Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ЧЫРВОНКУ" ЗАКРЫЛІ ЗА БЕЛАРУСКАМОЎНАСЬЦЬ


Валер Каліноўскі, Менск

Сакратарыят Таварыства беларускай мовы рыхтуе пратэст з нагоды фактычнай ліквідацыі беларускамоўнай газэты "Чырвоная змена".
Гаворыць намесьнік старшыні ТБМ Сяргей Кручкоў:

(Кручкоў: ) “Мы заўсёды незалежна ад ідэалёгіі выданьня падтрымлівалі беларускамоўныя выданьні. Лічу, што гэта проста абуральны факт — закрыцьцё чарговага беларускамоўнага выданьня. Трэба сапраўды зьвяртацца да грамадзкасьці ды запытацца ва ўладаў, чаму не зачыняецца, напрыклад, "Советская Белоруссия", а закрываюцца беларускамоўныя выданьні. Напэўна, разгортваецца нейкая мэтанакіраваная кампанія супраць беларускамоўных друкаваных выданьняў”.

Былы галоўны рэдактар іншай моладзевай газэты "Знамя Юности", Аляксандар Класкоўскі выказвае расчараваньне дзеяньнямі ўраду і шкадуе з нагоды фактычнага зьнікненьня "Чырвонай змены" — адзінай беларускамоўнай газэты для моладзі:

(Класкоўскі: ) "Гэта хоць і сумная, але мне здаецца, пэўная заканамернасьць. Таму што, як ні шкада, гэта ідзе ў рэчышчы сёньняшняй афіцыйнай палітыкі ў дачыненьні да беларускай мовы, да беларускай культуры. Калі няма шчырага жаданьня, калі няма адчуваньня важнасьці гэтага, то, натуральна, будуць знаходзіцца нейкія падставы (у дадзеным выпадку, як я разумею, найперш фінансавыя) для таго, каб прымаць такія вельмі недальнабачныя рашэньні. Таму што нацыянальная моладзевая газэта у 10-мільённай краіне магла б існаваць. Нават у сёньняшняй эканамічнай сытуацыі можна было б яе падтрымаць, бо не такія грошы ідуць на нейкія праекты кшталту пампезных фэстываляў, славянскіх базараў. На іх куды большыя ідуць грошы”.

Аляксандар Класкоўскі лічыць, што працэс ліквідацыі беларускамоўнай прэсы пры цяперашнім урадзе будзе працягвацца — з той жа спасылкай на брак фінансавых сродкаў у бюджэце і з прычыны абыякавасЬці дзяржаўных чыноўнікаў.

Рэдактар нядаўна закрытай недзяржаўнай газэты "Пагоня" з Горадні Мікола Маркевіч лічыць, што справа зусім не ў абыякавасьці чыноўнікаў, што рэалізуецца адмысловы плян:

(Маркевіч: ) "Сёньня я магу проста з фактамі на руках сьцьвярджаць, што фактычна дзейнічае д'ябальскі плян па знішчэньні менавіта беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы. Я не кажу пра ўсе астатнія моманты, зьвязаныя з беларускасьцю: культуру, адукацыю, а пра вельмі вузкі сэгмэнт — беларускамоўны друк. Я ўпэўнены, што ўлада паставіла сама сабе плян і зараз яго зьдзяйсьняе з упартасьцю, вартай лепшага выкарыстаньня”.

Прыкладамі такой кампаніі Мікола Маркевіч назваў закрыцьцё "Радыё 101,2", газэтаў "Свабода", "Пагоня", перадачы "Голас Душы" на дзяржаўным радыё. Тое, што "Чырвоная змена" была ўрадавым і падцэнзурным выданьнем, не ўратавала яе ад закрыцьця, таму што яна беларускамоўная:

(Маркевіч: ) "Гэта нягледзячы на тое, што яна ўрадавая, дзяржаўная газэта, нягледзячы на тое, што гэта газэта, якая ніколі не вызначалася дэмакратычнымі падыходамі ў асьвятленьні падзеяў. Але відавочна, што для тых людзей, якія паставілі гэты плян, галоўны крытэр — гэта беларуская мова. Зь беларускай мовы заўсёды можа быць у патэнцыяле пратэст супраць дыктатуры, супраць імпэрыі. Гэта фактычна адзінае адрозьненьне, адзіны парог, адзіная плаціна, якая аддзяляе Беларусь ад Паўночна-Заходняга краю. І менавіта таму беларуская мова ёсьць галоўным ворагам сёньняшніх уладаў”.
XS
SM
MD
LG