Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ЎЗГАДВАЮЦЬ 600 ТЫСЯЧ ГАБРЭЯЎ, ЗАГІНУЛЫХ У ЧАСЕ ФАШЫСЦКАЙ АКУПАЦЫІ


Ігар Карней, Менск

Тады паўстаньне было жорстка задушанае, а ацалелыя людзі былі зьнішчаныя ў канцлягеры Трэблінка. У Беларусі часоў Другой усясьветнай вайны лёс габрэяў быў ня лепшы: болей за 600 тысяч іх былі расстраляныя альбо закатаваныя ў лягерах сьмерці.

Даваенная Беларусь была адметная найперш тым, што габрэі складалі значную частку мясцовага насельніцтва: у многіх мястэчках і гарадах колькасьць этнічных габрэяў значна перавышала колькасьць беларусаў. З пачаткам нямецкай акупацыі беларускія габрэі (як і паўсюль у Эўропе) былі абвешчаныя ворагамі Райху. Вось што прыгадвае пэнсіянэр з Глыбоччыны Тадэвуш Лавэйка, які стаўся сьведкам расстрэлу каля трохсот габрэяў:

(Лавэйка: ) "У той дзень пачалі капаць яму, а іх сагналі ў школу. А назаўтра ўжо расстрэльвалі. Вялі групамі, распраналі і расстрэльвалі. Многія кідаліся ў яму самі; думалі, што не закапаюць, а ўжо калі сталі засыпаць, пачалі чуцца стогны, крыкі. Малых наагул не стралялі, так кідалі ў яму. У часе расстрэлаў, дарэчы, былі толькі тры гестапаўцы, астатнія — паліцаі. Пасьля іх асудзілі, у Варшаве быў суд".

(Карней: ) "Гэта значыць, да вайны жылі па-суседзку, а потым стралялі?"

(Лавэйка: ) "Так, разам у школу хадзілі, а пайшлі ў паліцыю і растрэльвалі".

Спадар Лавэйка ўзгадвае, што жудасным быў ня толькі факт расправы над мірнымі людзьмі, але й наступныя акты вандалізму. Так, у ягонай вёсцы месца расстрэлаў неаднойчы перакопвалася.

(Лавэйка: ) "Пасьля таго, як людзей расстралялі, потым магіла неаднойчы разрабоўвалася; былі падкопы, шукалі золата. Але нічога там няма. Я ведаю: як гналі страляць, дык іх заводзілі ў асобнае памяшканьне і правяралі: калі залатыя зубы былі, то выдзіралі".

Зрэшты, дзікунства здараецца і зараз: помнікі ахвярам тых часоў раз-пораз заліваюцца фарбай, з надмагільных плітаў зьнішчаюцца імёны пахаваных. Ня лепшым чынам абыходзяцца і з габрэйскімі сьвятынямі: прыкладам, улады Барысава дагэтуль маюць намер выставіць на аўкцыён мясцовую сынагогу.

Яшчэ адзін сьведка вайны, Анатоль Масальскі з-пад Барысава. У 1943 яму было 9 гадоў, але той час ён памятае дастаткова добра.

(Масальскі: ) "Амаль у кожным доме былі крамы — габрэі ж гандлявалі. Мне бацька шмат распавядаў, як габрэі ўцякалі ад ямы; за імі гналіся паліцаі. Адзін тады дабег да нас, думаў, што дзесьці ля пабудоваў габрэі хаваюцца. Бацька сказаў, што нікога тут няма. Але потым даведаліся, што аднаго ўсё ж дагналі, застрэлілі, і чалавек, наш сусед, потым адвёз забітага габрэя да той самай ямы".

Заўтра ў рамках традыцыйнага Дня памяці амбасада Ізраілю ў Беларусі праводзіць цырымоніі ўшанаваньня Праведнікаў, якія цягам вайны выратавалі ад сьмерці сотні габрэяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG