Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Галерэя Свабоды”. Кніжнае мастацтва ў Беларусі. 6 красавіка

Росквіт кніжнага мастацтва ў нашай краіне прыпаў на 80-я гады мінулага стагодзьдзя. Пра гэта сьведчыць новая кніга “Беларуская кніжная графіка”, што выйшла ў Менску. Ці можна спадзявацца на ягоны чарговы росквіт? Ці вялікая эпоха беларускага мастацтва кнігі ўжо скончылася? У гутарцы бярэ ўдзел аўтар кнігі, мастацтвазнаўца, прарэктар Беларускай Акадэміі мастацтваў, Міхал Баразна. Аўтар перадачы Сяргей Харэўскі.


“Суботні дыялёг”. 6 красавіка

У першы дзень работы сэсіі “палаты прадстаўнікоў” здарылася тое, чаго не чакаў ніхто. Дэпутат Валеры Фралоў запатрабаваў адстаўкі сьпікера Вадзіма Папова. Дэпутат Сяргей Касьцян абвінаваціў Фралова ў тым, што ён “прадаўся Захаду”. У адказ Фралоў публічна паабяцаў даць Касьцяну ў вуха. Вядома ж, Беларускае тэлебачаньне не сказала пра гэты інцыдэнт ні слова. Тым ня менш, пытаньне паставілі на галасаваньне. Вынік – толькі 20 дэпутатаў падтрымалі прапанову Фралова.

Генэрал-маёр Валеры Фралоў, дэпутат “палаты прадстаўнікоў” — госьць Ірыны Халіп у “Суботнім дыялёгу”.


“Здароўе”. Як пазьбегнуць пераяданьня за сьвяточным сталом? 6 красавіка

Штогод нам прыходзіцца адзначаць некалькі дзясяткаў сьвятаў: дзяржаўных, рэлігійных, сямейных, прафэсійных і асабістых – кшталту дня народзінаў або імянінаў. А сьвята – гэта багатае застольле, шчодрая выпіўка і закуска, ад чаго ня толькі пакутуюць пячонка й галава, але і прыбывае нам непатрэбных кіляграмаў.

Каб пазьбегнуць гэтага, навукоўцы прапануюць некалькі простых парадаў: як паводзіць сябе за сталом, што, колькі й як есьці. Слухайце нашу суботнюю перадачу пра здароўе “Жывіце доўга – новыя сакрэты доўгажыхарства”.


“Сымбаль Веры”. Сучасны погляд на праблему царкоўнага календара. 6 красавіка

Летась, у першы год новага тысячагодзьдзя, даты сьвяткаваньня Вялікадня праваслаўнымі й католікамі супалі, а сёлета разышліся амаль на максымальна магчымы тэрмін – католікі адзначылі Вялікдзень 31 сакавіка, а праваслаўныя будуць яго адзначаць толькі 5 траўня.

Як сталася, што праваслаўныя і католікі разышліся ў датах сьвяткаваньня галоўных хрысьціянскіх сьвятаў? Ці ўсе праваслаўныя і ці ўсе католікі сьвяткуюць Каляды і Вялікдзень у адзін дзень са сваімі адзінаверцамі ў іншых краінах? Ці магчымая сёньня так званая каляндарная унія, калі праваслаўныя пераходзяць на новы каляндар, але застаюцца пры старой пасхаліі?

У перадачы бяруць удзел Апостальскі візытатар для беларусаў-грэка-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан, прафэсар Маскоўскага Сьвята-Ціханаўскага багаслоўскага інстытуту дыякан Андрэй Кураеў ды іншыя. Падрыхтаваў і вядзе перадачу Сяргей Абламейка.


“Экспэртыза Свабоды”. Ці існуюць у Беларусі сапраўдныя палітычныя лідэры, палітычныя імёны? 6 красавіка

Чаму на пачатку 1990-х у краіне было тры палітыкі, чыя папулярнасьць была прыкладна роўная – Шушкевіч, Кебіч і Пазьняк, а цяпер Лукашэнка пераўзыходзіць усіх? Якія мэханізмы вылучэньня лідэраў могуць спрацаваць у Беларусі?

Пра праблемы палітычнага лідэрства разважаюць у адмысловай “Экспэртызе” галоўныя рэдактары газэтаў “Наша Ніва” Андрэй Дынько і “Советская Белоруссия” Павал Якубовіч. Перадачу падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.


“Вольная студыя”. 7 красавіка

Дзяржава пачала чарговы наступ на беларускі друк. Менскія культуралягічныя выданьні зноў апынуліся перад пагрозай закрыцьця. Перапалох у сталічных рэдакцыях выклікала чутка, што над беларускамоўнымі выданьнямі неўзабаве будзе прызначаны куратар ад улады Сяргей Касьцян…

Ці даюць падставы для аптымізму ў гэтай сытуацыі нешматлікія рэгіянальныя выданьні? У заўтрашняй “Вольнай студыі” слухайце гутарку Міхася Скоблы з рэдактарам маладэчанскага часопіса “Куфэрак Віленшчыны” Міхасём Казлоўскім.


“Літаратурны круглы стол”. Ці напішуць сучасныя беларускія паэты хваласьпевы цяперашняй уладзе дзеля захаваньня беларускага слова? 7 красавіка

Ці ёсьць нацыянальная паэзія першасным чыньнікам утварэньня незалежнае дзяржавы?

Ці апраўданае царапаклонства і камунапаклонства ранейшых беларускіх творцаў дзеля адстойваньня нацыянальных інтарэсаў?

Пра гэта разважаюць за нашым круглым сталом знаны літаратуразнаўца доктар філялёгіі Міхась Тычына і Ірына Багдановіч – аўтарка нядаўна выдадзенай кнігі “Авангард і традыцыя. Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэньня”. Праграму падрыхтавала і вядзе Валянціна Аксак.


“Праскі акцэнт”. 7 красавіка. Ці паўплываюць вынікі ўкраінскіх выбараў на дачыненьні Кіева і Менску?

Чаму на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах беларуская апазыцыя атрымала паразу, а ўкраінскія дэмакраты на нядаўніх прэзыдэнцкіх выбарах дасягнулі посьпеху? Чаму адрозна ад беларускіх дэмакратаў блёк “Наша Ўкраіна” не шукаў падтрымкі з боку Масквы?

На гэтыя тэмы разважаюць дырэктар украінскага Інстытуту палітыкі, адзін з ідэолягаў блёку “Наша Ўкраіна” Мікола Тамэнка і намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту Юры Хадыка. Перадачу падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.
XS
SM
MD
LG