Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БУДАЎНІЦТВА КАЛЬЦАВОЙ ДАРОГІ ЛЯ КУРАПАТАЎ МОЖА БЫЦЬ СКОНЧАНАЕ ПРАЗЬ МЕСЯЦ


Ганна Соусь, Менск

Будаўніцтва кальцавой дарогі ідзе цяпер вельмі актыўна, асабліва з боку мікрараёну. На другім баку, ля ўрочышча, працы пакуль не вядуцца — дагэтуль не вырашанае пытаньне з крыжамі, што апынуліся ў насыпе дарогі. Калі ў некалькіх будаўнікоў быў перакур, я зьвярнулася да іх з пытаньнямі. Мне адказвае гэадэзіст Мікола Гусакоў:

(Карэспандэнтка: ) "Як хутка будуць завершаныя ўсе працы?"

(Гусакоў: ) "Калі ня будуць перашкаджаць, то паспрабуем за месяц усё здаць".

(Карэспандэнтка: ) "Маецца на ўвазе — і асфальт пакласьці?"

(Гусакоў: ) "І асфальт, і добраўпарадкаваць, і гэтак далей. Увогуле, ёсьць праблемы, але ж крыху знаходзім і ўзаемапаразуменьне. Людзі разумеюць, што будзе існаваць дарога, і будзе ўвага да іхных крыжоў, будуць замежныя госьці прыяжджаць і ня будуць хадзіць па балоце. Тут будзе падпорная мэмарыяльная сьцяна, якая сваім выглядам будзе нагадваць пра нашае мінулае".

Гэтак мяркуе геадэзіст Мікола Гусакоў. А паводле валанцёраў, дагэтуль існуе небясьпека нацыянальнаму нэкропалю, і таму трэба пільна сачыць за будаўніцтвам. Гаворыць актывіст Мікола Ткачэнка:

(Ткачэнка: ) "Як гэта, каб па могілках нашых братоў, якіх рэпрэсавалі яшчэ за Сталіна, езьдзілі машыны? Зараз мне цікава сачыць за тым, каб нічога не парушалася, каб рабочыя не пашыралі дарогу яшчэ больш".

Апошнім часам выходзіць зь лягеру ўвечары стала небясьпечна. Надоечы актывіст Антось Шкурынскі пацярпеў ад невядомых хуліганаў:

(Шкурынскі: ) "Увечары каля адзіннаццаці гадзінаў вяртаўся ад шапіку з цыгарэтамі. На паўдарозе тры здаровыя хлопцы ўбачылі мяне. Адзін зь іх кажа: "А, гэта іхны начальнік", і адразу наляцелі й пачалі біць. Потым пабеглі на прыпынак, а я пайшоў у лягер. Хлопцы нашыя спужаліся, кажуць: "Што гэта з табой?"

(Карэспандэнтка: ) "Як Вы мяркуеце, гэта было выпадковае здарэньне ці не?"

(Шкурынскі: ) "Думаю, што не".

(Карэспандэнтка: ) "Як Вы цяпер адчуваеце сябе?"

(Шкурынскі: ) "Як стары дзед. Усё баліць".

Антось Шкурынскі запэўнівае, што ён не зьбіраецца пакідаць урочышча, нягледзячы на пагрозы й пэўную небясьпеку.
XS
SM
MD
LG