Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАХОДНЕЭЎРАПЕЙСКАЯ ПРЭСА ПРА НАСТУПСТВЫ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ


Алена Панкратава, Менск

“Нават праз 16 год пасьля катастрофы на ЧАЭС сытуацыя са станам здароўя беларускага насельніцтва ня можа не палохаць, Колькасьць захворваньняў лейкеміяй і ракам шчытападобнай залозы ў Беларусі і Ўкраіне павялічваецца, — пішуць нямецкае выданьне “Оberbayerisches Volksblatt” і аўстрыйскае “Der Standard”. Паводле дзіцячага лекара зь Вены Георга Мана, ня выключана, што “страшны канец чакае ўсіх нас, эўрапейцаў”. Як лічыць вядомы мэдык, трэба зыходзіць з таго, што дынаміка ракавых захворваньняў, выкліканых радыяцыяй, павінна актывізавацца, галоўным чынам, праз 30 год пасьля Чарнобыльскай катастрофы.

Швайцарскія выданьні “News “ і “Le Temps”, спасылаючыся на апошнія навуковыя дасьледаваньні эўрапейскіх глебаў, крытыкуюць, галоўным чынам, тагачасны францускі ўрад за злачыннае ўтойваньне сапраўдных маштабаў забруджаньня тэрыторыяў. Менавіта францускія фахоўцы запэўнівалі ўвесь сьвет, што аварыя на ЧАЭС ня ёсьць чымсьці надзвычайным. Насамрэч ступень забруджанасьці ападкаў, якія выпалі ў раёне Эльзаса, Паўднёвых Альпаў, на Корсіцы, на мяжы зь Нямеччынай, Швайцарыяй, была заніжаная ў тысячы разоў. Узровень радыяактыўнага ёду, які ўтрымліваўся ў прадуктах харчаваньня, вырабленых на гэтых тэрыторыях, быў недапушчальным і прывёў да раку шчытападобнай залозы сотні людзей. Паводле друку, “Францыя, аднак, імкнулася захаваць свой ядзерны арсэнал, бо агучаньне сапраўдных лічбаў прывяло б да спыненьня працы французскіх атамных станцыяў. Гэтага ніхто не хацеў дапускаць”.

Hямецкая “Оstsee-Zeitung”, спасылаючыся на беларускага навукоўца Васіля Несьцярэнку, піша, што нават ўсе гэтыя жудасныя эўрапейскія страты непараўнальныя з тымі праблемамі, якія напаткалі Беларусь. Як мінімум чвэрць тэрыторыі краіны застаецца забруджанай. Да 20% беларускага насельніцтва проста вымушаныя вырабляць і ўжываць радыёактыўныя прадукты харчаваньня. Беларусь, дзе ніколі не было ніводнага рэактара, на 70% вымушаная сама вырашаць наступствы гэтае катастрофы.

Паводле журналістаў нямецкай тэлекампаніі ZDF і выданьня “Berliner Zeitung”, сёньня многія навукоўцы ў краіне перакананыя, што велізарная плынь гэтак званых “чарнобыльскіх” грошай ў Украіну была проста неапраўданай. З 565 мільёнаў даляраў, накіраваных эўрапейскімі краінамі непасрэдна ў Чарнобыль, дакумэнтальна пацьверджаныя ўсяго толькі 30% выдаткаў. Паводле нямецкіх навукоўцаў, сярод якіх вядомы ў Беларусі бэрлінскі фізык, прэзыдэнт таварыства абароны ад выпраменьваньня Сэбаст’ян Пфлюгбайль, будаўніцтва другога саркафагу проста не патрэбнае, бо сам рэактар ужо даўно не ўяўляе ніякай небясьпекі для Эўропы. “У свой час заходнія экспэрты пабаяліся канстатаваць, што ядро рэактара ня толькі расплавілася, але проста поўнасьцю выбухнула. 95% з 200 тонаў урану і плютонію выпарыліся ў паветра. Аднак прызнаньне гэтых фактаў мела б наступствы і для заходняй канцэпцыі бясьпекі”.

У сваіх матэрыялах журналісты ZDF i "Berliner Zeitung" прыводзяць таксама меркаваньні ўкраінскіх экспэртаў. "Такія выказваньнія і дзіўныя, і небясьпечныя. Ніхто з замежных фахоўцаў яшчэ ня быў унутры рэактару".
XS
SM
MD
LG