Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У КАБУЛЕ ПАЧАЛАСЯ СУСТРЭЧА ЗАМЕЖНЫХ ДОНАРАЎ, ЯКІЯ ДАПАМОГУЦЬ АДБУДАВАЦЬ ПАЦЯРПЕЛЫ АД ВАЙНЫ АФГАНІСТАН


Юры Сьвірко, Прага

Два дні прадстаўнікі краін-донараў і міжнародных агенцтваў дапамогі будуць абмяркоўваць у Кабуле, як распарадзіцца тымі мільярдамі даляраў, што паабяцалі выдаткаваць на адбудову разбуранага вайною Афганістану.

Гэта першая сустрэча групы донараў, створанай у студзені ў Токіё, калі розныя крыніцы абвесьцілі пра 4,5 мільярда даляраў дапамогі Афганістану цягам наступных пяці гадоў.

Амысловы пасланьнік Эўрапейскага Зьвязу ў справах Афганістану Кляўс-Пэтэр Кляйбэр заявіў, што міжнародная супольнасьць мусіць забясьпечыць свае абяцаньні наяўнымі грашыма. Аднак ён дадаў, што фінансавая дапамога ад Эўразьвязу залежыць ад трывалага палітычнага прагрэсу ў Афганістане.

На канфэрэнцыі ў Кабуле выступіць кіраўнік часовае афганскае адміністрацыі Хамід Карзай, які напярэдадні ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў пра адзін з аспэктаў міжнароднае дапамогі:

(Карзай: ) “Зь любога гледзішча – рэлігійнага, або нацыянальных інтарэсаў краіны, або сельскагаспадарчага – Афганістан мусіць спыніць вытворчасьць маку, незалежна ад гатунку. І мы распачалі праграму ў гэтай галіне. Мы атрымалі дапамогу ад міжнародных арганізацыяў, каб заплаціць фэрмэрам 250 даляраў за гектар – абы яны не вырошчвалі мак”.

Тым часам прадстаўнік Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў паведаміў, што адпраўка 40 тысяч афганскіх уцекачоў з Пакістану была прыпыненая, бо афганскія сяляне закідалі аўтамабільныя калёны камянямі на знак пратэсту супраць урадавай праграмы выкараненьня пасеваў маку.

Прадстаўнік Вярхоўнага камісара заявіў таксама пра напружанасьць на межах Афганістану. А пакістанскае агенцтва “Afghan Islamic Press” паведаміла, што два камандзіры атакавалі калёну з уцекачамі ў правінцыі Німроз на паўднёвым захадзе Афганістану. Агенцтва перадае, што каля 500 баевікоў рыхтуюцца да новых сутычак.

Вось як пракамэнтаваў гэта кіраўнік часовага ўраду Афганістану Хамід Карзай:

(Карзай: ) “Воля афганскага народу – пакласьці канец кіраваньню палявых камандзіраў. Людзі хацелі ад нас дзьвюх рэчаў – па-першае, разьвіцьця іхных правінцыяў, рэгіёнаў, раёнаў, а па-другое, вызваленьня ад уціску ды свавольнага абыходжаньня з боку ўзброеных групаў і асобаў”.
XS
SM
MD
LG