Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАРКОЎСКІ — ГАЛОЎНЫ АНТЫСАВЕТЧЫК У МАСТАЦТВЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Пра уплыў А.Таркоўскага як настаўніка і як асобы, ў інтэрвію нашаму радыё распавядае ягоны вучань і пасьлядоўнік у мастацтве, вядомы беларускі кінарэжысэр Віктар Дашук.

(Дашук: ) “Асабіста я яму абавязаны вельмі адметным у сваім жыцці, у мастацтве. Я скажу (хоць можа гэта і ня варта было б гаварыць), што як пэдагог ён быў, можна так сказаць, не найлепшы. Але ў яго была адна рыса, якая дагэтуль вядзе мяне ў прафэсіі. Тады ( у інстытуце кінэматаграфіі) мы былі адносна маладыя людзі, дурныя ў прафэсіі. Я маю на ўвазе нашае мысьленьне, яно было скалечанае савецкімі піянэрскімі атрадамі, школаю, унівэрсытэтам, і вось ён змог за кароткі тэрмін, як мы тады гаварылі, "узарваць мазгі".

Наш сьветапогляд, нашае мысьленьне, нашае ўяўленьне аб прафэсіі, аб ладзе жыцьця, у якім мы існуем, яно было даволі прымітыўным і скалечаным савецкім часам... Я думаю, што калі б я не вучыўся ў Таркоўскага, то на сёння я, мусіць, так і застаўся бы тым самым ідэалягічным нейкім "даўнам" і ў сваім асяродку кінэматаграфістаў, і ўвогуле як чалавек. Калі сказаць коратка, то ён мне дапамог стаць ( я так думаю, можа, гэта і залішні гонар у мяне) стаць асобай...

Таркоўскі плыў супраць вось гэтага камуністычнага ўяўленьня, як павінен сябе паводзіць чалавек мастацтва, як ён павінен прыслужваць уладзе. Магнітнае поле ягонага мысьленьня, ягоны сьветапогляд рабілі нас прафэсіяналамі. Карацей кажучы, калі б мне не пашчасьціла паехаць у Маскву, то я думаю, што на сёньняшні дзень такога рэжысэра як Віктар Дашук — яго проста не існавала б”.

Фільмы Андрэя Таркоўскага сталіся адкрыцьцём для савецкай інтэлігенцыі 70 — 80-х, яны рабілі сапраўдную рэвалюцыю ў сьвядомасьці. Пра сваё разуменьне творчасьці Таркоўскага, пра ягоны ўплыў на інтэлектуалаў таго часу распавядае вядомы беларускі культуроляг Алесь Анціпенка.

(Анціпенка: ) “Фільмы Таркоўскага зьявіліся яшчэ ў тыя савецкія часы, калі ўвогуле нібыта ўсё вызначалася дастакова вядомымі ідэалягічнымі формуламі. Насамрэч, у дадзеным выпадку я кажу пра мае ўражаньні, для мяне гэта быў сапраўдны шок, асабліва зьяўленьне ягонага фільма "Люстэрка". У гэтым фільме прачытваўся цэлы шэраг кантэкстаў: і савецкі — і антысавецкі, і інтэлектуальны — і антыінтэлектуальны...

Гэта было адкрыцьцё нейкага іншага сьвету, а менавіта — сьвету і вымярэньня чалавечай глыбіні. Гэта ўсё вельмі кантраставала з той сытуацыяй, у якой мы жылі. Я думаю, што Таркоўскі, напэўна, самы вялікі антысаветчык. Фільмы ягоныя сапраўды рэалібітавалі інтэлектуалізм і ўвогуле правакавалі да нейкіх пошукаў, да веры ў тое, што сапраўды ня ўсё так безнадзейна ў тым жыцьці, у якім мы жылі”.
XS
SM
MD
LG