Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ЗАЯЎЛЯЮЦЬ ПРА ЗЬНІЖЭНЬНЕ ЎВАГІ МІЖНАРОДНАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ ДА ПРАБЛЕМАЎ ЧАРНОБЫЛЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся сёньня з Кенза Ашыма, заявіў, што ААН і міжнародная супольнасьць пачалі забываць пра чарнобыльскія праблемы. Ён сказаў, што сама Беларусь за апошнія 10 гадоў на мінімізацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС накіравала каля 13 мільярдаў даляраў, у той час як дапамога ААН і міжнародных фінансавых інстытутаў склала менш за 10 мільёнаў даляраў. Лукашэнка крытыкаваў краіны-донары ў тым, што яны, паводле ягоных словаў, больш увагі надаюць стварэньню новага саркафагу над ЧАЭС, чым дапамозе людзям, якія пацярпелі ад аварыі. Ён лічыць, што сусьветная супольнасьць "проста абавязаная аказаць дапамогу беларускаму народу, які незаслужана пацярпеў у выніку аварыі".

Міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў, зь якім таксама сустракаўся намесьнік Генэральнага сакратара ААН Кенза Ашыма, паўтарыў тэзу Лукашэнкі пра зьмяншэньне ўвагі сусьветнай супольнасьці да чарнобыльскіх праблемаў.

Між тым, менавіта ААН выступіла сёлета з новымі праектамі гуманітарнай рэабілітацыі пацярпелых раёнаў. Адмысловая справаздача ААН на гэты конт была прадстаўленая сёлета 6 лютага.

Візыт намесьніка Генэральнага сакратара ААН, каардынатара міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва Кенза Ашыма ў Беларусь папярэднічае канфэрэнцыі краінаў-донараў чарнобыльскіх праектаў у Жэнэве, якая пачнецца 8 красавіка. Кенза Ашыма паабяцаў на гэтай канфэрэнцыі заклікаць прамыслова разьвітыя краіны сьвету да працягу дапамогі пацярпелым ад Чарнобылю нацыям. Беларусь будзе удзельнічаць у гэтай канфэрэнцыі і прапануе там тры свае праекты супрацоўніцтва ў справе развіцьця ў чарнобыльскіх раёнах прамысловасьці, фінансава-тэхнічнай дапамогі сельскай гаспадарцы і абароны здароўя дзяцей.

Урад Беларусі шмат спадзяваньняў ускладае на новую канцэпцыю ААН, згодна зь якой у пацярпелых раёнах трэба ствараць спрыяльныя эканамічныя ўмовы, што дазвалялі б насельніцтву самому вырашаць свае праблемы. У прыватнасьці, Генадзь Навіцкі паведаміў спадару Ашыму, што ўрад асабліва разьлічвае на прыцягненьне замежных інвэстыцыяў у пацярпелыя раёны і абяцае там забясьпечыць рэжым свабоднай эканамічнай зоны.
XS
SM
MD
LG