Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛІ І ЯК ПРАВАСЛАЎНЫЯ І КАТОЛІКІ РАЗЫШЛІСЯ Ў ДАТАХ СЬВЯТКАВАНЬНЯ ГАЛОЎНЫХ СЬВЯТАЎ?


Сяргей Абламейка, Прага

Летась, у першы год новага тысячагодзьдзя, даты сьвяткаваньня Вялікадня праваслаўнымі і католікамі супалі, а сёлета разышліся амаль на максымальна магчымы тэрмін – католікі адзначылі Вялікдзень 31 сакавіка, а праваслаўныя будуць яго адзначаць толькі 5 траўня. І вось у гэтай сувязі паўстаюць пытаньні: ці было леташняе супадзеньне датаў Вялікадня ў праваслаўных і католікаў сымбалічным, ці магчыма нейкім чынам дасягнуць адзінства паміж цэрквамі ў пытаньні календара і ці важна гэта наогул?

Найперш трэба адзначыць, што пытаньне календара і дата адзначэньня Вялікадня – гэта не зусім адна і тая ж праблема. Даты сьвяткаваньня Вялікадня падлічаюцца паводле так званых пасхаліяў, якія ў сваю чаргу базуюцца ўсё ж на календары. Да пачатку 4 стагодзьдзя ў хрысьціянскім сьвеце выкарыстоўваліся тры пасхаліі. Першая, Александрыйская, была заснаваная на 19-гадовым александрыйскім месячным цыклі. Другая, Рымская, была заснаваная на так званым 84-гадовым месячным цыклі. І нарэшце трэцяя, Сырыйская або Антыяхійская, была заснаваная на 19-гадовым сырыйскім месячным цыклі.

Гэты сырыйскі каляндар, які быў спадчынай Бабілёну, меў месяц нісан, і сырыйцы сьвяткавалі Вялікдзень у першую нядзелю пасьля 14 нісана. Праблема была ў тым, што да чацьвертага стагодзьдзя сырыйскі каляндар стаў супадаць з тым, які сталі выкарыстоўваць габрэі для разьліку даты юдэйскай Пасхі. Таму Першы Сусьветны сабор у Нікеі ў 325 годзе пастанавіў, што хрысьціянскі Вялікдзень мае сьвяткавацца ў першую нядзелю пасьля веснавога раўнадзенства, і не павінен папярэднічаць або супадаць з Пасхай габрэйскай. Калі ж гэтак здаралася, дык дата Вялікадня пераносілася на наступную поўню месяца. Вось і ўся праблема.

Калі астранамічныя памылкі прывялі да таго, што ў 16 стагодзьдзі веснавое раўнадзенства, якое павінна быць 22 сакавіка, прыпадала ўжо на 10 сакавіка, Папа Рымскі Рыгор ХІІІ пастанавіў прыняць новы каляндар, распрацаваны матэматыкам і лекарам Луіджы Ліліа. Гэта адбылося ў 1582 годзе. Адпаведна зьмясьцілася і дата адзначэньня Вялікадня.

Што ж думаюць цэрквы сёньня? Найперш паслухаем думку аўтарытэтнага прадстаўніка Праваслаўнай царквы, прафэсара Маскоўскага Сьвята-Ціханаўскага багаслоўскага інстытуту дыякана Андрэя Кураева.

(Кураеў: ) “Каляндар і царква – гэта заўсёды праблема перш за ўсё таму, што царква не адчувае сябе пад уладай зорак. Вось каб мы былі паганцамі і верылі, што знакі задыяку вызначаюць наш лёс, тады было б зразумела, што такая рэлігійная грамада павінна вельмі ўважліва сачыць за перамяшчэньнем плянэтаў і зорак. Але хрысьціяне лічаць інакш. Як казалі старажытныя хрысьціяне, пячатка хросту змывае пячатку зорак. Наш Госпад – гэта валадар суботы, творца неба і зямлі, таму само царкоўнае жыцьцё можа не зьвяртаць увагі на тое, што адбываецца над нашымі галовамі. Як пісаў Ян Залатавусны, што мне да неба, калі я сам стаюся небам, стаюся тым, хто вышэй за неба, хто стварыў неба.

Зь іншага боку, каляндар – гэта нешта, што арганізуе жыцьцё людзей. Таму вось гэтае не містычнае, а сацыяльнае значэньне календара для нас важнае. Некалі Першы Сусьветны сабор пастанавіў, што для адзначэньня Вялікадня трэба мець веснавое раўнадзенства, гэта значыць паўнату сьвятла нават уначы, і наступную пасьля раўнадзенства нядзелю. Сёлета гэты канон літаральна быў выкананы Каталіцкай царквой.

Але апрача гэтага Першы Сусьветны сабор прыняў дадатковае правіла, якое на сёньняшні погляд здаецца троху дзіўным. Правіла такое – калі паводле гэтых падлікаў хрысьціяне будуць сьвяткаваць Вялікдзень разам зь юдэямі або раней за іх, тады хрысьціянская Пасха павінна быць перанесеная на наступную поўню.

Я думаю, тут было дзьве прычыны. Першая – побытавая. Калі дзьве грамады жывуць у адным мястэчку і ў адзін дзень адзначаюць два розныя сьвяты, ёсьць вялікая небясьпека п’яна-сьвяточных пагромаў. Таму лепш разьнесьці два сьвяты ў часе.

А другая прычына – сымбалічная. Старазапаветная або юдэйская Пасха – гэта тое, што папярэднічала эвангельскай паўнаце, і яна ня можа ісьці пасьля Вялікадня або адзначацца разам зь ім. Адносна першай прычыны, дык Ватыкан лічыць, што яна сёньня ня дзейнічае, але другая, на маю думку, захоўвае сваё значэньне заўсёды. І гэтае другое правіла Ватыкан сёлета парушыў, бо каталіцкі Вялікдзень адзначаўся разам зь юдэйскай Пасхай.

Як бачым, мы маем парадаксальную сытуацыю. Усходнехрысьціянская пасхалія парушае першае правіла Сусьветнага сабору, а Каталіцкая пасхалія парушае другое правіла Сусьветнага сабору. Так што, калі быць дакладным, дык тут ня мае рацыі ніхто”.

(Абламейка: ) “Як бачым, прафэсар дыякан Андрэй Кураеў вылучыў найперш сымбалічнае значэньне даты Вялікадня паводле старой традыцыі. Старазапаветная Пасха папярэднічала эвангельскай паўнаце, сказаў ён, і ня можа супадаць зь ёй па часе, тым болей ісьці пасьля яе. Таксама цікава, як ён сказаў, што калі быць дакладным, дык ня мае рацыі ніхто, ні праваслаўныя, ні католікі. Бо праваслаўныя парушаюць першае правіла Нікейскага сабору наконт першай нядзелі пасьля веснавога раўнадзенства, а католікі – другое правіла наконт несупадзеньня хрысьціянскай Пасхі з габрэйскай або сьвяткаваньня яе раней за габрэйскую.

А што на гэты конт кажуць пратэстанты? Вось мая гутарка з гарадзенскім пастарам Беларускай Эвангеліцка-Лютэранскай царквы Кастусём Мардзьвінцавым.

Дата Вялікадня разьлічваецца па пасхаліі. Вы прытрымліваецеся і заходняй пасхаліі?”

(Мардзьвінцаў: ) “Так, цалкам”.

(Абламейка: ) “Як так сталася? Як вядома, Лютэр заснаваў Лютэранскую царкву ў пачатку 16 стагодзьдзя, а Грыгарыянскі каляндар быў уведзены Каталіцкай царквой у канцы 16 стагодзьдзя”.

(Мардзьвінцаў: ) “Тут справа ў тым, што Лютэранская царква – гэта, найперш, заходняя царква, і таму, натуральна, калі адбывалася зьмена календара на Захадзе, то лютэране прынялі гэтую рэформу, бо яна больш дакладна адлюстроўвае набеглыя зьмены ў вылічэньні часу. Для лютэранаў не было ніколі і пытаньняў, ці перайсьці на гэты каляндар, ці не. Для лютэранаў пытаньне календара – гэта адыяфара, гэта значыць пытаньне, якое ня важнае, на збавеньне чалавека гэта ніяк не ўплывае”.

(Абламейка: ) “Такім чынам, у сёньняшняй Беларусі лютэранскія вернікі адчуваюць сябе цалкам заходнімі людзьмі, і для іх не існуе праблемы календара?”

(Мардзьвінцаў: ) “Праблемаў не існуе. Наколькі я ведаю, адзіная ў сьвеце Лютэранская царква, якая прытрымліваецца Юльянскага календара, гэта ўкраінская царква. Але там большы ўплыў грэка-католікаў”.

(Абламейка: ) “Лютэране ва Ўкраіне трымаюцца Юльянскага календара і ўсходняй пасхаліі?”

(Мардзьвінцаў: ) “Так. Але ўкраінская царква – рэч унікальная, у іх і набажэнства ўсходняга абраду, што не тыпова для лютэранаў”.

(Абламейка: ) “Што вы маеце на ўвазе – усходняга абраду? Значыць грэцкага?”

(Мардзьвінцаў: ) “Гэта зьмененая літургія Яна Залатавуснага, адаптаваная да лютэранскай дагматыкі”.

(Абламейка: ) “Як сказаў пастар Кастусь Мардзьвінцаў, для беларускіх лютэранаў няма праблемы календара – вернікі-лютэране ўважаюць сябе заходнімі вернікамі і трымаюцца заходняга календару. Разам з тым, украінскія лютэране трымаюцца Юльянскага календара і дату Вялікадня таксама разьлічваюць паводле старой усходняй традыцыі. Больш за тое, яны і літургію служаць Яна Залатавуснага, што, як сказаў мне Кастусь Мардзьвінцаў пазьней, зьяўляецца ўплывам на іх украінскіх уніятаў. І з гэтага прыкладу відаць, што каляндар – рэч практычная, і цэрквы вырашаюць гэтае пытаньне часта пад уплывам абставінаў іх існаваньня.

Вось і яшчэ адзін прыклад гэтага. Я пазваніў пастару Леаніду Бюруку, аднаму з кіраўнікоў царквы пяцідзясятнікаў у Беларусі”.

(Бірук: ) “Хрысьціяне веры эвангельскай адзначаюць сьвята Пасхі пераважна па праваслаўным календары, але некаторыя ўжо адзначылі і па каталіцкім ці заходнім календары. У сьвеце ўсе эвангельскія хрысьціяне адзначаюць па-заходняму. Наколькі я ведаю, і большасьць хрысьціян-баптыстаў, а таксама іншых эвангельскіх кірункаў, таксама адзначаюць сьвяты па праваслаўным календары, але некаторыя новыя цэрквы, што нарадзіліся гадоў 10 таму, пераважна адзначаюць па новым стылі. Але большасьць па-праваслаўнаму”.

(Абламейка: ) “Для вас, значыцца, важнае найперш хрысьціянскае атачэньне. Калі яны сьвяткуюць, тады і вы, каб моцна не адрозьнівацца ад іншых?”

(Бірук: ) “Так, калі, напрыклад, большасьць людзей сьвяткуе Пасху сёлета 5 траўня, мы разумеем, што трэба сьвяткаваць разам зь людзьмі”.

(Абламейка: ) “А іншыя сьвяты, напрыклад Каляды – Нараджэньне Хрыстовае, вы сьвяткуеце калі?”

(Бірук: ) “Каляды нашыя цэрквы сьвяткуюць ужо пераважна па новым стылі, але некаторыя цэрквы адзначаюць яшчэ па-праваслаўнаму. А ёсьць цэрквы, якія і па заходнім, і па ўсходнім календары”.

(Абламейка: ) “Як бачым, і пастар Леанід Бірук пацьвердзіў, што цэрквы часта прытрымліваюцца практычнай пазыцыі й выбіраюць каляндар паводле абставінаў, у якіх яны дзейнічаюць. Беларускія пяцідзясятнікі і баптысты пераважна адзначаюць Вялікдзень разам з праваслаўнымі, але ёсьць у іх і грамады, якія сьвяткуюць па новым стылі. У сьвеце ж баптысты і іншыя эвангельскія хрысьціяне сьвяткуюць Вялікдзень па заходнім календары, гэта значыць паводле пануючага на Захадзе звычаю.

Зрэшты, неадназначная сытуацыя і ў праваслаўным сьвеце. Таму калі вы чуеце, як дыктары расейскага тэлебачаньня кажуць, маўляў, сёньня праваслаўныя Каляды ці праваслаўны Вялікдзень, дык можаце быць упэўненыя, што вас уводзяць у зман. Таму што ні ў праваслаўным, ні ў каталіцкім сьвеце няма адзінства ў датах адзначэньня і рухомых, і нерухомых сьвятаў.

Мала хто ведае, што сёньня вялікая колькасьць праваслаўных у сьвеце сьвяткуе, напрыклад, Каляды і іншыя нерухомыя сьвяты паводле новага календару. Гэтак робяць, напрыклад праваслаўныя цэрквы Грэцыі, Румыніі, Фінляндыі, Варшаўская япархія Польскай Праваслаўнай царквы, і вернікі самага ўплывовага ў сьвеце Канстантынопальскага патрыярхату, які мае па ўсім сьвеце больш за 80 япархіяў.

Некалі, у пачатку 1990-х гадоў, пасьля здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці, прапановы аб так званай каляндарнай уніі чуліся і з асяродзьдзя беларускіх праваслаўных актывістаў. Яны прапаноўвалі перайсьці на Грыгарыянскі каляндар, але застацца пры старой пасхаліі. Што на гэты конт думае айцец прафэсар Андрэй Кураеў?”

(Кураеў: ) “Што датычыць праваслаўнага сьвету, дык тут ёсьць яшчэ адна складанасьць. Яна зьвязаная з тым, што ў пачатку ХХ стагодзьдзя зьявіўся зьмешаны каляндар, калі на прапанову Канстантынопальскага патрыярха нерухомыя або мінейныя сьвяты – Каляды, Хрышчэньне, Перамяненьне, Усьпеньне ды іншыя – было прапанавана сьвяткаваць па адным Грыгарыянскім стылі, які быў узяты ў католікаў, а пасхалія засталася ранейшай.

Шчыра кажучы, лёгіку такога ўчынку мне зразумець зусім цяжка, таму што сьвята Памяці сьвятых ну ніяк не залежыць ад становішча зорак. Царква з аднаго боку вольная ў выбары, калі прызначаць дзень памяці таго ці іншага сьвятога на тую ці іншую дату, і мы памятаем, што на мяжы 4-га і 5-га стагодзьдзяў нават Нараджэньне Хрыстовае было перанесенае на два тыдні, але ўсё ж патрэбная нейкая асэнсаванасьць.

Я не магу зразумець, нашто было ссоўваць дату адзначэньня Ўсьпеньня або Сьвятога Мікалая. А пасхалія, гэта значыць тыя сьвяты, што рэальна былі зьвязаныя з плянэтамі і зоркамі, была пакінутая старая. Так што інакш як зьдзекам са здаровага сэнсу і праваслаўнага паданьня гэты ўчынак так званых грэцкіх навастыльнікаў я назваць не магу. Гэта сапраўды зьдзек. І тады – ёсьць сэнс. Паспрабаваць ссунуць зь месца глыбу царкоўнага кансэрватызму на ня вельмі сур’ёзнай падставе, каб камень пакаціўся – і пачаўся абвал рэформаў.

Такой, відаць, была задума мадэрністаў пачатку ХХ стагодзьдзя. Яна не рэалізаваная дагэтуль. Інэрцыя царкоўнага кансэрватызму аказалася мацнейшай. Зрабіўшы паўкрокуана шляху перамены календара, праваслаўная народная сьвядомасьць ва ўсіх праваслаўных цэрквах сьвету затармазіла і далей не пайшло. І навастыльныя цэрквы знаходзяцца ў троху дзіўным стане ў адрозьненьне ад тых, хто застаўся пры старым стылі. Таму я думаю, што галоўная праблема ў гэтым. Ня ў тым, што адбываецца на нябёсах, не ў календары і нават ня ў тым, наколькі літаральна мы дапільноўваем старажытнае правіла 4 стагодзьдзя, а пытаньне ў псыхалёгіі, пытаньне ў тым, ці ня здасца царкоўным людзям іх родная царква чужой, калі яна пачне імкліва мяняць сваё аблічча”.

(Абламейка: ) “Як вы чулі, айцец дыякан Андрэй Кураеў дзеяньні грэцкіх, як ён сказаў, “навастыльнікаў” назваў зьдзекам са здаровага сэнсу. Яго пазыцыя адназначная – трэба больш увагі зьвяртаць на псыхалёгію вернікаў, каб царква не здалася вернікам занадта рэфарматарскай і чужой.

Ну а што думаюць католікі? Вось мая гутарка з Апостальскім візытатарам для беларусаў грэка-католікаў замежжа айцом Аляксандрам Надсанам.

Які сёньня каталіцкі погляд на праблему календара? І ці ёсьць гэта праблема наогул? З аднаго боку, праваслаўныя сьцьвярджаюць, што католікі парушаюць адно з правілаў Першага Сусьветнага сабору, а зь іншага боку яны прызнаюць, што і яны парушаюць адно з двух правілаў Першага Сусьветнага сабору. Як быць з гэтым, са стаўленьнем да габрэйскай Пасхі?”

(Надсан: ) “Даты сьвяткаваньня – рэч умоўная, мы дакладна ня ведаем даты. І ў царкве заўсёды былі рознагалосьсі. Ужо ад пачатку, ад 1 стагодзьдзя, былі спрэчкі, калі сьвяткаваць Пасху, паміж усходняй, азіяцкай, так званай Антыяхійскай школай (ці, цяпер, царквою) і Александрыйскай і Рымскай. Антыяхійцы сьвяткавалі разам з габрэямі Пасху 4-га нісана. А па Александрыйскім трэба было сьвяткаваць у нядзелю, каб не супадала з габрэйскай Пасхаю.

Але гэта не было найважнейшае. Мы робім гэта як успамін. Таму гэтаму ня трэба надаваць вялікай увагі, галоўнае, каб зьмест заставаўся той самы. У 4 стагодзьдзі на Першым Нікейскім саборы выпрацавалі правілы – як сьвяткаваць, каб была еднасьць. А тут рэаліі астранамічныя.

Тады было яснае правіла – трэба было сьвяткаваць у нядзелю пасьля поўні месяца, якая выпадае пасьля габрэйскай Пасхі. Пасха павінна быць заўсёды пасьля веснавога раўнадзенства, якое было зафіксавана 21 сакавіка. Найранейшая поўня месяца пасьля жыдоўскай Пасхі магла быць 19 сакавіка, і калі 19 сакавіка прыпадала на чацьвер, тады найранейшая Пасха была 22 сакавіка, у нядзелю, адразу пасьля раўнадзенства. Гэта было ў 4 стагодзьдзі.

Але, бачыце, год ня роўны 365 дням. Таму шточатыры гады давалі адзін год высакосны. Кожныя 128 гадоў набіраўся яшчэ адзін дзень. І ўжо ў 16 стагодзьдзі – гляньце нават у каляндар Скарыны – там ужо раўнадзенства было не 21 сакавіка, а 10 сакавіка. Ну і Папа Рыгор XIII захацеў выправіць гэта. У каталіцкім сьвеце было прынята, пасьля гэта прынялі пратэстанты (крышку пазьней, недзе ўжо ў 18 стагодзьдзі большасьць іх прыняла), а праваслаўныя засталіся пры старым календары.

Калі ж гаварыць пра каляндар, дык нават у Каталіцкай царкве няма еднасьці. Католікі ўсходняга абраду, украінцы – яны сьвяткуюць па старым календары. Гэты ім не замінае быць таксама католікамі. Зь іншага боку, у Расейскай імпэрыі католікі лацінскага абраду сьвяткавалі разам з праваслаўнымі, зноў жа дзеля выгоды. Цяпер католікі (іх ня так шмат) у Грэцыі, таксама сьвяткуюць разам з праваслаўнымі нават і Пасху. Так што я думаю, што гэта рэч хутчэй практычная, чым дагматычная. Таму абвінавачваць адно аднаго няма сэнсу”.

(Абламейка: ) “Гэта можна лічыць і вашым адказам на пытаньне, як бы Вы паставіліся да прапановаў аб каляндарнай уніі, якія былі ў Беларусі 10 гадоў таму – захаваць Вялікдзень па-старому, а праваслаўным перайсьці на іншы каляндар”.

(Надсан: ) “Магчымае і гэта, і такая разьвязка. Як праваслаўныя грэкі цяпер – яны так маюць. Але ніводная разьвязка ня ёсьць дасканалая, і таму ўсіх не задаволіць. Таму я б сказаў, што лепш, каб у нас былі згода і любоў паміж сабою, і каб мы зьвярталі ўвагу на сутнасьць самога сьвята, чым на дату. Каб пабочныя справы не зацямнялі нам сутнасьці – гэтае самае важнае”.

(Абламейка: ) “Гэтак мяркуе айцец Аляксандар Надсан. Ён лічыць, што пытаньне календара хутчэй практычнае, чым дагматычнае, і яно ня мае вялікага значэньня. Тым больш ён ня лічыць магчымым спрачацца з кімсьці ці асуджаць некага за трыманьне пры тым ці іншым календары.

Як доказ сваёй думкі, айцец Аляксандар Надсан прывёў вельмі цікавыя прыклады. Католікі лацінскага абраду ў Расейскай імпэрыі да рэвалюцыі трымаліся Юльянскага календара, украінскія грэка-католікі і сёньня адзначаюць усе сьвяты па старым стылі, і сёньня ж грэцкія рыма-католікі адзначаюць Вялікдзень разам з праваслаўнымі. Гэтыя прыклады яшчэ раз сьведчаць, што большасьць цэркваў сьвету разглядае пытаньне календара як практычнае. Зь іншага боку, як паказала і сёньняшняя перадача, да аб’яднаньня календароў яшчэ вельмі далёка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG