Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЦЭНТРАЛЬНЫМ СУДЗЕ МЕНСКУ АДБЫЛІСЯ АПОШНІЯ ПРАЦЭСЫ НАД УДЗЕЛЬНІКАМІ СЬВЯТОЧНАГА ШЭСЬЦЯ Ў ДЗЕНЬ ВОЛІ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзі Натальля Вайцяховіч і Тацяна Паўлючук разглядалі справы 33 чалавек восем дзён. У выніку чатыры чалавекі — лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, а таксама Вячаслаў Сіўчык, Зьміцер Дашкевіч і Віктар Кавешнікаў — арыштаваныя. Цімафей Дранчук паводле судовага прысуду таксама павінен адседзець 10 сутак у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку, але ён уцёк з суду перад агалошаньнем прысуду.

Яшчэ 16 чалавек пакараныя штрафамі 20 мінімальных заробкаў, а адзін — маладафронтавец Андрэй Ачапоўскі — паўтара мільёну рублёў. Астатнія атрымалі папярэджаньні. Некаторым з іх адміністрацыі прадпрыемстваў пагражаюць звальненьнем з працы.

Людміла Гразнова ўсе восем дзён прысутнічала на судовых паседжаньнях. Яна мяркуе, што прысуды затрыманым удзельнікам шэсьця дэманструюць настрой уладаў напярэдадні маючых адбыцца вулічных акцыяў.

(Гразнова:) "Пасьля Дня Волі Беларусь і міжнародная супольнасьць убачылі, што тут робіцца, у гэтай частцы Эўропы. Не далі прайсьці праспэктам простым людзям з кветачкамі. Так жорстка пахапалі! Трымалі цэлую ноч на Акрэсьціна на нарах, у брудзе, у вельмі дрэнных умовах. Потым пачаліся суды. Людзей трымалі ў "аўтазаках". Гэта было катаваньне. Як сказаў Павал Севярынец, калі выйшаў з суду, дзе яго судзіла Натальля Вайцяховіч: "15 сутак няволі за адзін Дзень Волі". Улады вельмі баяцца гэтых масавых акцыяў. Яны напалоханыя тым настроем, які сёньня ў грамадзтве. Каб запалохаць людзей, яны гэта й робяць. І толькі каб запалохаць. Але людзі ўсё роўна выйдуць".

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна сёньня ўтрымліваюцца Павал Севярынец і Вячаслаў Сіўчык. Зьміцер Дашкевіч і Віктар Кавешнікаў, якія ўчора выйшлі адтуль на волю, сядзелі разам з Паўлам у адной камэры. Вячаслава Сіўчыка трымалі асобна ад іх. Усе арыштаваныя атрымлівалі харчовыя перадачы ад сваіх паплечнікаў. Маладафронтаўцы ня скардзяцца на дрэнныя ўмовы, бо былі разам і мелі магчымасьць кантактаваць адзін з адным. Вячаслаў Сіўчык сядзіць у камэры зь людзьмі, арыштаванымі за дробнае хуліганства. Гэта так званыя "сямейныя дэбашыры".

На сьняданак ім звычайна прыносяць гарбату і кашу. На абед — суп, кашу і катлету. І так штодня. Учора Вячаслаў Сіўчык, калі выходзілі Віктар Кавешнікаў і Зьміцер Дашкевіч, крыкнуў у акно, каб яму перадалі цыгарэты. Вячаслаў Сіўчык аматар паленьня, а адной перадачай забаронена перадаваць больш за пяць пачкаў цыгарэт. Калі ўлічыць, што ў камэры яшчэ пяць чалавек, то, натуральна, адчуваецца востры дэфіцыт тытуню.

“Палітычных” канвой на шпацыр не выводзіць, і яны свае “суткі” адбываюць у камэры. Толькі раз на тыдзень яны могуць трапіць у душ.

Хутка ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку скончыцца рамонт. У пакоях адміністрацыі ўжо паклеілі шпалеры і пабялілі столі. У некаторых камэрах пафарбавалі сьцены. Але гэтая ўстанова так і не набыла больш цывілізаваны выгляд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG