Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС ПОЛЬШЧЫ ЗЬВЯРНУЛА ЎВАГУ НА ПЕРАСЬЛЕД ЖУРНАЛІСТАЎ У БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Я спытаўся ў дырэктара Дэпартамэнту інфармацыі МЗС Польшчы Багуслава Маеўскага, як ён ставіцца да заявы беларускага боку. У заяве гаворыцца пра ціск з-за мяжы на беларускі суд.

(Маеўскі: ) “Мы ня будзем камэнтаваць гэтую заяву. Але калі гаварыць пра пазыцыю міністэрства замежных справаў Польшчы, дык яна была адназначна выказаная напярэдадні ў нашай заяве адносна “Пагоні”. Нічога не зьмянілася. А сёньня мы таксама выказаліся адносна стасункаў зь Беларусьсю ўвогуле – на старонках “Gazety Polskiej”.

У заяве, пра якую згадаў спадар Маеўскі, гаворыцца, што судовы працэс супраць журналістаў “Пагоні”, а таксама спосаб, якім менскія ўлады закрылі тыднёвік, сьведчаць, што адна з асноўных дэмакратычных свабодаў – свабода слова, у Беларусі сыстэматычна парушаецца.

“З гэткай сытуацыяй ня можа пагадзіцца міжнародная грамадзкасьць. А Польшча, з увагі на гістарычны досьвед і суседзтва зь Беларусьсю, мае асаблівы абавязак зьвяртаць увагу на парушэньні правоў чалавека ў гэтай краіне”, – адзначае міністэрства замежных справаў Польшчы.

А сёньня на старонках “Gazety Polskiej” замежнапалітычнае ведамства Польшчы яшчэ раз заявіла, што асноўнай умовай разьвіцьця палітычных дачыненьняў Варшавы й Менску застаецца шанаваньне беларускім бокам дэмакратычных стандартаў – належнае стаўленьне да апазыцыі, павага да свабоды слова й высьвятленьне лёсу зьніклых апазыцыйных палітыкаў.

“Пазыцыя Польшчы была і ёсьць адназначнай і не пакідае ніякіх сумненьняў ці недагаворак. Падкрэсьліваем яшчэ раз, што толькі выкананьне гэтых умоваў ёсьць умовай якіх заўгодна зьменаў у справе двухбаковых палітычных дачыненьняў”, – гаворыцца ў сёньняшняй заяве міністэрства замежных справаў Польшчы.

Варта адзначыць таксама, што падляскі ваявода Марэк Стшаліньскі, які напярэдадні судовага працэсу над Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам наведаў Горадню, заявіў, што перасьлед “Пагоні” можа пацягнуць пагаршэньне эканамічных стасункаў Падляшша і Гарадзеншчыны.

(Стшаліньскі: ) “Я ня ведаў пра крымінальны перасьлед журналістаў, калі ехаў у Горадню. У Беларусі незалежныя сродкі масавай інфармацыі маюць шмат праблемаў, што ўскладняе адносіны Польшчы і Беларусі. Для разьвіцьця грамадзтва неабходная апазыцыйная і незалежная прэса. Калі ж палітычны аспэкт зробіццца настолькі істотным, гэта можа стаць праблемай у адносінах нашых рэгіёнаў”.
XS
SM
MD
LG