Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШЛА АКЦЫЯ “ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя праходзіла ў нядзелю з 11 да 12 гадзіны дня на Кастрычніцкай плошчы Менску. У ёй брала ўдзел каля 100 чалавек. Нягледзячы на кепскае надвор'е, людзі з партрэтамі Генадзя Карпенкі, а таксама Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара і арыштаванага сына экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра, Аляксандра, расьцягнуўшыся ланцугом, стаялі насупраць адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Гаворыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "У гэтай сытуацыі самае страшнае — гэта абыякавасьць. А яна будзе датуль, дакуль будзе замоўчваньне гэтага пытаньня. Думаю, што праз гэтыя невялікія ланцужкі мы пастаянна нагадваем людзям пра трагедыю. Заўсёды падыходзяць дзясятак іншых людзей, якія пытаюць: “Хто гэта? Што зь імі здарылася?” А побач з гэтым мы заўсёды раздаём інфармацыйную прадукцыю".

Лідэр партыі жанчынаў "Надзея" Валянціна Палевікова таксама лічыць, што такія акцыі прыносяць плён:

(Палевікова: ) "Я ўпэўненая, што такія акцыі прыносяць плён. Хаця сёньня даждлівае надвор'е, але людзі праходзяць і многія задумваюцца, чаго ж мы тут стаім. Вось да мяне падыходзіў сталы чалавек і пытаўся, хто гэта такі, і што пра яго чутна. Я яму сказала, што толькі ў Беларусі народ такі баязьлівы, і прапанавала стаць побач. А ён мне кажа: "Я баюся, але заўтра раскажу ўсім сваім на працы, што ёсьць мужныя людзі, якія страцілі жыцьцё за тое, каб нам жылося лепей".

Удзельнікі ланцугу раздавалі людзям зварот маці Генадзя Карпенкі Веры Міхайлаўны, у якім яна заклікае грамадзянаў Беларусі не забываць пра лёс яе сына, а таксама зьніклых вядомых у краіне людзей.

У акцыі ўдзельнічаў і родны брат Генадзя Карпенкі Аляксандар, які перакананы, што Генадзь быў забіты ўладамі, бо быў для іх небясьпечным супернікам:

(Аляксандар Карпенка: ) "Я не хачу маўчаць і не хачу, каб зьнікалі людзі й каб забівалі рознымі мэтадамі людзей. Людзі не павінны сядзець па кватэрах, а мусяць выйсьці й пратэставаць супраць гэтага. Я згубіў ня толькі брата, але й чалавека, які б прынес сьвятло людзям і павёў бы іх да нармальнага цывілізаванага жыцьця".

А вось што сказала жонка зьніклага бізнэсмэна Анатоля Красоўскага Ірына:

(Красоўская: ) "Я заўсёду ўдзельнічаю ў гэтых ланцугах і мерапрыемствах, якія дапамагаюць прыцягнуць увагу да факту зьнікненьня вядомых у Беларусі людзей. Я гэта раблю для сябе й для сваіх родных і блізкіх. Таму што мы памятаем і заўсёды будзем памятаць пра тое, што адбылося. А яшчэ мы робім гэта для тых людзей, якія жывуць у гэтым горадзе й у гэтай краіне, каб яны таксама не забываліся пра тое, што адбылося. Каб яны ня думалі, што ўсё так добра й гэтага ня можа здарыцца зь імі".

Яшчэ зусім нядаўна ўдзельнікі “Ланцугоў неабыякавых людзей” трымалі ў руках партрэты палітвязьня Андрэя Клімава і дамагаліся ягонага вызваленьня.Цяпер спадар Клімаў на волі, і ён таксама прыйшоў на плошчу, каб удзельнічаць у гэтай акцыі:

(Клімаў : ) " Я па-ранейшаму лічу найважнейшай справай для любога палітыка ў Беларусі, які сябе паважае, дамагчыся давядзеньня да суду расьледаваньня ў справе зьніклых вядомых палітыкаў і загадкавай гібелі Генадзя Карпенкі. Гэтыя акцыі — хутчэй напамін уладам пра іх абавязак рабіць усё, каб у краіне не зьнікалі ня толькі вядомыя палітыкі, але й звычайныя людзі".

Нягледзячы на тое, што акцыя не была дазволеная ўладамі, міліцыя не перашкаджала яе правядзеньню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG