Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛІ І ЯК ПАДЗЕ ДЫКТАТУРА Ў БІРМЕ


Віталь Цыганкоў, Прага

“Як бадзёра і натхнёна мы сябе адчувалі пасьля прагляду дакумэнтальнага фільму “Скіданьне дыктатуры”, які распавядаў пра адхіленьне ад улады Слабадана Мілошавіча”, – піша аўтарка артыкула “Бірманскае выключэньне”. Фільм быў прадстаўлены на канфэрэнцыі, арганізаванай Амэрыканскім інстытутам міру і Міжнародным цэнтрам негвалтоўных канфліктаў.

Сустрэча сабрала рэальных удзельнікаў негвалтоўнага руху супраціву з многіх краінаў – некаторыя зь іх ужо адрынулі свае дыктатуры, як Чылі, Паўднёвая Афрыка альбо Польшча, а некаторыя яшчэ гэтага не зрабілі – як Беларусь, Ірак і Бірма. “Пад канец канфэрэнцыі, – піша польская журналістка, – я пачувалася як жывая энцыкляпэдыя ідэяў, стратэгіі й тактыкі негвалтоўнай барацьбы. А потым я паехала ў Бірму. У якасьці перасьцярогі я не ўзяла з сабой матэрыялы канфэрэнцыі, і гэта быў вельмі мудры крок”.

Ня менш мудра было пакінуць за межамі гэтай краіны ўсе ідэі пра тое, як негвалтоўны супраціў і грамадзянская супольнасьць могуць зваліць дыктатуру. Калі кожнае правіла мае выключэньне, якое яго пацьвярджае, то Бірма якраз ёсьць выключэньнем з усеагульнага правіла, якое можна сфармаваць паводле вядомага выразу Вацлава Гаўла – “моц бясьсільных”.

Бірманцы – вельмі мяккія людзі, і дужа цяжка назіраць іх бязьлітасна падаўленымі ваенным рэжымам. Хаця ідэі нязгоды і дысыдэнцтва тут сустракаюцца нярэдка, грамадзянская супольнасьць яшчэ ня склалася. У 1988 годзе студэнты натхнілі ўсеагульны негвалтоўны супраціў рэжыму, аднак ён быў расьціснуты. Праз два гады на парлямэнцкіх выбарах Апазыцыйная нацыянальная ліга дэмакратыі атрымала 82% на парлямэнцкіх выбарах, але хунта не дапусьціла пераможцаў да ўлады. Так што бірманцы маюць падставы меркаваць, што калі яны зноў паўстануць супраць рэжыму, то будуць зьнішчаныя.

Тым часам хунта навучылася душыць у зародку любы намёк на зьяўленьне грамадзянскай супольнасьці. Адзін са шляхоў – надзвычай лютае пакараньне за найменшую праяву нязгоды. Два акторы апынуліся на сем гадоў за кратамі за анэкдот. Іншы чалавек атрымаў 25 гадоў за валоданьне незарэгістраваным факсам.

Так што калі і ёсьць нейкі шанец скінуць гэты рэжым мірным шляхам, то гэта наўрад ці адбудзецца праз унутраныя дзеяньні. Гэта можа адбыцца спалучэньнем зьнешняга ціску і ўнутраных перамоваў. Ад кастрычніка 2000 году ідзе працэс, які нечым падобны да перамоваў пры пасярэдніцтве адмысловага пасланьніка ААН.

Генэралы хунты 14 месяцаў вядуць перамовы зь лідэркай апазыцыі – ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі Су Джы, аднак ніякага прагрэсу пакуль не відаць.

Аўтарка артыкула Ганна Гусарска прыводзіць прыклад польскага “круглага стала”, вынікі якога ніяк не задавальнялі дысыдэнтаў, якія ў ім удзельнічалі. Аднак менавіта гэта стала першым крокам, які прывёў да мірнага заканчэньня камуністычнай дыктатуры ў Польшчы. “Спадзяюся, тое ж самае адбудзецца і ў Бірме, – піша аўтарка артыкулу ў “Los Angeles Times”.
XS
SM
MD
LG