяцала Нямеччына”.

Непаразуменьне вязьняў з уладамі і рэспубліканскім фондам “Узаемаразуменьне і прымірэньне”, які паводле дамовы зь Нямеччынай ажыцьцяўляе кампэнсацыйныя выплаты пацярпелым, палягае ў тым, што Азарыцкі лягер сьмерці аднесены да катэгорыі лёгкіх. Натуральна, і выплаты вязьням мінімальныя.

Пра пазыцыю фонду “Ўзаемаразуменьне і прымірэньне” і ягонага кіраўніка спадара Герасімава распавядае Людміла Ражкова:

(Ражкова: ) “Герасімаў піша, што Нямеччына не зацьвярджае адпаведную катэгорыю. Нямеччына даслала адказ, што Герасімаў не ўключыў “Азарычы” у шэраг канцэнтрацыйных лягераў. Між тым яшчэ ў 1995 годзе навукова-кваліфікацыйная камісія пад кіраўніцтвам спадара Адамушкі прызнала “Азарычы” спэцыяльным лягерам смерці – знішчэньня”.

Паводле яе словаў, шмат хто з азарыцкіх вязьняў — а іх каля 12 тысяч — у раённых кваліфікацыйных камісіях аддзелаў сацыяльнага забеьспячэньня падпісваў нават пустыя блянкі, што ня маюць прэтэнзіяў да нямецкага боку. І рабілі гэта таму, што раней кіраўнік фонду Герасімаў запэўніваў вязьняў, што выплаты ім будуць зь ліку самых высокіх. На практыцы аказалася інакш.

Цяпер гомельскія вязьні лягеру сьмерці “Азарычы” стварылі сваю адмысловую арганізацыю і дамагаюцца справядлівасьці.
XS
SM
MD
LG