Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ СЕМ’І НА ЭМІГРАЦЫІ: ЯНКА І АЛЕНА МІХАЛЮКІ ЗЬ ВЯЛІКАБРЫТАНІІ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Беларуская эміграцыя паваеннага часу найбольш за іншыя пакаленьні выгнанцаў зь Беларусі зрабіла дзеля нацыянальнай справы. Яе актыўная дзейнасьць на беларускай ніве перапляталася з асабістым жыцьцём кожнага. Эмігранты мусілі ня толькі працаваць дзеля грамадзкасьці, але і ладзіць сваё асабістае жыцьцё – ствараць сям’ю, выхоўваць дзяцей. Дзяцінства і маладосьць многіх зь іх прыйшліся на гады вайны, на пасьляваенны час побыту ў лягерах дэпартаваных асобаў у Нямеччыне.

Юнакам і дзяўчатам хацелася звычайнага чалавечага шчасьця. Тады і стварыліся першыя на той час беларускія сем’і на чужыне. Сярод іх была сям’я Янкі й Алены Міхалюкоў, што сталася адной з найбольш дзейсных у асяродку беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі.

Сёньня мы размаўляем са спадарыняй Аленай Міхалюк. На жаль, яна мусіць распавядаць адна, бо спадара Янкі ня стала ў 1995 годзе, але і ягоны голас мы пачуем у гэтай перадачы.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Алена, вернемся у тыя далёкія гады. Калі вы пазнаёміліся са сваім будучым мужам?”

(Алена Міхалюк: ) “У 1947 годзе я прыехала ў Англію з мамаю зь Нямеччыны. У канцы гэтага ж году мы і пазнаёміліся, была нейкая зборка, там і сустрэліся. Проста пасябравалі і толькі ў 1949 годзе пажаніліся. Гэта было першае вясельле беларусаў у Англіі. Нават у газэце памясьцілі фота і напісалі, што першая беларуская пара жэніцца ў Англіі.

Нас злучыла найбольш грамадзкае жыцьцё. Нам падабалася працаваць, браць удзел усюды, дапамагаць, арганізоўваць. Ён ужо быў зьвязаны з арганізацыяй, а я пры ім увесь час”.

(Карэспандэнт: ) “Вы родам не з адных мясьцінаў Беларусі? ”

(Алена Міхалюк: ) “Я паходжу з Браслаўшчыны, з Шаркоўшчыны, а ён з Палесься, з Лунінца, зь вёскі. Ягоная вёска была спаленая падчас вайны”.

(Карэспандэнт: ) “На новым месцы, у Ангельшчыне, дзе вы жылі спачатку? Як было з працаю для бежанцаў у той час?”

(Алена Міхалюк: ) “Усе мы працавалі ў тэкстыльнай прамысловасьці ў Брэдфардзе, кожны мусіў адпрацаваць два гады”.

(Карэспандэнт: ) “Выглядае, што ў Брэдфардзе, горадзе ў Цэнтральнай Англіі, дзе шырока разьвітая лёгкая прамысловасьць, было ў той час нямала беларусаў. Як там ладзілася беларускае жыцьцё?”

(Алена Міхалюк: ) “Было многа беларусаў. Хутка купілі Беларускі дом – вялікі, мелі там залю, шмат пакояў, там усе беларусы жылі. Кожную суботу, нядзелю там зьбіраліся, то танцы рабілі, то вечары, паэзію чыталі – ці прысьвячалі вечары Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу. 25 Сакавіка заўсёды ўрачыста адзначалі, угодкі Слуцкага паўстаньня. У Брэдфардзе мы жылі да 1965 году”.

(Карэспандэнт: ) “Ваша маладая сям’я, пэўна, хутка пачала расьці?”

(Алена Міхалюк: ) “У 1953 годзе мы мелі сына, у 1956-м – другога, а ў 1959-м – трэцяга”.

(Карэспандэнт: ) “З трыма дзецьмі, мабыць, ня так лёгка было браць удзел у беларускім грамадзкім жыцьці?”

(Алена Міхалюк: ) “На ўсе мерапрыемствы хадзілі зь дзеткамі. Памятаю, як яны малыя былі, некалькі разоў трэба было нам ісьці вельмі позна па сьнезе, жылі далёка ад Беларускага дому і дзетак мусілі з сабою браць і чакаць да канца, бо трэба было замкнуць клюб, пакінуць усё ў парадку пасьля ўсіх. Так што, дзе мы былі – там былі й яны з намі.

Як старэйшаму споўнілася восем гадоў, мы адправілі яго ў Лёндан, у інтэрнат. Тады на Фінчлі быў заснаваны беларускі інтэрнат, дзе айцец Надсан быў настаўнікам, іншыя таксама даглядалі – Язэп Германовіч займаўся імі, уладыка Сіповіч таксама”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат дзяцей зьбіралася ў гэтым інтэрнаце? Яны там толькі жылі ці адначасна і вучыліся?”

(Алена Міхалюк: ) “Даходзіла пасьля да 16 хлопцаў, але ад пачатку было толькі чатыры – наш сын, Хахолкаў зь Літца, Сянькоўскі й Ложка зь Нямеччыны. Яны ўсе хадзілі ў звычайную ангельскую школу, а беларускія лекцыі мелі вечарамі і па суботах ды нядзелях.

Калі да васьмі гадоў дайшоў другі сын, трэба было і другога туды адпраўляць, а як ужо трэці, то мы і самі вырашылі пераехаць у Лёндан. Прыехалі мы адразу ў інтэрнат, і я там згадзілася працаваць год. Але я адпрацавала пяць гадоў у інтэрнаце”.

(Карэспандэнт: ) “Як доўга існаваў гэты інтэрнат?”

(Алена Міхалюк: ) “Хлопцы канчалі школу, пачалі разьяжджацца, так што за некалькі гадоў інтэрнат і школа закрыліся, дакладна ня памятаю, недзе ў 1973 ці 1974 годзе”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Алена, у Лёндане вы таксама далучыліся да беларускіх справаў, далей нават сталася так, што спадар Янка быў абраны старшынём галоўнай беларускай арганізацы за Ла Маншам – Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі”.

(Алена Міхалюк: ) “Ён 21 год быў старшынём. У нас як пачалося ад 1947 году актыўнае грамадзкае жыцьцё, то яшчэ і цяпер ня скончылася. Займалі розныя становішчы, заўсёды мусілі быць у першых шэрагах – арганізаваць усё, усюды ўдзельнічаць”.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што ў Лёндане тады ўжо існавалі два беларускіх асяродкі: адзін – Беларускі дом на Пэн Роўд, а другі – царква і бібліятэка ў паўночным Лёндане, на Фінчлі. Які зь іх стварыўся раней?”

(Алена Міхалюк: ) “У Лёндане дом купілі ў 1947 годзе на Пэн Роўд. На Фінчлі тады яшчэ нічога амаль не было. Беларускае жыцьцё пачыналася на Пэн Роўд. На Фінчлі зьбіраліся напачатку толькі ў царкву, а калі там здабылі залю, то тады часьцей зьбіраліся там”.

(Карэспандэнт: ) “Як вядома, гэтыя абодва асяродкі захаваліся і да сёньня. Як у тыя паваенныя гады адчувала сябе беларуская грамада ў Лёндане, наколькі яна была згуртаваная?”

(Алена Міхалюк: ) “Мы жылі такім жыцьцём, што нас мала што іншае цікавіла. Напрыклад, як ангельцы: яны езьдзілі ў адпачынак кожны год – а нас гэта не цікавіла. Нам было цікава, каб сабрацца разам, пагаварыць, пажартаваць, адным словам, весела было толькі паміж сваіх людзей. Мы заўсёды любілі сваё таварыства”.

(Карэспандэнт: ) “А як успаміны пра Бацькаўшчыну? Ці спадзяваліся вы на вяртаньне?”

(Алена Міхалюк: ) “Ня толькі мы – здаецца, усе тут спадзяваліся, што хутка вернемся. Шмат выехала ў Амэрыку, а мы казалі, што трэба быць бліжэй да Беларусі і калі будзе магчымасьць, то адразу паедзем. Агледзеліся ўжо тады, калі вырасьлі дзеці, зразумелі, што ўжо цяжка будзе вярнуцца ў Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што для спадара Янкі надзея пабачыць Радзіму так ніколі і не ажыцьцявілася”.

(Алена Міхалюк: ) “Я гэтага вельмі, вельмі шкадую. У нас мара была – пабыць у Беларусі. Але якраз тады, у 1993 годзе, калі павінен быў быць Першы Зьезд беларусаў сьвету, на які мы зьбіраліся ехаць разам і пачалі вырабляць дакумэнты, Янка ў тым часе захварэў.

Ужо ляжаў у ложку, але яшчэ думалі, што ўсё ж паедзем. Аднак замест Беларусі ён трапіў у шпіталь, меў потым тры вялікія апэрацыі, яму мусілі адняць абедзьве нагі. Выйшаў са шпіталю і яшчэ пражыў два гады. Быў нават старшынём Згуртаваньня аж да сьмерці”.

Вось зь якім жалем гаварыў сам спадар Янка пра тую няспраўджаную надзею – паслухайце фрагмэнт размовы зь ім, запісаны вясною 1994 году ў Лёндане. (Запіс Ганны Сурмач.)

(Янка Міхалюк: ) “Безумоўна, што чакалася на гэта больш 50 гадоў. Была магчымасьць, я быў падрыхтаваны наведаць Беларусь, але так сталася ў маім жыцьці...”

Спадарства Міхалюкоў праз усе гады свайго жыцьця на чужыне трымала кантакты зь Беларусьсю, у іхны гасьцінны дом заходзілі многія з тых беларусаў, хто прыяжджаў у Лёндан па розных справах. Ізноў гаворыць Янка Міхалюк:

(Янка Міхалюк: ) “Нашы кантакты былі ўвесь час, бесьперапынна, бо іначай, каб іх не было, мы бы, магчыма, не існавалі ў эміграцыі. Калі вы адарвецеся ад рэаліяў жыцьця свайго народу, вы траціце нацыянальнае пачуцьцё. Таму гэтыя кантакты былі заўсёды ў той ці іншай форме – легальна або нелегальна”.

А вось як успрымаў спадар Міхалюк новае беларускае адраджэньне, здабыцьцё незалежнасьці:

(Янка Міхалюк: ) “Безумоўна, што мы цешымся разьвіцьцём падзеяў у Беларусі, можа і ня ўсё нам падабаецца, але мы бачым, што Беларусь ідзе наперад”.

Працягнем размову са спадарыняй Аленай.


(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, як успрымаў спадар Янка тыя зьмены, што пачалі адбывацца ў Беларусі пасьля выбараў прэзыдэнта?”

(Алена Міхалюк: ) “У апошнія гады ён пачаў перажываць, бо гэта ўжо былі пачаткі, як кажуць, няладу – не таго ладу, які мусіў быць у Беларусі. Я падумаю часам, што калі б жыў даўжэй, то больш бы перажываў, вельмі цяжка яму было б успрыняць тое, што сталася ў Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Алена, Вы са сваім мужам побач крочылі па жыцьці, і лёс наканаваў Вам пераняць ягоную пасаду старшыні Згуртаваньня”.

(Алена Міхалюк: ) “Пасьля Янкі быў Зданковіч, на наступны год і ён памёр. У нас такое няшчасьце было, што ў 1995-м памёр Янка, у 1996-м Зданковіч, у 1997-м – Асіповіч, скарбнік наш, і Аляксандар Лашук. Так што за некалькі гадоў мы страцілі ўвесь актыў. Потым старшынём стаў Еўдакімаў, а пасьля яго ў 1998 годзе абралі мяне”.

(Карэспандэнт: ) “На гэтай пасадзе Вы і да сёньня. Скажыце, а як склаўся лёс вашых сыноў, чым яны займаюцца?”

(Алена Міхалюк: ) “Старэйшы сын ажаніўся ў 1977 годзе, жыў у Брысталі, працаваў у банку, а ў 1980 годзе выехаў у Паўдзённую Афрыку і цяпер жыве і працуе ў Кейптаўне, таксама ў банку. Двух унукаў ад яго маю”.

(Карэспандэнт: ) “Здаецца, што і яшчэ адзін Ваш сын жыў у Паўдзённай Афрыцы?”

(Алена Міхалюк: ) “Двох жылі ўАфрыцы. Самы малодшы сын Эдвард скончыў геалёгію і паехаў у Афрыку на тры гады працаваць па кантракту. Ён там прабыў пяць гадоў, вярнуўся назад і зараз працуе ў Англіі.

Яны абодва паехалі ў адным годзе – 1980-м, адзін за другім. Старэйшы сын быў у Яганасбургу, а Эдвард – у Прэторыі. Мы паехалі іх адведаць празь некаторы час. Яны нас абвазілі па цэлай Афрыцы. Малодшы сын працаваў у Трансваалі, у заалягічным парку – сафары, і ён нас там вазіў. Са старэйшым сынам езьдзілі па гарадох, аж да Кейптаўна”.

(Карэспандэнт: ) “А сярэдні Ваш сын у Англіі?”

(Алена Міхалюк: ) “Ажаніўся ў 1980 годзе (нявестка таксама беларуска з Манчэстэру), і ён пераехаў у Манчэстэр, цяпер жыве тут. Як Янка памёр, то я пераехала сюды. У яго таксама трое дзяцей”.

(Карэспандэнт: ) “Ці гавораць сыны па-беларуску?”

(Алена Міхалюк: ) “Усе гавораць па-беларуску, можа ня так выразна, але разумеюць усё. Я зь імі размаўляю толькі па-беларуску”.

Старэйшага пакаленьня беларускай эміграцыі становіцца ўсё менш. Тым больш важна пачуць жывыя галасы тых, хто яшчэ можа распавесьці нам ня толькі пра гістарычныя падзеі, але й пра чалавечыя лёсы тых, хто гэтыя падзеі тварыў уласным жыцьцём.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG