Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАКОЛ КАНСУЛЬТАЦЫЙНА-НАЗІРАЛЬНАЙ ГРУПЫ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ НАСЬПЯВАЕ НОВЫ СКАНДАЛ


Уладзімер Глод, Менск

Падчас брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі я спытаў прэсавага сакратара МЗС Паўла Латушку, якое рашэньне прыняло замежнапалітычнае ведамства наконт працягу візы спадару Рывалье. Прэсавы сакратар сказаў наступнае:

(Латушка: ) "Адказваючы на вашае пытаньне, я скажу коратка: пакуль МЗС Беларусі ня будзе яго камэнтаваць".

Прэсавы сакратар адмовіўся адказаць і на пытаньне пра тое, ці існуе ўвогуле пэўнае рашэньне на гэты конт.

Выканаўца абавязкаў старшыні Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ таксама быў ляканічны. Ён сказаў, што дзеяньне яго візы сапраўды скончыцца 15 красавіка, і што пакуль ён таксама не гатовы камэнтаваць гэтую праблему.

(Рывалье: ) "Так, апошнім днём майго знаходжаньня тут ёсьць 15 красавіка. Што да праблемы, дык пакуль камэнтаваць яе я адмаўляюся".

Згодна з правіламі знаходжаньня замежных грамадзянаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, спадар Рывалье павінен пакінуць краіну не пазьней чым апоўначы з 15 на 16 красавіка.

Стаўленьне беларускіх уладаў да выканаўца абавязкаў кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ камэнтуе Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) "Была б ганьба для нейкай структуры не пагадзіцца з такім ляяльным, такім ветлівым, такім прыстойным чалавекам як Рывалье, зь яго прысутнасьцю і зь яго работай тут. Мне здаецца, што больш карэктнага чалавека я проста ня ведаю".

Але падобна, што справа не ў асобе спадара Рывалье. Як казалі на сёньняшьнім паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў, ня выключана, што беларускія ўлады хочуць скарыстаць момант і пазбавіцца сьледам за спадаром Вікам яшчэ ад аднаго супрацоўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG