Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДА ІЗРАІЛЯ НАЛАДЗІЛА Ў МЕНСКУ ЦЫРЫМОНІЮ З НАГОДЫ ДНЯ ПАМЯЦІ Й КАТАСТРОФЫ ЭЎРАПЕЙСКАГА ГАБРЭЙСТВА


Ганна Соусь, Менск

У часе цырымоніі гучалі жалобныя габрэйскія песьні й памінальныя малітвы ў памяць габрэяў, якіх у мінулым стагодзьдзі на працягу 12 гадоў зьнішчалі фашысты. Гаворыць ізраільскі амбасадар Марцін Пэлед-Флэкс:

(Пэлед-Флэкс: ) "6 мільёнаў габрэяў зьнішчылі нацысты, зь іх каля 800 тысяч на тэрыторыі Беларусі. Іх забілі з адной прычыны — яны былі габрэямі. Ня мела значэньня, ці выконвалі яны рэлігійныя абрады, ці былі атэістамі, сацыялістамі альбо прадстаўнікамі буржуазіі, былі рабочымі ці юрыстамі — усіх іх жорсткі рэжым асудзіў на сьмерць".

Старшыня аб'яднаньня беларускіх габрэйскіх суполак Леанід Левін у часе свайго выступу зазначыў, што акрамя Дня Галакосту, які ёсьць напамінам пра паўстаньне ў Варшаўскім гета, трэба, каб у Беларусі быў свой Дзень Памяці:

(Левін: ) "Зьнішчэньне габрэяў у Беларусі — гэта кастрычнік. І мы ўжо зьвярталіся ва ўрад Беларусі, каб тут быў свой дзень памяці габрэяў, загінуўшых у гады вайны".

Больш за 350 беларусаў маюць ганаровае званьне Праведнікаў Народаў Сьвету. Але рэальна іх значна больш, бо ўшанаваньне праведнікаў распачалося ня так даўно, і многіх з тых беларусаў, якія ратавалі габрэяў у часе вайны, ужо няма ў жывых. Вось і сёньня ў часе цырымоніі ганаровае званьне Праведнікаў Народаў Сьвету пасьмяротна атрымалі Вольга Конан і яе сын Яўген, Ганна й Амяльян Селядцовы, Нікіфар Кокань, Іван і Тэрэза Гінтаўт. Атрымлівалі дыплёмы іхныя нашчадкі. Прыкладам, Надзея Собалева прыехала са Шклову, каб атрымаць узнагароду за сваю маці Натальлю Селядцову, якая разам з бабуляй Ганнай і братам Амяльянам выратавалі Васіля Лабанка. Яны некалькі гадоў хавалі яго ва ўласным доме, нягледзячы на сьмяротную рызыку. Гаворыць Надзея Собалева:

(Собалева: ) "Мая маці й бабуля выратавалі Васіля Рубінавіча Лабанка. Мы й цяпер падтрымліваем сувязі. Дзякуй, што не забылі, граматай узнагародзілі".

Васіль Лабанок прыехаў з Барысава на цырымонію ганараваньня Праведнікаў, каб яшчэ раз выказаць удзячнасьць сям'і Селядцовых.

(Лабанок: ) “На другі дзень вайны я застаўся без бацькоў. У Менску зрабілі гета, і я сышоў адтуль і трапіў у вёску да яе бацькоў, дзядулі й бабулі. Вялікі дзякуй ім усім, усёй вёсцы й усёй Беларусі нашай радзімай".

У памяць габрэяў, якія загінулі ў часе другой усясьветнай вайны, і ў гонар усіх беларусаў, якія ратавалі іх, сёньня гучалі габрэйскія песьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG