Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец быў затрыманы ў часе шэсьця з нагоды Дня Незалежнасьці БНР. Судзьдзя Цэнтральнага райсуду Менску Натальля Вайцяховіч пакарала яго, а таксама Вячаслава Сіўчыка ды некаторых іншых удзельнікаў акцыі 15-сутачным арыштам. Сёньня ля турэмнай брамы яго сустракалі калегі з Маладога Фронту, АГП, а таксама маці й жонка спадара Сіўчыка. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Дзякуй Богу, ўсё нармалёва. Супрацоўнікі спэцпрыёмніку ўжо даўно ўсё ведаюць, разумеюць палітычную сытуацыю, сутачнікі тым больш. Так што ўсё было вельмі добра. Амаль увесь час я пісаў, пісаў кнігу пра сучаснае пакаленьне беларускай моладзі. Я спадзяюся, што яе можна будзе хутка ўбачыць у друку. Апрача гэтага адбылося яшчэ некалькі цікавых рэчаў. Давялося сустрэць сьвяты: Вялікдзень і маё й Сіўчыка прафэсійнае сьвята — Дзень геоляга. Вялікі дзякуй Галіне Васільеўне, Маці Вячаслава, якая перадала нам пасху й на Дзень геоляга перадачу. Міліцыянты таксама ведалі, што мы геолягі, і таксама павіншавалі".

А ў гэтак званае сьвята яднаньня Беларусі й Расеі ў камэру да Севярынца пасадзілі нейкага расейца, які пасьля працяглых гутарак прасякнуўся незалежніцкімі ідэямі лідэра Маладога Фронту.

Павал Севярынец не шкадуе, што ўдзельнічаў у несанкцыяванай акцыі з нагоды Дня Волі, і цяпер рыхтуецца да ўдзелу ў іншых вулічных мерапрыемствах гэтай вясны:

(Севярынец: ) "Мы, супольна з кіраўнікамі "Маладой грамады" й руху "Зубр" падпісалі зварот, у якім заклікалі беларускую моладзь выходзіць на вулічныя акцыі — 24 сакавіка, што адбылася, 19 красавіка й на Чарнобыльскі Шлях. Я думаю, што незалежна ад поглядаў, мовы і ад мэтаў, якія мы ставім, мы павінны разумець, што на вуліцах у гэты год будзе шмат што вырашацца.

Грамадзтва апатычнае й разгубленае, і яму трэба арыентыры. Як заўжды ў Беларусі, гэты арыентыр даваўся праз вулічныя акцыі. І таму мы лічым, што любая акцыя ўвесну за Беларусь і супраць рэжыму Лукашэнкі будзе мець сэнс".

А пасьлязаўтра на волю выйдзе апошні пакараны арыштам удзельнік менскай дэманстрацыі 24 сакавіка — Вячаслаў Сіўчык.
XS
SM
MD
LG