Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРГКАМІТЭТ “ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ” ВЫЗНАЧЫЎ ФАРМАТ ГЭТАЙ АКЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Нацыянальны аргкамітэт "Чарнобыльскага шляху — 2002", у які ўвайшлі вядомыя навукоўцы, грамадзкія й палітычныя дзеячы, а таксама прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, сёньня вызначыў фармат акцыі. Удзельнікі Шляху зьбяруцца 26 красавіка ў 17.30 на пляцы Я.Коласа. Адтуль калёна праспэктам Францішка Скарыны й вуліцай Леніна накіруецца на пляц Волі, дзе адбудзецца кароткі мітынг і малебен. Асобная дэлегацыя ўскладзе кветкі да Чарнобыльскага звана-помніка на плошчы Незалежнасьці.

Аргкамітэт таксама вызначыў лёзунгі, пад якімі будзе адбывацца гэтая акцыя: "За Беларусь — дзеля будучыні", "Беларусі — жыць!", "Усе разам супраць Чарнобыльскай бяды" ды іншымі. Пра тое, у чым будзе адметнасьць сёлетняга "Чарнобыльскага шляху" распавядае сябра аргкамітэту, лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Зьмяніўся міжнародны кантэкст чарнобыльскага пытаньня. Мы адчулі з выказваньняў ААНаўскіх чыноўнікаў, якія прыяжджалі сюды ў справе Чарнобылю, што сьвет на нас пачынае забывацца. Безумоўна, самаізаляцыя Беларусі, у якую ўвагнаў нас Лукашэнка, таксама паўплывала на тое, што сьвету, які й без таго ня надта чулы да чужой бяды, гэтая беларуская бяда стала яшчэ больш абыякавай.

Але нас крайне трывожыць, што праз пальцы глядзяць на пражываньне людзей у моцна заражаных зонах. І нам проста крыкам крычаць трэба — жыць у заражаных зонах нельга, трэба высяляць людзей! Прадукцыю вырабляць нельга, трэба каб была чыстая прадукцыя! А йнакш уся нашая нацыя закладніца вось гэтай палітыкі Лукашэнкі".

Сябры аргкамітэту сёньня выступілі са зваротам, у якім адзначаецца, што за 16 гадоў у выніку радыяцыі памерла больш за 200 000 чалавек. На забруджаных тэрыторыях жыве амаль 2 мільёны чалавек, у тым ліку ў раёнах з узроўням радыяцыі ад 15 да 40 кюры на квадратны кілямэтар — 140 тысяч. У Расеі й ва Ўкраіне людзі цалкам адселеныя з такіх раёнаў. Таму сябры аргкамітэту патрабуюць ад уладаў перасяліць з брудных раёнаў людзей, спыніць выраб прадуктаў харчаваньня на забруджаных тэрыторыях, не замінаць працаваць арганізацыям, якія займаюцца пастаўкамі з-за мяжы гуманітарнай дапамогі. Гэты зварот, пад якім можа падпісацца кожны, 26 красавіка будзе перададзены ва ўрад.

Заяўку на правядзеньне "Чарнобыльскага шляху", пад якой падпісалася больш за 100 чалавек, сёньня перадалі ў Менгарвыканкам.
XS
SM
MD
LG