Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУБОТНІ ДЫЯЛЁГ ІРЫНЫ ХАЛІП З ВАЛЕРЫЕМ ФРАЛОВЫМ


Ірына Халіп, Менск

(Халіп: ) “Валеры Дзьмітрыевіч, а на якія паўнамоцтвы вы разьлічвалі, калі вылучалі сваю кандыдатуру ў парлямэнт?”

(Фралоў: ) “Паўнамоцтвы ў парлямэнту ёсьць. Але было бы разумна, калі б прэзыдэнт падзяліўся сваімі паўнамоцтвамі з дэпутатамі, каб разам узваліць на свае плечы адказнасьць за будучыню Рэспублікі Беларусь і лёс тых людзей, якія ў ёй жывуць”.

(Халіп: ) "Якімі канкрэтна паўнамоцтвамі павінен падзяліцца прэзыдэнт з дэпутатамі, на ваш погляд?”

(Фралоў: ) "На мой погляд, добра было б, калі б тыя канстытуцыйныя нормы, якія зараз існуюць, былі прапісаныя такім чынам, каб дэпутаты ў сваёй законатворчай працы маглі паўплываць на прэзыдэнцкія дэкрэты — часовыя дэкрэты. А зараз, згодна з Канстытуцыяй, мы ў прэзыдэнцкія дэкрэты ня можам ніводнай кропкі ўнесьці. Такім чынам, прэзыдэнт сваімі ўказамі, часовымі дэкрэтамі звужае прававое поле да вельмі маленькага аб'ёму. Акрамя таго, дэпутацкая законапраектная ініцыятыва надта абмежаваная прэзыдэнцкім дэкрэтам №99. І гэтай ініцыятывай вельмі цяжка карыстацца.

Таксама парлямэнт ня мае ніякіх паўнамоцтваў па кантролю за тым, як ажыцьцяўляюцца законы. Адзіны напрамак кантролю — гэта парлямэнцкі дзень, калі да нас прыходзяць кіраўнікі ўраду, і мы можам задаваць ім пытаньні. А так — прынялі закон, і няведама, што зь ім далей. Ёсьць прымаўка: "Пракукарэкаў — а там няхай і не сьвітае". Так і з намі: як працуюць законы, ці прыносяць яны карысьць грамадзтву — гэтага мы ўжо кантраляваць ня можам”.

(Халіп: ) "А вы што, сапраўды думалі, што адстаўка сьпікера Папова зможа паўплываць на зьмену функцыяў парлямэнту? Папоў жа проста такі ж ціхі запалоханы чалавек, як і большасьць вашых дэпутатаў”.

(Фралоў: ) "На гэтае пытаньне я магу адказаць так: Вадзім Аляксандравіч толькі апошнім часам пачаў урэшце разумець сваю ролю, і ягоныя паводзіны зьмяніліся ў лепшы бок. Але ж да апошняга часу ён адчуваў сябе хутчэй чалавекам адміністрацыі прэзыдэнта. І яшчэ да пачатку абмеркаваньня законапраекту ён ужо гатовы быў абараняць пазыцыю адміністрацыі. Там, вядома ж, таксама людзі. Але мне здаецца, 110 дэпутатаў маглі б лепш зарыентавацца ў сытуацыі, абмеркаваць усебакова і прыняць такі закон, які палепшыў бы сытуацыю ў краіне”.

(Халіп: ) "Валеры Дзмітрыевіч, але ж адстаўка Папова нічога ня вырашыла б. І, дарэчы, вынікі галасаваньня паказалі, што вашу ініцыятыву падтрымалі толькі 20 дэпутатаў. А вы на што разлічвалі?”

(Фралоў: ) "Мне здаецца, што гутарка, якая пачалася ў Авальнай залі пасьля маёй прапановы, адыграе вельмі важную пазытыўную ролю ў далейшай працы парлямэнту. Але з улікам той атмасфэры, якая склалася ў парлямэнце, я думаў, што мяне падтрымае большая колькасьць дэпутатаў. Але розныя акалічнасьці прымушаюць дэпутатаў мяняць пазіцыю. Напэўна, гэтыя акалічнасьці і адыгралі пэўную ролю”.

(Халіп: ) "А былі тыя, хто абяцаў вас падтрымаць, а потым прагаласаваў супраць?”

(Фралоў: ) "Былі, і вельмі значная колькасьць. Потым яны падыходзілі да мяне і тлумачылі, чаму яны адмовіліся ў апошні момант падтрымаць мяне. Кожны зь іх мае права галасаваць так, як яму ў дадзены момант здаецца больш разумным”.

(Халіп: ) "І што яны вам тлумачылі?”

(Фралоў: ) "Кожны падыходзіў і казаў: "Ты ж разумееш..." — потым ішло шмат розных словаў, паўтараць якія я не хачу і ня буду”.

(Халіп: ) "Калі я гляджу на палату прадстаўнікоў, я бачу хіба што некалькіх дэпутатаў. якія шчыра хацелі б пераменаў, хацелі б штосьці зьмяніць. Гэта вы, Уладзімер Навасяд, Уладзімер Парфяновіч... І ўсё? Са ста дзесяці?”

(Фралоў: ) "Не, тут я не магу з вамі згадзіцца. Калі ня ўсе, дык абсалютная большасьць дэпутатаў хоча пераменаў. Спадзяюся, што на тым тыдні выйдзе ў "БДГ" мой артыкул, у якім я паспрабаваў выказаць свае погляды, а таксама тыя прычыны, якія прымушаюць дэпутатаў весьці сябе так ці інакш. Іншая справа, што яны не заўсёды ў Авальнай залі гэтае выказваюць”.

(Халіп: ) "Значыцца, ціснуць адзін аднаму рукі пад сталом?”

(Фралоў: ) "Калі кнопкі націскаюць?”

(Халіп: ) "Не, калі пра жаданьне пераменаў разважаюць”.

(Фралоў: ) "Ой, не! Калі не ў Авальнай залі — такія размовы ідуць пра ролю, пра месца ў палітыцы, пра тое, што маглі б зрабіць значана больш — гэтыя размовы вельмі папулярныя”.

(Халіп: ) "І тым ня менш, на пытаньне прэзыдэнта, каму тут мала паўнамоцтваў, толькі вы адказалі, што вам мала, а астатнія змаўчалі”.

(Фралоў: ) "Гэта толькі ў арміі ўсе разам кажуць: "Здравия желаем! Так точно!" — і гэтак далей”.

(Халіп: ) "А што вам тады адказаў прэзыдэнт?”

(Фралоў: ) "Ён адказаў: "Пішыце, якія паўнамоцтвы вам патрэбныя, будзем разглядаць". Была створана камісія, якая займалася гэтай справай, але потым мы зразумелі, што ў межах той Канстытуцыі, якая зараз дзейнічае, набыць сабе дадатковыя паўнамоцтвы — гэта вельмі праблематычна”.

(Халіп: ) "Я б нават сказала — зусім немагчыма. Што ж вам застаецца?”

(Фралоў: ) "Застаецца выкарыстоўваць тыя паўнамоцтвы, якія ёсьць, у поўным аб'ёме. Але для гэтага павінна быць актыўная пазыцыя”.

(Халіп: ) "Калі ёсьць дэпутаты, чыя пазыцыя дастаткова актыўная, чаму б вам не стварыць фракцыю ў палаце прадстаўнікоў?”

(Фралоў: ) "А ўжо ёсьць фракцыі, і адна зь іх мне вельмі падабаецца. Яна яшчэ не існуе дакумэнтальна, але спадзяюся, што 16 красавіка гэта адбудзецца”.

(Халіп: ) “16 красавіка да вас зьбіраецца прэзыдэнт. Вы будзеце задаваць яму пытаньні?”

(Фралоў: ) "Абавязкова. Але ахвотнікаў будзе вельмі многа”.

(Халіп: ) "А раней вам даводзілася сустракацца з прэзыдэнтам Беларусі?”

(Фралоў: ) "Даводзілася, калі я яшчэ служыў у арміі”.

(Халіп: ) "І якое ў вас засталося ўражаньне ад прэзыдэнта?”

(Фралоў: ) "Ён вельмі актыўны, мэтанакіраваны чалавек, які жадае толькі лепшага для сваёй радзімы. Але тыя кірункі, ў якіх мы рухаемся, вельмі часта залежаць ад людей зь ягонага атачэньня”.

(Халіп: ) "Гэта ўжо, здаецца, было ў гісторыі: цар добры, а вось атачэньне дрэннае...”

(Фралоў: ) "Прэзыдэнт, як любы чалавек, мае права памыляцца. Мы можам разважаць пра ягоныя недахопы, але я хацеў бы падкрэсьліць галоўнае — ягонае жаданьне зрабіць нашую Радзіму вельмі багатай”.

(Халіп: ) "Чаму ж нашая Радзіма ўсё бядней і бядней з кожным днём? Што, за 7 гадоў нельга было зрабіць нічога?”

(Фралоў: ) "А трэба было б падзяліць адказнасьць паміж дзвюма выбарнымі галінамі ўлады — паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам. Тады б справы йшлі значна лепш”.

(Халіп: ) "Калі вы вылучаліся ў парлямэнт, вы ж ведалі, што яго не прызнае Захад, што ён нелегітымны, што ў яго адно права — аднагалосна націскаць на кнопкі. І тым ня менш вы дагэтуль думаеце, што зможаце нешта зьмяніць?”

(Фралоў: ) "Думаю, так. І стараюся найбольш эфэктыўна працаваць у гэтым кірунку”.
(Халіп: ) "На гэтым тыдні вы паабяцалі даць у вуха дэпутату Касьцяну. Такое да гэтага часу мог дазволіць сабе хіба што Генадзь Карпенка. Вы былі зь ім знаёмыя?”

(Фралоў: ) "На жаль, не”.

(Халіп: ) "А вы выканалі сваё абяцаньне перад дэпутатам Касьцянам?”

(Фралоў: ) "Я сказаў, што ў нас будзе мужчынская размова. А ў вуха ці ня ў вуха — другое пытаньне”.

(Халіп: ) "І часта ў кулюарах палаты прадстаўнікоў бываюць "мужчынскія размовы?”

(Фралоў: ) “Не, у нас усе — вельмі інтэлігентныя і адукаваныя людзі...”

(Халіп: ) "Вы звычайна сябе называеце маладым палітыкам. Гэта плюс ці мінус?”

(Фралоў: ) "Па-рознаму, але больш плюсаў”.

(Халіп: ) "Напрыклад, у чым?”

(Фралоў: ) "Я не аглядаюся на тыя акалічнасьці, на якія аглядаюцца тыя, хто ў палітыцы даўно. Я, як у войску, іду да свайго мэтанакіравана”.

(Халіп: ) "А ваш армейскі досьвед дапамагае ці перашкаджае?”

(Фралоў: ) "Дапамагае, вядома ж. 35 гадоў працы зь людзьмі — хіба гэта не карысны досьвед?”

(Халіп: ) "Гэта быў дэпутат Валеры Фралоў. Звычайна ў гісторыі войнаў генэралы сядзелі ў штабе падчас бою, а ў бой ішлі салдаты. Ці зможа генэрал Фралоў стаць салдатам у палітыцы?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG