Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЬ ПАЗБАВІЦЦА ЭКАНАМІЧНАЙ САМАСТОЙНАСЬЦІ


Валер Каліноўскі, Менск

11 красавіка Аляксандар Лукашэнка і іншае беларускае кіраўніцтва накіроўваюцца ў Маскву. На паседжаньні найвышэйшага дзяржаўнага савету так званае саюзнае дзяржавы будуць разглядацца чатыры міжурадавыя эканамічныя пагадненьні, праекты аднаго дэкрэта і ўказа. Яны датычаць увядзеньня роўных тарыфаў на энэрганосьбіты, уніфікацыі цэнавай і падаткавай палітыкі, умоваў спагнаньня ўскосных падаткаў і адмены сыстэмы льготаў беларускім вытворцам.

Беларусь пагадзілася на своеасаблівы бартэр — дзеля таго, каб атрымаць нізкія расейскія тарыфы на чыгунку і газ, яна вымушаная аддаць Расеі сваю мытную сыстэму і сыстэму падаткаабкладаньня, — лічыць вядомы беларускі эканаміст Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Самае сумнае ў тым, што гэтыя нізкія расейскія тарыфы зробяць нашую эканоміку больш затратнай, меней эфэктыўнай і канкурэнтаздольнай. Зараз размова пойдзе пра тое, што мы, на жаль, больш цесна прывяжамся да расейскай эканомікі. Беларусь фактычна сядае на расейскую энэргетычную і тарыфную іголку. Гэта выгадна хіба што дырэктарату і прадпрыемствам, якія не зьбіраюцца працаваць на усясьветны рынак, і ў гэтай праекцыі ўзьнікае пытаньне пра самастойны шлях разьвіцьця беларускай эканомікі”.

Леанід Заіка лічыць, што пагадненьні, якія мяркуецца падпісаць 12 красавіка, ствараюць пляцоўку для працы расейскага капіталу ў Беларусі.
(Заіка: ) “Гэта будзе незваротна, гэта занадта сур'ёзна, каб сказаць, што яны застануцца толькі на паперы. Таму што за гэтыя расейскія тарыфы, якія ўсё роўна будуць падвышацца да ўзроўню ўсясьветных, мы практычна здаем усю сваю экакнамічную пляцоўку”.

Тым ня менш, пакет эканамічных пагадненьняў ужо чатыры месяцы рыхтуецца групамі экспэртаў. Гэтыя пагадненьні абмяркоўваліся месяц таму прэм'ерамі Г. Навіцкім і М. Касьянавым. Праўда, і на гэты момант канчатковага ўзгадненьня гэтага пакету няма і, хутчэй за ўсё, пагадненьні ня будуць падпісаныя. Пра гэта пад умовай ананімнасьці паведамляюць у афіцыйных беларускіх колах нават за дзень да ад'езду беларускай дэлегацыі ў Маскву. Маўляў, беларускі бок у прынцыпе згодны з існуючымі варыянтамі праектаў пагадненьняў, расейцы ж адмаўляюцца ад беларускіх патрабаваньняў.

Самае спрэчнае пытаньне — кампэнсацыя Беларусі стратаў ад новага парадку спагнаньня ўскосных падаткаў на тавары паводле краіны іх паходжаньня. Леанід Козік нядаўна агучыў лічбу гэтых стратаў — каля 180 мільёнаў даляраў штогод. Беларускае кіраўніцтва дамагаецца адпаведнай кампэнсацыі. Гэтая кампэнсацыя і можа стрымаць падпісаньне ўсяго пакету дакумэнтаў.
XS
SM
MD
LG