Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН АБЯЦАЕ ПАДВОІЦЬ НАМАГАНЬНІ Ў СПРАВЕ РАШЭНЬНЯ ПОСТЧАРНОБЫЛЬСКІХ ПРАБЛЕМАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

З такім намерам Кенза Ашыма накіраваўся ў Жэнэву на канфэрэнцыю прадстаўнікоў арганізацыяў і краінаў-донараў постчарнобыльскай рэабілітацыі. Спадар Ашыма зьбіраецца заклікаць узмацніць сумесныя намаганьні ў гэтай справе.

(Ашыма: ) “Я мушу адзначыць, што гэта нялёгкая задача, таму што зацікаўленасьць донараў апошнімі гадамі зьніжаецца. І каб дабіцца посьпеху, трэба мець цярплівасьць, рашучасьць, кемлівасьць і творчы падыход”, – сказаў спадар Кенза Ашыма на прэсавай канфэрэнцыі перад адлётам у Жэнэву.

Ён зазначыў, што палітыка Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў у галіне гуманітарнай дапамогі пацярпелым ад Чарнобыля рэгіёнам пераглядаецца ў адпаведнасьці зь лютаўскай справаздачай ААН “Гуманітарныя наступствы аварыі на ЧАЭС. Стратэгія рэабілітацыі”.

(Ашыма: ) “Мы прапаноўваем зрабіць новы старт у мабілізацыі міжнароднай донарскай дапамогі й супрацоўніцтва, якія былі б лепш скіраваныя на гуманітарныя наступствы катстрофы. У нашым разуменьні гэтыя зьмены павінны стварыць атмасфэру, якая дазволіла б людзям з пацярпелых рэгіёнаў узяць адказнасьць за сваё жыцьцё на сябе і дабіцца ўстойлівага эканамічнага разьвіцьця. На 16-м годзе пасьля аварыі праблема Чарнобыля ня зьнікла. Закрыцьцё ЧАЭС і высакародная дапамога донараў у будаўніцтве новага саркафагу над разбураным рэактарам не азначаюць, што міжнародная супольнасьць можа цяпер забыцца на людзей, якія працягваць жыць і цярпець пад ценем Чарнобыля”, – заявіў намесьнік генэральнага сакратара ААН Кенза Ашыма.

Прадстаўніцтва ААН у рамках новай канцэпцыі ўжо прапанавала Беларусі тры адмысловя праекты. Яны абмяркоўваліся з урадам і былі падтрыманыя.

Першы праект, паводле словаў прадстаўніка ААН у Беларусі Ніла Бунэ, заахвочвае вясковае прадпрымальніцтва – за кошт разьвіцьця адмысловых цэнтраў падтрымкі, якія будуць аказваць паслугі асабістым гаспадаркам вяскоўцаў, малым прадпрыемствам і сельскім каапэратывам. Спачатку праект будзе рэалізоўвацца ў трох пацярпелых раёнах.

Другі праект датычыць стварэньня і разьвіцьця крэдытных саюзаў, ён будзе рэалізоўвацца ў пяці раёнах.

Трэці праект прысьвечаны паляпшэньню здароўя дзяцей – празь лепшае іх інфармаваньне пра тое, як клапаціцца пра сябе і зьнізіць рызыку для здароўя. Ніл Бунэ падкрэсьліў, што гэта толькі першыя крокі.

У беларускім урадзе задаволеныя новымі падыходамі ААН. Гаворыць старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах Чарнобыля Ўладзімер Цалко:

(Цалко: ) “Я мушу сказаць, што ў апошні год, з прыходам спадара Ашымы, прыкметна ажывілася праца ААН у чарнобыльскім кірунку. Станоўча і тое, што яны пераарыентаваліся ад надзвычайнай гуманітарнай дапамогі на падтрымку рэгіянальных праектаў эканамічнага адраджэньня пацярпелых тэрыторыяў. Гэткай была і нашая палітыка, беларускія прапановы”.

Уладзімер Цалко будзе прадстаўляць Беларусь на канфэрэнцыі краінаў-донараў у Жэнэве 8 красавіка. Што да гуманітарнай дапамогі, то паводле спадара Цалко, яе аб’ёмы летась моцна ня зьнізіліся – абсталяваньня, мэдыкамэнтаў ды іншага ў Беларусь было прывезена на 50 мільёнаў даляраў. Каля 60 тысяч беларусіх дзяцей летась аздараўляліся за мяжой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG