Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБ'ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ МЯНЯЕ СВАЮ СТРАТЭГІЮ Й ТАКТЫКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У 6-м зьезьдзе АГП, які праходзіў у будынку менскага Дому вэтэранаў, бралі ўдзел 240 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Перад яго пачаткам намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі так акрэсьліў задачы, якія павінен выканаць гэты форум:

(Дабравольскі: ) "Адна з галоўных задачаў гэтага зьезду — гэта зьмена ў дзейнасьці партыі. Зьвязанае гэта з тым, што традыцыйныя сродкі дзейнасьці даюць, на жаль, ня вельмі істотны эфэкт. Мы хацелі б зьмяніць не апазыцыйнасьць (яна застанецца й гэта будзе не мяккая апазыцыйнасьць), мы хацелі б зьмяніць сэнс сваёй дзейнасьці: накіраваць яе больш да простых людзей. Палітычныя ідэі мы захаваем, але ўсё ж трэба ператварыць АГП у партыю ня столькі ідэяў, колькі для людзей".

Раніцай у трэцюю гадавіну сьмерці былога намесьніка старшыні АГП Генадзя Карпенкі група сяброў партыі наведала магілу, дзе былі ўскладзеныя кветкі, а дэлегаты зьезду ушанавалі ягоную памяць хвілінай маўчаньня.

У сваім справаздачным дакладзе лідэр АГП Анатоль Лябедзька надаў шмат увагі памылкам якія былі зробленыя апошнім часам — АГП разам зь іншымі суб'ектамі апазыцыі ня здолела выйграць прэзыдэнцкія выбары, АГП мала ведаюць у рэгіёнах, не ўдалося данесьці да кожнага беларуса інфармацыю пра зьніклых людзей і г.д.

Але, паводле Лябедзькі, у цяперашніх умовах, калі апазыцыя загнаная ў рэзэрвацыю, АГП удалася захаваць свае структуры й не зламацца пад ціскам уладаў. Вельмі пасьпяховай была кампанія "Хочам ведаць праўду!", якая прайшла ў 35 рэгіёнах і ў якой удзельнічала каля 5 тысяч чалавек. Старшыня лічыць, што цяпер партыі трэба значна павышаць прафэсійны ўзровень сваёй працы.

АГП зьбіраецца браць удзел у выбарах у мясцовыя органы ўлады у наступным годзе, праўда, калі гэтыя выбары адбудуцца. Бо, паводле Анатоля Лябедзькі, у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ўжо створаная адмысловая рабочая група па падрыхтоўца да рэфэрэндуму, на які зьбіраюцца вынесьці пытаньні аб працягу прэзыдэнцкай кадэнцыі да 7 гадоў, а таксама пра скасаваньне мясцовых саветаў. Вось што сказаў Анатоль Лябедзька пра магчымыя блёкі АГП зь іншымі апазыцыйнымі сіламі:

(Лябедзька: ) "На рэгіянальных выбарах мы будзем прапаноўваць прынцып стварэньня кааліцыяў зьнізу ўверх. А гэта азначае, што й канфігурацыя можа быць самая розная — у залежнасьці ад таго, мае тая ці іншая структура свае падразьдзяленьні ўнізе. Калі,напрыклад, Лукашэнка пойдзе на тое, каб праводзіць рэфэрэндум, я прагназую, што дзейнасьць КРДС будзе па поўнай праграме, і думаю, што да яе далучацца іншыя суб'екты палітычнага жыцьця".

Дэлегаты прынялі шэраг рэзалюцыяў пра свабоду мас-мэдыяў, аб эканамічнай і моладзевай палітыцы, але галоўнымі былі дакумэнты аб стратэгіі й тактыцы АГП і аб разьвіцьці партыі. Паводле гэтых дакумэнтаў сябры партыі ў будучыні мусяць актыўна працаваць з выбаршчыкамі й прыслухоўвацца да іхнай думкі, з дырэктарскім корпусам, прадпрымальнікамі, моладзьдзю і г.д.

Галоўныя мэты АГП на найбліжэйшую пэрспэктыву — абраньне дэмакратычнага прэзыдэнта, здабыцьцё разам з парнэрамі 50% месцаў у парлямэнце й перамога на мясцовых выбарах. Праўда некаторыя дэлегаты крытыкавалі гэтую праграму за залішнюю дэкляратыўнасьць і неканкрэтнасьць.

Дэлегатаў зьезду віталі лідэры іншых апазыцыйных партыяў, былыя прэтэндэнты на прэзыдэнта Міхаіл Марыніч, Аляксандар Ярашук, Уладзімер Ганчарык, а таксама Павал Казлоўскі й Міхаіл Чыгір. Гэтыя двое апошніх днямі ўступілі ў АГП. Прывітальныя тэлеграмы дэлегатам прыслалі лідэр блёку "Наша Ўкраіна" Віктар Юшчанка, кіраўнік расейскага Саюзу правых сілаў Барыс Нямцоў, лідэры Хрысьціянска-сацыяльнага саюзу Нямеччыны, партыі кансэрватараў Вялікабрытаніі ды іншыя вядомыя эўрапейскія палітыкі.

Дэлегаты абмеркавалі папраўкі ў статут і праграму партыі. На старшыню партыі абраны Анатоль Лябедзька, а ягонымі намесьнікамі сталі Аляксандар Дабравольскі, Васіль Шлындзікаў, Яраслаў Раманчук і Сяргей Альфер.
XS
SM
MD
LG