Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

На сцэне Тэатру Юнага Гледача прайшоў IV міжнародны фэстываль дзіцячых аматарскіх тэатраў “Крок у неба”. Міністэрства культуры й Міністэрства адукацыі, якія раней фундавалі фэстываль, сёлета адмовіліся яго фінансаваць з прычыны браку бюджэтных сродкаў. Тым ня менш, імпрэза адбылася дзякуючы падтрымцы з боку прыватных фундатараў, якія выдаткавалі на яе 20 млн. рублёў. Дыплёмамі фэстывалю былі ўганараваныя ўсе ягоныя ўдзельнікі: дыплёмы дапамогуць дзіцячым тэатрам шукаць новых фундатараў.

У Музэі сучаснага мастацтва адчынілася выстава жывапісу ды інсталяцыяў сямі мастакоў “Колерамарфозы”. У творах кожнага аўтара пераважае адзін з колераў вясёлкі, найбольш блізкі ягонаму сьветаадчуваньню. Андрэй Савіч выставіў шматмэтровую жоўтую пілу, якую з адпаведным, запісаным на магнітафон, гукам цягаюць кожны ў свой бок мужчына й жанчына. Такому пілаваньню паветра аўтар даў назоў “Прынцып жыцьця”.

Фальклёрны гурт “Вербіца” пад кіраўніцтвам выкладчыцы Лідзкае школы мастацтваў Тамары Харашылавай перамог на міжнародным конкурсе харавых калектываў у намінацыі “Абрад на сцэне”. У конкурсе, што праходзіў у італьянскім горадзе Рыва дэль Пардыя, бралі ўдзел выканаўцы з 22 краінаў. Лідчукі паказалі ў Італіі традыцыйны беларускі абрад “Купальле”. У якасьці ўзнагароды атрымалі Залаты кубак і рэпрадукцыі карцінаў зь відамі Рыва дэль Пардыя.

У музэю-гасьцёўні Ўладзіслава Галубка адчынілася выстава “Актор жыцьцёвае праўды”, прысьвечаная 100-м угодкам з дня народзінаў артыста Купалаўскага тэатру Паўла Малчанава. За сваім часам менавіта Малчанаў першы зь беларускіх актораў выканаў на сцэне дужа рызыкоўную ролю Леніна, а таксама — ці не найбольш працаёмістую ролю Гамлета. Другая імпрэза з нагоды юбілею Малчанава прайшла з удзелам вэтэранаў Купалаўскага тэатру ў Доме-музэю Якуба Коласа.

У пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка адбылася прэзэнтацыя “Беларуска-польскага фразэалягічнага слоўніка”. Слоўнік — найбуйнейшы ў сваім жанры: ён зьмяшчае каля 6 500 прыслоўяў ды іншых прыгожых выразаў у абедзьвюх мовах. Склалі яго супрацоўнікі Інстытуту славістыкі Польскае акадэміі навук ды Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнае Акадэміі навук Беларусі.

З 8 па 14 красавіка на сцэне гомельскага Маладзёвага тэатру пройдуць гастролі францускага тэатру Brut de Béton Production з гораду Клермон-Фэран. Сярод спэктакляў — пастаноўкі паводле аповесьці Сьвятланы Алексіевіч “Чарнобыльскае малітва”, п’есаў Мальера й баек Ляфантэна. Увесь патрэбны рэквізыт французы прывезьлі з сабою, але замовілі гамельчукам падрыхтаваць для спэктакляў “восем драўляных карчоў, пафарбаваных у чорны колер”. У далейшых плянах супрацы двух тэатраў — стварэньне супольнае трупы для паказу п’есаў беларускіх аўтараў.
XS
SM
MD
LG