Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОМЕЛІ АДБЫЛАСЯ ПРЭМ’ЕРА СПЭКТАКЛЯ “ЧАРНОБЫЛЬСКАЯ МАЛІТВА”


Казімер Яноўскі, Гомель

Нацыянальную трагедыю беларусаў у адмысловым спэктаклі паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва” ўвасобілі прафэсійныя акторы з французкага гораду Клермон-Фэран, пабраціма Гомеля. Паставіў спэктакль рэжысэр Бруна Бусаголь. Гэта першая ў Беларусі спроба інсцэнізацыі дакумэнтальнай чарнобыльскай хронікі, вядомай у многіх краінах сьвету.

Спэктакль ідзе на францускай мове, безь перакладу. Чаму — распавядае на добрай беларускай мове акторка з Францыі Вірджынія Шыманэк:

(Шыманэк: ) “Мы лічылі, што ў Беларусі лепш ведаюць сэнс гэтага тэксту, чым мы, французы. Эмоцыі людзі вельмі добра разумеюць. Тут, на Беларусі, няма чаго тлумачыць. Толькі трэба ўсё выказваць як найпрасьцей”.

Дарэчы, спадарыня Шыманэк — ня проста акторка. Яна яшчэ драматург, рэдактарка часопісу “Беларускія пэрспэктывы” і доктар мастацтвазнаўства. Абараніла ў Сарбоне дысэртацыю менавіта пра беларускі тэатар.

Госьця лічыць, што чарнобыльская бяда закранула і Францыю. Да таго ж у Францыі дзясяткі атамных электрастанцыяў. Гэта таксама вымушае не забываць, памятаць пра трагедыю Чарнобылю, асэнсоўваць новую рэчаіснасьць, што настала пасьля катастрофы для ўсяго чалавецтва.

(Шыманэк: ) “Калі Чарнобыль выбухнуў, мне было 18 гадоў. Я потым стала забываць Чарнобыль, як і ўсе. Мы ўсе забылі, што была катастрофа. Ніхто не гаворыць пра гэта. У нас ёсьць 60 атамных станцый. Мы маем дастатковую моц, каб зруйнаваць плянэту. Як грамадзянку Францыі мяне гэта хвалюе. У Францыі ёсьць таксама хворыя людзі. Нам казалі, што радыяактыўнае воблака Чарнобылю не пераходзіла нашую мяжу. А людзі ўсё ж такі захварэлі. Тры тыдні назад у Францыі людзі гуртаваліся, каб атакаваць дзяржаўныя ўстановы. Яны кажуць, што францускія ўлады хлусілі. Новая палітыка толькі распачынаецца. Ніхто зараз добра ня ведае, што рабіць. Трэба, каб людзі нават у Францыі былі ў курсе. Трэба, магчыма, каб людзі зьмянілі свой погляд на жыцьцё”.

Гамельчукі да спэктакля пра Чарнобыль паставіліся з прахалодаю. Распавядае дырэктар Маладзёвага тэатру Галіна Шофман:

(Шофман: ) “Білеты на “Чарнобыльскую малітву” купляюцца кепска. І гэта не палітычная акцыя. Гэта людзі стаміліся ад рэальных праблемаў і ня хочуць пра іх казаць і слухаць”.
XS
SM
MD
LG