Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

Віла, пахаваная пад попелам Вэзувія ў 79 годзе, была знойдзеная ў 1738 годзе. Падчас раскопак былі выяўленыя каля 1800 папірусных скруткаў з антычнымі тэкстамі, якія ўдалося расчытаць толькі ў 70-х гадох ХХ стагодзьдзя – сярод іх тыя, што лічыліся назаўсёды згубленымі. Падчас нядаўніх раскопак выявілася, што віла мае яшчэ адзін – падземны – паверх, у якім можа захоўвацца рэшта бясцэннай бібліятэкі. Аднак летась скончыліся выдзеленыя на праект грошы, а ў лістападзе памёр ягоны кіраўнік – ппрафэсар Марчэла Джыгантэ. Цяпер скарбам “Вілы Папірусаў” пагражае зьнішчэньне ад затапленьня вадою і аднаўленьня вульканічнай актыўнасьці.

ВАШЫНГТОН. Ляўрэатам сёлетняй Фолкнэраўскай прэміі амэрыканскага ПЭН-Клюбу стала пісьменьніца Эн Пэчэт, аўтар раману “Бэльканта”. У рамане апавядаецца, як у адной паўдзённаамэрыканскай краіне тэрарысты захапілі падчас элітарнай вечарыны групу багатых і славутых закладнікаў. Падчас доўгага чаканьня разьвязкі паміж тэрарыстамі й ахвярамі ўзьнікаюць розныя нечаканыя дачыненьні. Фолкнэраўская прэмія – найбольшая літаратурная прэмія ў Злучаных Штатах – была заснаваная ў 1980 годзе. Эн Прэчэт атрымае прэмію 15 тысяч даляраў на цырымоніі, якая адбудзецца 11 траўня ў Вашынгтоне.

НЬЮ-ЁРК. У Злучаных Штатах будзе апублікаваны першы раман, напісаны чорнай жанчынай. Рукапіс 150-гадовай даўніны быў знойдзены дасьледнікам афраамэрыканскай культуры Гарвардзкага Ўнівэрсытэту Генры Гейтсам. У ім невядомая аўтарка апісвае гісторыю свайго жыцьця – жыцьця маладой чорнай рабыні. Крытыкі выявілі ў тэксьце рукапісу ўплывы Гарыета Бічэр-Стоў і Чарлза Дыкенса. Рукапіс на 300 старонак будзе выдадзены з захаваньнем асаблівасьцяў арыгіналу, улучна з памылкамі і папраўкамі. Паводле дасьледнікаў – гэта адзіны ў сьвеце раман, напісаны чорнай рабыняй.

ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Пісьменьнік-фантаст Рэй Брэдбэры, аўтар славутых “Марсіянскіх хронікаў”, стаўся на гэтым тыдні 2913-й асобай, уганараванай зоркаю славы на ходніку Галівудзкага Бульвару. На цырымоніі адкрыцьця зоркі прысутнічаў мэр Галівуду Джым Ган, актор Чарлтан Гэстан ды іншыя славутасьці. Найбольшую славу 81-гадоваму Рэю Брэдбэры, які зь юнацкіх гадоў жыве ў Лос-Анджэлесе, прынесла кніга “451 градус паводле Фарэнгейта”, адаптаваная для кінаэкрана францускім рэжысэрам Франсуа Труфо.

ЛЁНДАН. Прыхільнікі Маргарэт Тэчэр у сераду чакалі ў чарзе чатыры гадзіны, каб атрымаць аўтограф “Жалезнай Лэдзі” на кнізе яе ўспамінаў у адной зь бібліятэк у цэнтры Лёндану. Чарга займала тры паверхі цэнтральных сходаў бібліятэкі. Адзін з прысутных прынёс на подпіс цэлых 12 асобнікаў мэмуараў экс-прэм’ера. 76-гадовая Маргарэт Тэчэр у мінулым месяцы на параду сваіх лекараў адмяніла ўсе публічныя выступы з прычыны слабога здароўя і некалькіх мікраінсультаў.
XS
SM
MD
LG